Эўрапарлямэнт 19 чэрвеня ўхваліў рэкамэндацыі наконт дапамогі шасьці краінам-удзельніцам праграмы «Ўсходняга партнэрства» на пэрыяд 2021–2027 гг. За прыняцьце рэкамэндацый прагаласавалі 507 эўрадэпутатаў, супраць — 119, устрымаліся — 37.
Рэкамэндацыі адрасуюцца Радзе ЭЗ, Эўрапейскай камісіі і Высокаму прадстаўніку ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі, якія вызначаюць і ажыцьцяўляюць палітыку Брусэлю адносна шасьці краін праграмы «Ўсходняга партнэрства»: Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.
Праект рэкамэндацый быў падрыхтаваны для абмеркаваньня на сёлетнім саміце «Ўсходняга партнэрства», які, аднак, з прычыны пандэміі COVID-19 не адбыўся. Замест саміту Брусэль 18 чэрвеня правёў відэаканфэрэнцыю з удзелам кіраўнікоў Эўразьвязу і краін «Усходняга партнэрства». Беларусь на гэтым «дыстанцыйным саміце» прадстаўляў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка. Пасьля відэаканфэрэнцыі прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль заявіў, што чарговы саміт «Усходняга партнэрства» адбудзецца ў сакавіку 2021 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз пацьвярджае намер вылучыць 1 млрд эўра краінам «Усходняга партнэрства», сярод якіх БеларусьСьпіс рэкамэндацый, як разьвіваць супрацоўніцтва Эўразьвязу з краінамі «Ўсходняга партнэрства», займае каля 15 старонак. Прапануем выбраныя рэкамэндацыі, якія тычацца падтрымкі грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнага выбарчага працэсу і адукацыі ў краінах «Усходняга партнэрства».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьмены палохаюць толькі слабых» — уплывовыя эўрадэпутаты прапанавалі Лукашэнку два сцэнарыПрыняты дакумэнт выразна адзначае, што хоць праграма «Ўсходняга партнэрства», распачатая ў 2009 годзе, не прадбачвае далучэньня да Эўразьвязу для яе шасьці ўдзельнікаў, але яна «можа аблягчыць працэс паступовай інтэграцыі з Эўразьвязам».
У прыватнасьці, Эўрапарлямэнт парэкамэндаваў дырэктыўным органам і кіраўнікам Эўразьвязу:
- Захоўваць «збалянсаваны падыход» да ўсіх краін «Усходняга партнэрства» і пазьбягаць «расколу па лініі амбіцый адносна ўступленьня ў ЭЗ», нягледзячы на тое, што некаторыя з краін прасунуліся далей у выкананьні праграмы, чым іншыя (Грузія, Малдова і Ўкраіна падпісалі з Эўразьвязам пагадненьні аб асацыяцыі).
- Аказаць краінам «Усходняга партнэрства» большую фінансавую дапамогу ў рамках бюджэту ЭЗ на пэрыяд 2021–2027, які цяпер на стадыі абмеркаваньня.
- Дапамагчы краінам «Усходняга партнэрства» сфармаваць якасную дзяржаўную адміністрацыю шляхам часовага працаўладкаваньня іх чыноўнікаў у адпаведных установах у краінах ЭЗ. ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе з «Усходнім партнэрствам»? Чатыры сцэнары
- Дапамагчы правядзеньню выбарчых рэформаў з мэтай забесьпячэньня свабодных, справядлівых, канкурэнтных і празрыстых выбараў.
- Забясьпечыць рэгулярныя эўрапейскія місіі назіраньня за выбарамі ў краіны «Ўсходняга партнэрства», каб падтрымаць працэс умацаваньня інстытутаў, выбарчых працэсаў і дэмакратычнай падсправаздачнасьці.
- Забясьпечыць, каб існуючыя і новыя ядзерныя ўстаноўкі ў краінах «Усходняга партнэрства» адпавядалі самым высокім стандартам экалягічнай і ядзернай бясьпекі ў адпаведнасьці зь міжнароднымі канвэнцыямі; гарантаваць, што небясьпечныя энэргетычныя праекты, такія як Астравецкая АЭС, ня стануць часткай эўрапейскай электрасеткі.
- Узмацніць мабільнасьць працоўнай сілы паміж краінамі ЭЗ і «Ўсходняга партнэрства», з моцным акцэнтам на законнасьць і ўстойлівасьць працэсу, які дазваляе абмяняцца навыкамі і досьведам, пазьбягаючы ўцёкаў мазгоў і недахопу мясцовай працоўнай сілы.
- Падтрымаць адукацыйныя рэформы ў тых краінах «Усходняга партнэрства», якія іх жадаюць; пашырыць фінансаваньне і ўдзел краін «Усходняга партнэрства» ў адукацыйных і прафэсійных праграмах абмену, такіх як Erasmus + і Creative Europe.
- Умацаваць акадэмічнае і адукацыйнае супрацоўніцтва паміж краінамі ЭЗ і «Ўсходняга партнэрства».
- Стварыць Унівэрсытэт «Усходняга партнэрства» ва Ўкраіне.
- Стварыць праграмы ў спэцыялізаваных унівэрсытэтах і электронныя адукацыйныя плятформы для онлайн-курсаў, арыентаваных на эўрапейскія каштоўнасьці. ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкі аналітык пра тое, чаму «прыціснулі» Бабарыку і Ціханоўскага
- Пачаць пілётны праект, накіраваны на стварэньне Адкрытага навуковага і інавацыйнага цэнтру «Ўсходняга партнэрства» і сеткі тэматычных цэнтраў, разьмешчаных у кожнай краіне «Ўсходняга партнэрства», для аказаньня падтрымкі і паслуг у галіне навукова-дасьледчай працы.
- Працягваць шырокі дыялёг з удзельнікамі грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» і павышаць падтрымку дзейнасьці дэмакратычна арыентаваных арганізацый грамадзянскай супольнасьці.
- Працягваць аказваць структурную і фінансавую падтрымку іншым арганізацыям, якія дапамагаюць незалежным прадэмакратычным актывістам грамадзянскай супольнасьці.
- Падтрымаць свабодныя СМІ і пашыраць свабоду слова ў якасьці асноўнага прынцыпу, а таму падтрымліваць дэмакратычны, незалежны, плюралістычны і збалянсаваны мэдыйны ляндшафт у краінах «Усходняга партнэрства».
-
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамовы Беларусі і Расеі аб інтэграцыі закранаюць інтарэсы Эўразьвязу, — прадстаўнік Эўрапарлямэнту