Таболіч не сабраў 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты і сышоў з выбарчай кампаніі 

Алесь Таболіч

Музыка і майстар татý​ Алесь Таболіч падзякаваў сябрам, прыхільнікам і ўсім патрыётам Беларусі, якія паставілі свой подпіс у ягоную падтрымку на вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты. На гэтым кампанію завяршыў​ — каманда зрабіла шмат, але сабраць неабходныя 100 000 подпісаў не ўдалося.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Шчыра кажучы, дастатковую колькасьць сабралі ўсяго некалькі кандыдатаў, астатнім дапамагаюць іхныя куратары, каб мець для ўлады спойлераў, — напісаў Алесь на сваёй старонцы ў Facebook. — Я тапіў за Беларусь і далей буду гэта рабіць. Я прыцягваў увагу да нацыянальнай культуры, адраджэньня і буду займацца гэтым надалей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апошні дзень збору подпісаў на выбарах у Беларусі — 19 чэрвеня. Што чакаецца далей

Ён выказаў шкадаваньне, што ня ўсе прэтэндэнты мелі выразную пазыцыю ў пытаньнях незалежнасьці і нацыянальнай ідэі, спрабуючы спадабацца з усіх бакоў, многія забываюцца, што Беларусь — гэта ня фірма, а яе сувэрэнітэт ня можа быць прадметам гандлю і ставіцца пад пагрозу.

«Не абапіраючыся на шматвекавую гісторыю, нельга пабудаваць будучыню. Гісторыя, нацыянальныя каштоўнасьці і незалежнасьць павінны аб’яднаць беларусаў. Але тое, з чым мы сутыкаемся апошнім часам, ні ў якім разе не яднае нас і не стварае годных умоваў для жыцьця і творчасьці», — адзначыў Алесь Таболіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына расказала, колькі подпісаў ужо здалі патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты

Ва ўмовах, калі працу выбарчых штабоў кандыдатаў рэзка абмежавалі, распачалі крымінальныя справы супраць Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага і больш за 40 іхных паплечнікаў затрымалі, калі завялі сотні адміністрацыйных справаў за дазволеныя пікеты для збору подпісаў і дзясяткі справаў супраць журналістаў, немагчыма разьлічваць на правядзеньне роўных і справядлівых выбараў, — перакананы Таболіч.

«Я заклікаю ўсіх кандыдатаў сесьці за стол перамоваў, каб спакойна і ўзважана абмеркаваць праблемы, насьпелыя ў грамадзтве, і прыйсьці да адэкватных рашэньняў на карысьць Бацькаўшчыны і народу нашай краіны. Выбары павінны быць бязь ціску, рэпрэсіяў, перасьледу — з роўнымі ўмовамі для ўсіх кандыдатаў», — падсумаваў музыка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ТБМ заявіла, што не падтрымае кандыдатаў на прэзыдэнцтва, якія ігнаруюць беларускую мову

Ён заявіў, што здымае сваю кандыдатуру зь перадвыбарнай гонкі і, мажліва, падтрымае таго кандыдата, які мецьме блізкую яму і ягоным паплечнікам пазыцыію ў захаваньні і абароне незалежнасьці, зьберажэньні традыцыяў і нацыянальных каштоўнасьцяў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.