Кіраўнік Інстытуту сацыялёгіі Акадэміі навук Беларусі Генадзь Коршунаў зьняпраўдзіў Свабодзе зьвесткі, якія распаўсюдзілі ў шэрагу СМІ са спасылкай на Інстытут сацыялёгіі Нацыянальнай Акадэміі навук.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
18 чэрвеня шэраг СМІ, у тым ліку тэлеканал Euronews, апублікавалі інфармацыю аб рэйтынгу прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта са спасылкай на Інстытут сацыялёгіі Акадэміі навук Беларусі.
У публікацыях прыводзілі наступныя лічбы:
- Віктар Бабарыка — 58,2%
- Сьвятлана Ціханоўская —20,4%
- Валер Цапкала — 15,7%
- Аляксандар Лукашэнка — 3,8%
Дырэктар Інстытуту сацыялёгіі Генадзь Коршунаў у размове са Свабодай зьняпраўдзіў гэтую інфармацыю. Лічбы распаўсюдзіў telegram-канал «Трикотаж», які ня мае нічога супольнага з інстытутам. У апублікаванай інфармацыі пісалі пра тэлефоннае апытаньне, але тэлефонныя апытаньні аб рэйтынгу «ня робяцца».
«9 чэрвеня тэлеграм-канал „Трикотаж“ запусьціў фэйкавую інфармацыю, — апавядае Генадзь Коршунаў. — Пра тое, што Інстытут сацыялёгіі сумесна з Інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў правялі тэлефоннае апытаньне.
Кожнаму прафэсіяналу гэта відавочна, бо тое, што яны пісалі пра выбарку ў 2300 — ні пра што ня кажа. Калі мы бяром агулам краіну, без разьбіўкі на вобласьці і насельніцтва, дастаткова 600 званкоў. Для глыбейшага аналізу трэба 1500. Тэлефонныя апытаньні аб рэйтынгу не працуюць, робіцца клясычнае апытаньне па кватэрах».
Апытаньне па кватэрах праводзіцца наступным чынам:
«Мы выпадкова абіраем раённыя цэнтры, гарады і паселішчы. Тады спраўджваецца прынцып імавернасьці. Выпадкова абралі паселішча, там выпадкова абралі, напрыклад, вуліцы, якія пачынаюцца на літару „Б“ ці ў назьве якіх ёсьць літара „О“», — кажа Генадзь Коршунаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Саша Тры Працэнты і беларускі Навальны». Расейскія СМІ пра Лукашэнку і ягоных апанэнтаў на выбарах
«Дасьледаваньне аб рэйтынгу спынілася ў красавіку»
У красавіку дасьледаваньне аб рэйтынгу прыпынілі праз сытуацыю з каранавірусам, бо «людзі проста не адчынялі дзьверы».
«Актуальнай інфармацыі аб рэйтынгах у Інстытуце няма. Дасьледаваньне прыпынілі ў красавіку», — падсумоўвае Генадзь Коршунаў.
Раней інтэрнэт-рэсурсы праводзілі свае апытаньні аб рэйтынгу прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду. У іх Аляксандар Лукашэнка набіраў 3–6%, але пазьней такія апытаньні СМІ рабіць забаранілі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.