Які завочны дыялёг адбываўся цягам двух тыдняў у публічнай прасторы паміж нязьменным кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і патэнцыйным кандыдатам у прэзыдэнты Віктарам Бабарыкам перад затрыманьнем апошняга 18 чэрвеня — у цытатах.
4 чэрвеня. Лукашэнка «Што такое „ПрыватЛізінг“»
Аляксандар Лукашэнка, не называючы імёнаў, згадаў кампанію «ПрыватЛізінг» і намякнуў на махлярства. Ён прасіў спытаць аднаго з патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, «што такое „ПрыватЛізінг“» і «дзе грошы трымае, якія ашуканскім чынам атрымаў у Беларусі».
Як пазьней расказаў Віктар Бабарыка, кампанія «ПрыватЛізінг» — адзін з кліентаў «Белгазпрамбанку», якім ён кіраваў 20 гадоў.
4 чэрвеня. Бабарыка: «Я буду ісьці да канца»
Вечарам 4 чэрвеня на сустрэчы зь віцяблянамі Віктар Бабарыка заявіў, што падчас гэтай прэзыдэнцкай кампаніі пойдзе да канца.
10 чэрвеня. Лукашэнка: «Прашарсьціць пузатых буржуяў»
Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Прэзыдэнт даручыў выпрацаваць схему з генэральным пракурорам, падключыць Камітэт дзяржаўнага кантролю, сьледчыя органы і «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
11 чэрвеня. Бабарыка: «Прамога кампрамату на мяне няма»
11 чэрвеня Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Беларусі пацьвердзіў, што ў дачыненьні да былых і цяперашніх супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку», якім кіраваў прэтэндэнт на пост прэзыдэнта Віктар Бабарыка, завялі крымінальную справу. У банку, а таксама ў шэрагу прыватных фірмаў «Кентаўр», «Кампары» і «Прыватлізінг» прайшлі ператрусы.
Віктар Бабарыка правёў кароткі стрым са свайго штабу, падчас якога заявіў, што прамога кампрамату на яго няма.
«Сёньня пачалі адбывацца дзеяньні, якія паказваюць з поўнай яснасьцю, што прадстаўнікі сёньняшняй улады рэальна гатовыя выкарыстоўваць любыя сродкі для недапушчэньня ў нашай краіне сумленных выбараў. Увесь цынізм гэтых дзеяньняў палягае ў тым, што яны накіраваныя не на мяне, яны накіраваныя на маіх сяброў, на людзей, зь якімі я працаваў.
Чаму гэта зроблена? Таму што прамога кампрамату на мяне няма, і ёсьць вялікая надзея, што людзей запужаюць, прымусяць гаварыць няпраўду, агаворваць сябе і іншых людзей. Я магу з дакладнасьцю заявіць, што адзіным правільным спосабам паводзінаў у гэтай сытуацыі і адказам на самавольства і беззаконьне зьяўляецца працяг нашых дзеяньняў, працяг нашай барацьбы».
Пазьней ён заявіў, што «дзеяньні сьледчых носяць палітычны характар».
12 чэрвеня. Лукашэнка: «Нягоднік», «Шайка-лейка», «Рыльца ў пушку», «Трэба — сядуць»
Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня Полацку выказаўся пра справу «Белагазпрамбанку» і відавочна ягонага экс-кіраўніка, якога ні разу не назваў па імені.
- «Што мяне ўразіла: гэты нягоднік, інакш не назаву: я, маўляў, ні пры чым, да мяне прэтэнзій ніхто ня мае, гэта яны там... Слухайце, яны ўсе былі ня толькі ў яго намесьнікамі. Гэта адна шайка-лейка. Мы гэта бачым з 2016 году. Мы гэта бачылі. Навошта ж ты на іх валіш сёньня? Ты быў кіраўніком, яны ў цябе намесьнікамі. І ўсё, што там тварылася, магло без кіраўніка адбывацца? Не».
- «Але ён не разумее іншага. Калі яго саўдзельнікаў адправілі на нары, яны ўжо ўчора ўвечары ўсё расказалі. За 2 гадзіны прынесьлі 14 тысяч даляраў, потым яшчэ 600 тысяч або 800 тысяч даляраў. Там зьліткі золата, карціны, усё прынесьлі адразу, толькі не чапайце. Зь імі акуратна абышліся. Яны ўсе расказваюць. Таму яму давядзецца гэта ўсё расказаць».
- «Калі рыльца ў пушку, ня лезь туды. Таму што цябе размачаліць сам народ. Чаго палез — бо зразумеў, што да яго прыйдуць і надзенуць кайданкі. А ў нас жа цяпер выгадна займацца палітыкай, каб стаць вязьнем сумленьня. Вось чаму ён пайшоў туды (у прэзыдэнцкую кампанію. — РС). Але гэта яму не дапаможа».
- «І я хачу, каб ён трапіў на выбары. Каб ён прыйшоў і расказаў, адкуль уласнасьць на Кіпры, як пры такой „лукашэнкаўскай дыктатуры“ ён стварыў гэтую ўласнасьць, як ён хабар даваў, дзяліў грошы, чаму замежны банк гэтым займаўся... гэта ўсё трэба расказаць беларусам. І яны няхай потым вызначацца. Але вязьнем сумленьня мы яго ня зробім».
- «Будуць адказваць па законе. Трэба — сядуць. Перад законам усе роўныя».
- «Усё, што скраў, вярні народу. Магчыма, суд гэта улічыць».
13 чэрвеня. Бабарыка: «Мы да гэтага былі гатовыя»
Віктар Бабарыка ў інтэрвію РБК сказаў:
«Мы зрабілі ўсё, каб дайсьці да 9 жніўня, нават калі я буду па-за доступам. У нас ёсьць заканадаўства, і яно выразна вызначае, хто ня можа быць дапушчаны да выбараў, і нават затрыманы чалавек можа быць дапушчаны, таму ў нас усё падрыхтавана на той выпадак, калі я нечакана прападу».
У тым жа інтэрвію Бабарыка папярэдзіў пра відэазвароты, якія ягоная каманда падрыхтавала на выпадак ягонага затрыманьня:
«Не хвалюйцеся, мы да гэтага былі гатовыя. Мы „на аддаленцы“ прывыклі працаваць, вось лічыце, што, калі што, гэта будзе размова з народам „па аддаленцы“. І ў нас такія сцэнары ёсьць і да 9 жніўня, і далей. Усё ёсьць. Што рабіць — мы ведаем. Не гаворым пра гэта мы не таму, што баімся, а таму што пакуль гэта бессэнсоўна»
17 чэрвеня. Бабарыка: «Такога разгулу беззаконьня ня бачыў»
У эфіры расейскага выданьня «Эхо Москвы» Бабарыка заявіў, што «такога разгулу беззаконьня, якое дзеецца цяпер, ня бачыў: парушаныя ўсе нормы». Ён перакананы, што калі яго не зарэгіструюць кандыдатам, гэта будзе «ня проста непрызнаньне выбараў, а прызнаньне ўладай сваёй слабасьці».
18 чэрвеня. затрыманьне Бабарыкі
Віктара Бабарыку затрымалі разам з сынам Эдуардам пасьля допыту ў Дэпартаменце фінансавых расьсьледаваньняў.
«Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў у эфіры дзяржаўнага тэлебачаньня старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Іван Тэртэль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Дзяржкантролю расказаў, за што затрымалі Віктара Бабарыку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сын Віктара Бабарыкі знаходзіцца ў СІЗА КДБ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дамах сям'і Бабарыкаў праходзіць ператрус, самога Віктара Бабарыку і ягонага сына дапытваюць. ФОТА, ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманьне Бабарыкі: чаму Лукашэнка перадумаў