Сын Віктара Бабарыкі знаходзіцца ў СІЗА КДБ

Эдуард і Віктар Бабарыкі, архіўнае фота

Сын патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і кіраўнік ягонага выбарчага штабу Эдуард Бабарыка знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Пра гэта паведаміла ў Фэйсбуку дзяўчына Эдуарда Аляксандра Зьверава.

«Толькі што са мной зьвязаўся дзяжурны хтосьці і паведаміў, што Эдзік знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Яго абвінавачваюць па артыкуле «ўхіленьне ад выплаты падаткаў», — напісала Аляксандра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дамах сям'і Бабарыкаў праходзіць ператрус, самога Віктара Бабарыку і ягонага сына дапытваюць. ФОТА, ВІДЭА

Раніцай 18 чэрвеня патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард перасталі выходзіць на сувязь. Ад штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты стала вядома, што іх трымаюць у Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў і дапытваюць, адвакатаў да іх не пусьцілі.

У дамах сям’і Бабарыкаў праходзяць ператрусы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Дзяржкантролю расказаў, за што затрымалі Віктара Бабарыку

Пазьней старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Іван Тэртэль у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміў, што патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыку затрымалі за спробу ўплыву на сьведак і хаваньне доказаў злачынства.

«Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў Тэртэль.

Паводле Тэртэля, КДК вядзе працу па двух кірунках. Адзін зь іх — махінацыі з вэксалямі на суму звыш 60 мільёнаў даляраў, адна са структураў, якія ўдзельнічала ў гэтым, — латвійскі банк ABLV. «Паводле дадзеных, якія мы атрымалі ад нашых латвійскіх калегаў, за некалькі гадоў у інтарэсах гэтага банку на яго рахункі з рахункаў „Белгазпрамбанку“ было выведзена звыш 430 мільёнаў даляраў ЗША», — сказаў старшыня КДК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працягнем працаваць, магчыма, яшчэ больш актыўна»: затрыманьне Бабарыкі пракамэнтавалі ў яго выбарчым штабе

Днём раней быў арыштаваны выбарчы фонд Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.

У той дзень Бабарыка расказаў, што ў «справе „Белгазпрамбанку“», якім ён кіраваў 20 гадоў, затрымалі два дзясяткі чалавек. Арыштавалі і каардынатарку штабу Бабарыкі, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Бабарыка ацэньвае «справу „Белгазпрамбанку“» як атаку асабіста на яго: ён згадваў пра загад Лукашэнкі «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў».