Украіна лічыць Расею краінай-агрэсаркай і ўвяла санкцыі да яе кампаніяў, але тыя шукаюць магчымасьці трапіць на рынак праз трэція дзяржавы.
Міністэрства разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі Ўкраіны прааналізуе гандаль зь Беларусьсю і краінамі Балтыі, каб спыніць увоз на ўкраінскую тэрыторыю прадукцыі расейскіх кампаніяў, супраць якіх дзейнічаюць санкцыі.
«Нам пастаўляюць сюды праз так званыя трэція краіны —- і Беларусь, і Балтыю, і іншыя краіны — купу прадукцыі нават тых кампаніяў, якія знаходзяцца пад санкцыямі. Такога быць не павінна. Мы праводзім аналіз, ён не такі просты, але лічбы паказваюць —- мы працягваем ня тое што гандляваць, а імпартаваць з краіны-агрэсаркі. Гэта не зусім правільна», — сказаў на прэсавай канфэрэнцыі міністар разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі Ігар Пятрашка.
Міністар таксама зьвярнуў увагу, што ў замежным гандлі Ўкраіна мае адмоўнае сальда, 70% якога фармуе гандаль зь Беларусьсю, Казахстанам і Расеяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна абмежавала пастаўкі запалак зь Беларусі і Расеі, абвінаваціла іх у дэмпінгу«Трэба разумець, што з гэтым рабіць, бо там ня толькі сыравіна». У той жа час Ігар Пятрашка не ўдакладніў, якая расейская прадукцыя пастаўляецца менавіта празь Беларусь.
Адным з магчымых шляхоў зьмяншэньня паставак расейскай прадукцыі ён назваў стварэньне дзяржаўнай праграмы імпартазамяшчэньня.
Паводле афіцыйнай статыстыкі Ўкраіны, у студзені—красавіку аб’ём украінскіх паставак у Беларусь скараціўся ў параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам на 6,1%, да 453,5 мільёна даляраў, а беларускіх паставак ва Ўкраіну -— на 20,1%, да 836,9 мільёна даляраў.
Украіна экспартавала ў Расею прадукцыі на 889,2 мільёна даляраў (на 13,9% менш, чым летась у студзені—красавіку), і імпартавала з Расеі на 1,564 мільярд даляраў (менш на 37,8%).
Што пастаўлялі празь Беларусь
Найбольш гучнымі ў часе ўкраінска-расейскага канфлікту сталі пастаўкі празь Беларусь ва Ўкраіну вугалю з Расеі і акупаванага Данбасу. Як высьветлілася ў часе расьсьледаваньня Радыё Свабода, вугаль не фігураваў ва ўкраінскай статыстыцы гандлю зь Беларусьсю, а фіксаваўся як расейскі — паводле краіны паходжаньня прадукцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куды зьнік беларускі вугаль? У Дзяржастаце Ўкраіны пракамэнтавалі гандлёвую статыстыку БеларусіБеларусь жа ўключала гэтыя пастаўкі ў сваю гандлёвую статыстыку з Украінай. Цяпер Служба бясьпекі Ўкраіны расьсьледуе прынамсі дзьве крымінальныя справы, зьвязаныя з пастаўкамі беларускімі кампаніямі вугалю з акупаванага Данбасу.
Летась Украіна зафіксавала найбольшы за ўсю гісторыю гандлёвых дачыненьняў аб’ём пастаўкі бульбы зь Беларусі. У Кіеве падазравалі, што гэта рээкспарт з Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь істотна павялічыла пастаўкі бульбы ва Ўкраіну. У Кіеве сьцьвярджаюць, што гэта рээкспарт з РасеіУ 2019 годзе Беларусь выйшла на першае месца ў аб’емах пастаўкі ва Ўкраіну анчоўсаў. Апроч Беларусі, аналягічную прадукцыю ва Ўкраіну пастаўляла толькі Гішпанія. Анчоўсы пастаўлялі на ўкраінскі рынак пад кодам 305630000, то бок прадукцыі, вырабленай з марской рыбы сямейства анчоўсавых Engraulis, якую не вырошчваюць у штучных умовах. Ідзецца ўжо пра гатовую прадукцыю — сушаную, адвараную ці засоленую.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь выбілася ў лідэры паставак анчоўсаў ва ЎкраінуУкраінскія санкцыі супраць Расеі
Пасьля анэксіі Расеяй Крыму і пачатку вайны на Данбасе ў 2014 годзе краіны Эўропы і ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць расейскіх кампаніяў і фізычных асобаў, датычных да агрэсіўных дзеяньняў супраць Украіны. Кіеў уключыўся ў санкцыйную вайну ў канцы 2015-га.
Ад таго часу ўкраінскі ўрад паступова пашыраў пералік гандлёвых абмежаваньняў, у тым ліку і праз антыдэмпінгавыя расьсьледаваньні. У траўні 2019-га забаранілі пастаўкі расейскага цэмэнту і драўняных вырабаў, а з 1 жніўня ўвялі адмысловае мыта на ўсе віды прадукцыі расейскага паходжаньня. Выключэньні толькі для вугалю, коксу, бэнзіну, звадкаванага газу і фармацэўтычнай прадукцыі. На іншыя тавары забарона ў гандлі афіцыйна ня ўводзілася. Але кампаніі абавязаныя абмежаваць супрацу з Расеяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра «беларускага алігарха» Вараб’я, які нібыта пастаўляе расейскі вугаль ва ЎкраінуКрытычную для Ўкраіны прадукцыю з свайго боку абмежавала і Расея — з 1 чэрвеня 2019 году спынілася пастаўка сырой нафты і зьмянілася сыстэма экспарту нафтапрадуктаў на ўкраінскі рынак. Каб пастаўляць дызэльнае паліва і бэнзін, трэба атрымаць спэцыяльны дазвол Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі.
Пад санкцыі трапілі і два беларускія прадпрыемствы — менскае ААТ «Мир пива» (яно гандлявала з самаабвешчанаю ДНР праз Растоў і фігуруе ў крымінальнай справе, адкрытай супраць аўтара адпаведнай схемы гандлю, грамадзяніна Ўкраіны) і Мазырскі сьпіртагарэлачны завод. Украінскім прадпрыемствам забаронена мець зь імі гандлёвыя апэрацыі як мінімум да траўня 2021 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне завялі справу аб тэрарызьме з прычыны паставак вугалю з «ДНР» празь Беларусь і ЭўропуЛіквідаваць шэрыя схемы складана
Ад моманту ўвядзеньня санкцыяў экспэрты прагназавалі, што пэўны час пасьля забаронаў украінская прадукцыя будзе прадстаўленая на расейскім рынку, а расейская — на ўкраінскім, хоць і ў значна меншым аб’ёме. Бо бізнэсоўцам прасьцей знайсьці абыходны шлях, чым шукаць новыя рынкі. Адзін з такіх шляхоў — «ачышчаць» паходжаньне сваёй прадукцыі на тэрыторыі Беларусі, якая стала фактычна буфэрнаю зонаю паміж Расеяй, Украінай і Эўрапейскім Зьвязам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Санкцыйная вайна паміж Расеяй і Ўкраінай. Хто больш плаціць за абмежаваньні?Дырэктар Інстытуту эканамічных дасьледаваньняў і палітычных кансультацыяў Ігар Буракоўскі ў інтэрвію Свабодзе сьцьвярджаў, што ліквідацыя шэрых схемаў — пытаньне найперш да мытных органаў, якія павінны адсочваць таварныя патокі:
«Таму трэба інтэнсыфікаваць супрацу і на палітычным узроўні, найперш каб дзяржава, прадпрымальнікі якой выкарыстоўваюць адпаведныя магчымасьці, таксама кантралявала адпаведныя патокі. Гэта тэма асобнай і вельмі няпростай прафэсійнай, эканамічнай і юрыдычнай размовы».
Паводле яго, праблему шэрых схемаў магчыма вырашыць толькі ў выпадку больш аб’ёмных санкцыяў, аналягічных тым, што ўводзіліся супраць Іраку ды Ірану. На сёньня такіх санкцый няма, таму наяўнасьць гэтых схемаў — частка гібрыднай супрацы Ўкраіны з Расеяй.