15 чэрвеня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка надаў званьне Заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь гісторыку музыкі прафэсару Вользе Дадзіёмавай, якая зь мінулага году ў выніку анкалягічнай хваробы прыкутая да ложка і на лячэньне якой зьбіралі грошы на MolaMola.
Сьцісла
- Ганаровае званьне ўсьцешыла. Гэта першае адзначэньне гісторыка музыкі, што важна для ўсёй галіны.
- У плянах новая кніга з парадамі для цяжка хворых.
- Застаецца надзея на вяртаньне краўдфандынгу.
- Мы ня цэнім шчасьця, што ў нас такая багатая гісторыя.
- У палітычнай барацьбе нельга дапусьціць крыві. Вялікая гісторыя плюралістычнай Беларусі гэтага не дазволіць.
Хто ініцыяваў наданьне ганаровага званьня
— Зь якімі пачуцьцямі вы сустрэлі вестку пра атрыманьне званьня «Заслужаны дзяяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь»?
— Я была вельмі ўсьцешаная і ўзрадаваная гэтай навіной. Хоць, здавалася б, у маім стане такія пачуцьці наогул ня могуць існаваць. Я ўжо ледзьве стрымліваюся, каб не пачаць выкарыстоўваць морфій. Мне ўжо звоняць з госьпісу і прапануюць гэта.
Але гэтая падзея ўздымае настрой, і нават не для мяне. Гэта пацьверджаньне прызнаньня той галіны, якой я займаюся і на якую паклала жыцьцё. Я разумею, што з нашага цэху музыкалёгіі шмат хто варты такога званьня. Але гэта першы выпадак, калі менавіта гісторык беларускай музыкі атрымлівае такую ўзнагароду.
Раней розныя ўзнагароды атрымлівалі выканаўцы старой музыкі, напрыклад Віктар Скорабагатаў, але гісторык музыкі адзначаны ўпершыню. Гэта сымбалічна і дае надзею.
Калісьці ў савецкія часы пры такіх нагодах казалі: «Абяцаю спраўдзіць спадзяваньні...» Цяпер не савецкія часы, але я таксама адчуваю абавязак нешта зрабіць. Гэта дае моц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафэсарка Дадзіёмава: у Беларусі працаваў брат Галілео Галілея — Мікелянджэлё
— Хто ініцыяваў наданьне вам званьня Заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь?
— Найперш гэта наш Саюз музычных дзеячоў. Была падтрымка Акадэміі музыкі, Нацыянальнага акадэмічнага аркестру Беларусі. Вось ім паклон за гэтую ініцыятыву. І наогул, я дзякую ўсім, хто мне дапамагаў у працы — настаўнікам, сябрам, паплечнікам.
Што цяпер піша хворая прафэсар гісторыі музыкі
— Над чым вам цяпер удаецца працаваць?
— Я скончыла працу да 500-годзьдзя Жыровіцкага манастыра, яна ўжо апублікаваная. Працую цяпер над артыкулам пра Барбару Радзівіл. Працягваю працу над вялікай абагульняючай кнігай пра музычную культуру Беларусі і яе дзеячоў. Маю яшчэ шмат розных плянаў. Новае званьне падштурхне да дзейнасьці.
— Рэалізацыя якога з творчых плянаў у вас на чарзе?
— Я задумала працу «У дапамогу хворым», у якой я буду раіць усім, хто хварэе, разглядаць хваробу, нават такую жудасную, як анкалягічная, ня як пакараньне, але як ласку Божую. Я думаю, што хваробу трэба яшчэ заслужыць. Хвароба дае магчымасьць прызвычаіцца да думак пра сьмерць і да стаўленьня да жыцьця, якое да хваробы было б немагчымае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паралізаваная прафэсарка Дадзіёмава: пакуты прыводзяць да ісьцін, здольных ператварыць хваробу ў шчасьце
Вось мне кажуць лекары, што я павінна бываць на вазку на сьвежым паветры. Але я жыву на трэцім паверсе і прывучыла сябе нават ня думаць пра сьвежае паветра і не хацець яго, на яго ў мяне няма спадзеву, таму я прызвычаілася жыць безь яго.
Зьніжаецца плянка патрабаваньняў — калі дыхаеш не праз трубку, значыць, усё добра. Калі можна надыктаваць тэкст — ужо выдатна.
Дарэчы, айцы царквы прасілі аб хваробе і лічылі, што толькі абраным яна даецца. Менавіта анкалягічная хвароба, якая не дае спадзяваньняў на жыцьцё, але дае час, каб завяршыць гэтае жыцьцё.
Таму я хачу даць парады ўсім, хто пакутуе.
Пра закрыцьцё MolaMola
— Летась пасьля вашых інтэрвію на Свабодзе быў распачаты збор грошай на ваша лячэньне на плятформе MolaMola, які працягваўся да апошняга часу. Цяпер гэтая плятформа зачыненая. Што будзе з вашым лячэньнем?
— Я цяпер вырашыла ісьці іншым шляхам. Я зьмяншаю колькасьць гадзінаў, на якія запрашаю сваіх памагатых. Вядома, цяжка, увесь час на сьпіне, бяз руху, з кепскім зрокам, а рука як ня рухалася, так і ня рухаецца. Але, як казаў Рэнэ Дэкарт, думаю — значыць, існую. Так што калі Госпад будзе даваць сілы, буду працаваць. А з грашыма, я думаю, добрыя людзі дапамогуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2,5 тысячы рублёў не атрымалі хворыя дзеці, бо «Белгазпрамбанк» заблякаваў MolaMola
— Дык ці ёсьць патрэба працягваць збор сродкаў на ваша лячэньне?
— Я ня ведаю, ці ёсьць цяпер такая магчымасьць, пасьля закрыцьця MolaMola. Вядома, я ж жыву ў Менску, знаёмыя і калегі нешта перадаюць. Але, ведаеце, гэта вельмі істотныя сумы, амаль непад’ёмныя. Спадзяюся, што, можа, краўдфандынг ажыве.
Сорамна так залежаць ад матэрыяльных рэчаў, бо дух лунае, а цела прывязанае да ложка — ня хочацца залежаць. Наогул, цяпер гляджу на жыцьцё з магілы — а што там, наверсе, яшчэ робіцца...
Але грошы, канечне, патрэбныя, што тут казаць.
Вялікая гісторыя Беларусі не дазволіць праліцца крыві
— Вам зьбіралі грошы на плятформе MolaMola. Цяпер яна зачыненая — фактычна, празь дзеяньні тых жа ўладаў, ад якіх вы атрымалі ганаровае званьне. Як бы вы пракамэнтавалі такую парадаксальную сытуацыю?
— На сайце Свабоды я прачытала інтэрвію з былым лідэрам Літвы Вітаўтасам Ландсбергісам, музыколягам паводле адукацыі. Шлях у палітыку, як бачыце, можа пралягаць і праз музыку.
Калі на беларускіх грошах і звон, і скрыпка, і палянэз Агінскага, значыць, стаўленьне афіцыйнае да гэтых рэчаў пазытыўнае. Але калі я цяпер чытаю навіны пра палітычнае змаганьне, то ў мяне пачынаецца тэмпэратура, я амаль трачу прытомнасьць, не магу гэта вытрымаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску распачаты збор сродкаў на лячэньне і догляд прафэсаркі Дадзіёмавай
Некалі я была ў Літве, бараніла дысэртацыю, бо ў нас такой навуковай рады не было. А ў Вільні на маёй абароне старшынёй рады быў Ландсбергіс. І вось тады я бачыла кроў на вуліцах Вільні. І барані Божа нас ад гэтага! Каб толькі мы не перажылі гэта! Малюся, каб Госпад меў літасьць і ўратаваў нас ад гэтага! І на мікра-, і на макраўзроўні трэба прасіць цярпеньня і ласкі Божай.
Я ўпэўненая, што будзе менавіта так. Не для таго бацькі нашы склалі галовы, каб сёньня мы ваявалі менавіта ў фізычным сэнсе.
Дарэчы, наша грамадзтва заўсёды было плюралістычным. Я ня згодная з Ландсбергісам, што летувісы заўсёды кіравалі Беларусьсю. А як жа быць са Стэфанам Баторыем ці Станіславам Панятоўскім, які быў беларусам паводле паходжаньня?
Мы раней нават апярэджвалі свой час. Так было ў часы Скарыны, так было і ў часы Канстытуцыі 3 траўня. Мы насамрэч ня цэнім шчасьця, што ў нас такая багатая гісторыя. Але некаторыя зьмены ў стаўленьні да сваёй гісторыі, якія можна назіраць у грамадзтве, даюць мне надзею, што мы пераможам.
Я гісторык, і таму гляджу на сьвет скрозь гістарычную і музычную прызму. Памятаеце ваярскі палянэз Касьцюшкі або палянэз Агінскага? Яны гучалі на пецярбурскіх балях, калі гэта былі паўстанцы зь вязьнямі. Або палянэз Казлоўскага, які стаў расейскім гімнам? Ці творы Голанда, якія сталі першымі беларускімі опэрамі? Усё вельмі гнутка.
Таму я не прытрымліваюся такіх жорсткіх меркаваньняў, як мой калега па цэху шаноўны Вітаўтас Ландсбергіс.
Такі вось мой адказ эзопавай мовай. Гістарычныя рэаліі даюць надзею.
* * *
Вольга Дадзіёмава вядомая тым, што знайшла ў замежных архівах тысячы невядомых помнікаў музычнай культуры Беларусі і стварыла гісторыю беларускай музыкі. Гэтыя пошукі і шматлікія замежныя паездкі былі ўласнай ініцыятывай спадарыні Вольгі і не аплачваліся ўстановамі, дзе яна працавала. На ўсё гэта былі патрачаныя асабістыя зьберажэньні апантанай шукальніцы беларускіх музычных скарбаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паралізаваная прафэсарка Дадзіёмава пракамэнтавала абвешчаны ў ЗША збор сродкаў на яе лячэньне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паралізаваная прафэсарка піша 17-ю кнігу пра музычную культуру Беларусі