15 чэрвеня ў памяшканьне крамы symbal.by у 14.30 прыйшлі з праверкай супрацоўнік аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Савецкага РАУС і чатыры галоўныя падатковыя інспэктары Міністэрства па падатках і зборах па Менску, паведаміў у Фэйсбуку ўладальнік крамы Павал Белавус.
Чатыры гадзіны яны праводзілі праверку, аглядалі гандлёвыя, офісныя і вытворчыя памяшканьні, складалі пратаколы, вымалі частку бухгальтарскіх дакумэнтаў.
Супраць крамы ўжо завялі адміністрацыйную справу пасьля таго, як 12 чэрвеня міліцыянты забралі ў кур’ера Symbal.by каля 400 цішотках «ПСІХО3%», яшчэ разглядаецца варыянт завядзеньня адміністрацыйнай справы па факце парушэньня правілаў перавозкі матэрыяльных каштоўнасьцяў (арт. 12.17 КаАП), паведаміў Павал Белавус. Цяпер праводзяць праверку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя канфіскавала больш за 400 цішотак з надпісам ПСІХОЗ%«З нашага боку хочам публічна заявіць, што абсалютна ўся, у тым ліку і затрыманая, прадукцыя ў нашай краме прадаецца абсалютна легальна і мае дакумэнты, кожная капейка, атрыманая ад пакупнікоў, праходзіць праз касу і за яе сплочаныя ўсе падаткі», — напісаў Белавус.
З нагоды здарэньня крама запусьціла акцыю «Стыкер салідарнасьці», а таксама выклала дызайн «ПСІХОЗ%» для вольнага выкарыстаньня. Грошы, атрыманыя ад продажу стыкераў, накіруюць на працу адвакатаў і юрыстаў па справе, утрыманьне інфраструктуры крамы і разьвіцьцё сацыяльных сетак Symbal.by.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыгоды рэйтынгу прэзыдэнта, або Які адсотак у Лукашэнкі12 чэрвеня супрацоўнікі Савецкага РАУС Менску канфіскавалі ў кур‘ера крамы Symbal.by Максіма Блізьнюковіча 419 цішотак з надпісам «ПСІХОЗ%». Міліцыянты сказалі, што ім трэба забраць гэтыя цішоткі на праверку, і склалі пратакол выманьня. Копіяў пратаколу не далі і сказалі чакаць, калі з крамай зьвяжуцца. Паводле Белавуса, кур'ер не прысутнічаў пры падліку канфіскаваных цішотак, але ў пратаколе ўказаная большая іх колькасьць, чым фактычна паводле накладных вёз курʼер.
Надпіс «ПСІХОЗ%» на майцы Symbal.by зьвязаны зь лічбай 3%. Менавіта такі адсотак папулярнасьці ў розных інтэрнэт-апытаньнях набраў Аляксандар Лукашэнка, што стала ўжо распаўсюджаным інтэрнэт-мэмам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыгоды рэйтынгу прэзыдэнта, або Які адсотак у Лукашэнкі