У сёньняшняга беларускага аўтарытарызму імя Аляксандра Лукашэнкі няма ні ідэі, ні пэрспэктывы, ні рэформаў, ні нацыянальнай культуры, ні хаця б захапленьня мінулым. Гэта безыдэйная, сумная, шэрая аўтакратыя.
У сучаснай гісторыі некаторыя дыктатарскія альбо аўтарытарныя рэжымы нярэдка выклікалі незразумелыя для многіх сымпатыі і падтрымку ў пэўнай часткі свайго насельніцтва і замежных прыхільнікаў — з самых розных прычынаў.
Адны, як, напрыклад, паўднёваазіяцкія тыгры (Сынгапур, Паўднёвая Карэя, Тайвань) давалі выразную, пацьверджаную дынамікай росту, эканамічную пэрспэктыву. Насельніцтва бачыла, што матэрыяльны дабрабыт расьце, а разам з гэтым, з ростам сярэдняй клясы калі-небудзь заканамерна прыйдзе і дэмакратыя — што, уласна кажучы, і адбылося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка абвінавачвае Бабарыку ў злачынствах, але хоча, каб той удзельнічаў у выбарахТакія дыктатуры, як Піначэта ў Чылі ці Франка ў Гішпаніі, таксама праводзілі (магчыма, супярэчлівыя, але ўсё ж даволі лібэральныя) эканамічныя рэформы, але, акрамя таго, мелі даволі выразную і пераканаўчую для часткі насельніцтва ідэалёгію — ратаваньне краіны ад камунізму, апірышча на традыцыйныя каштоўнасьці, гісторыю і рэлігію.
Такія левыя аўтарытарныя краіны, як Куба ці Паўночная Карэя, ня маюць ніякіх эканамічных посьпехаў, жывуць у жабрацтве, — затое вылучаюцца ўнікальнай ідэалёгіяй.
«Мы не такія, як усе, мы адзіныя ў сьвеце, мы прадстаўляем альтэрнатыву існаму ладу, сьвету капіталу і ўзбагачэньня, і абапіраемся на ўласныя сілы».
Некаторыя экзатычныя рэжымы (як туркмэнскі падчас кіраваньня Туркмэнбашы альбо пэўныя афрыканскія) зрабілі стаўку ў ідэалёгіі на нацыянальныя каштоўнасьці, унікальнасьць свайго народу, помнікі, кнігі, культ старажытнай гісторыі і гэтак далей. Маўляў, цяпершчына ў нас ня надта радасная, затое мінуўшчына вялікая і астатнім далёка да нашых старажытных каштоўнасьцяў.
Карацей кажучы, фактычна ў кожнага дыктатарскага ці аўтарытарнага рэжыму была нейкая ідэалёгія альбо пэрспэктыва, нейкая накіраванасьць — у мінулае ці ў будучыню — якая мела на мэце «апраўдаць» існаваньне гэтага рэжыму і ягоныя мэтады.
Але ў сёньняшняга беларускага аўтарытарызму імя Аляксандра Лукашэнкі няма НІЧОГА з вышэйпералічанага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына не пабачыла пагрозаў у абяцаньні Лукашэнкі «нагадаць» пра расстрэлы дэманстрантаўНі ідэі, ні пэрспэктывы, ні рэформаў, ні нацыянальнай культуры, ні хаця б захапленьня мінулым.
Яшчэ ў дзевяностыя і нулявыя беларускі рэжым прэтэндаваў быць ідэйным. У эканоміцы — «рынкавы сацыялізм», які быў нечым сярэднім паміж «асаблівым шляхам» і «альтэрнатываю сьвету капіталу». У ідэалёгіі панавала рыторыка процістаяньня «падступнаму монстру NATO» і яднаньня славянскіх народаў.
Але ўсё гэта паступова сышло і цяпер не засталося нічога. Рост дабрабыту быў, але скончыўся 10 гадоў таму, і зараз беларусы зарабляюць менш, чым у 2010-м; «асаблівы шлях» скасавалі, замест яднаньня славянскіх народаў прыйшлі нармалізацыя адносінаў з Захадам і сваркі з Масквой. Нацыянальная ідэя, нягледзячы на працу цэлых інстытутаў, так і не прыдумана.
Што ж засталося, што можа «апраўдаць» беларускі аўтарытарызм у вачах гісторыі і ўласнага насельніцтва? Нічога. Толькі «стабільнасьць» — сынонімам чаго ёсьць слова «самазахаваньне».
Ідэя ўтрыманьня аднаасобнай улады за ўсякую цану — адзіная ідэя, якая засталася ў цяперашняга рэжыму.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.