Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Ганна Канапацкая на Facebook зноў выказалася пра іншага пра іншага ўдзельніка выбараў банкіра Віктара Бабарыку. Яна падтрымлівае думку пра Бабарыку як «праект Газпрому» і «хадзячае мяса ў разборках Крамля».
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Канапацкая не называе прозьвішча Бабарыкі, але спасылаецца на ананімны Telegram-канал «Шпиц первого», які піша пра «Віцю-банкіра».
«Калі ў інтэрвію „Белсату“ я казала, што „мэнэджар Газпрому“ ня можа быць прэзыдэнтам нашай краіны, як пэдафіл ня можа быць выхавальнікам у дзіцячым садку, менавіта бясконцую наіўнасьць і даверлівасьць беларусаў я і мела на ўвазе, а ня схільнасьць да сэксуальных вычварэньняў аднаго з кандыдатаў у кандыдаты з „таго боку“, — піша Канапацкая. — Бо мы для іх „людзі-эльфы“, і яны гэтага нават не хаваюць».
На думку Канапацкай, з колькасьці адмоўных камэнтароў на ейнай старонцы на Facebook можна зрабіць выснову, што «група падтрымкі чалавека Мілера» (Аляксей Мілер — кіраўнік расейскай кампаніі «Газпром») складае «каля 80 чалавек».
Раней у інтэрвію Свабодзе Бабарыка казаў, што ня ведае, чым мог пакрыўдзіць Канапацкую, і калі чымсьці яе пакрыўдзіў і ня памятае, папрасіў прабачэньня. Выказваньне Канапацкай пра «пэдафіла» ён адкамэнтаваў двума словамі: «Бог даруе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Альбо мы зробім нашу рэвалюцыю надзеі мірна, без крыві, альбо „Чаўшэску“» — вялікае інтэрвію зь Віктарам БабарыкамПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.