У мэтах абароны інтарэсаў укладнікаў і крэдытораў «Белгазпрамбанку», недапушчэньня пагаршэньня яго фінансавага становішча праўленьне Нацыянальнага банку Беларусі прыняло рашэньне ўвесьці там з 15 чэрвеня часовую адміністрацыю.
Як удакладняецца на сайце фінансавага рэгулятара, гэтую меру прынялі з улікам інфармацыі Камітэту дзяржаўнага кантролю аб узбуджэньні Дэпартамэнтам фінансавых расьсьледаваньняў у дачыненьні да службовых асобаў «Белгазпрамбанку» крымінальных справаў паводле часткі 3 артыкулу 235 «Легалізацыя ( „адмываньне“) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» і частцы 2 артыкулу 243 «Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў (збораў)» Крымінальнага кодэксу Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія акцыянэры назвалі незаконным прызначэньне в. а. старшыні ўправы «Белгазпрамбанку»Кiраўнiцаю часовай адміністрацыі ў кіраваньні ААТ «Белгазпрамбанк» прызначаная Надзея Ермакова, якая ў свой час узначальвала Нацыянальны банк. Паўнамоцтвы праўленьня «Белгазпрамбанку» на пэрыяд дзеяньня часовай адміністрацыі прыпыненыя.
Як адзначыў Свабодзе прадстаўнік банкаўскіх колаў, на практыцы гэта азначае, што дэ-факта «Белгазпрамбанк» пераходзіць пад поўны кантроль беларускай дзяржавы без уліку інтарэсаў расейскіх акцыянэраў — яны кантралявалі практычна 99% актываў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «Белгазпрамбанку» забралі знакамітую калекцыю карцін на 20 млн даляраўРаней Надзея Ермакова аналягічным чынам была накіраваная ўпарадкаваць дзейнасьць BSB-банку. Тады найперш былі звольненыя топ-мэнэджэры ўстановы.
Цяперашнюю актыўнасьць сілавікоў назіральнікі зьвязваюць з намерам вылучыцца на прэзыдэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі, які 20 гадоў кіраваў «Белгазпрамбанкам».