Кіраўніка філіі «Белгазпрамбанку» ў Магілёве Сяргея Кармызава абвінавачваюць у крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры, паведаміў 13 чэрвеня дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1».
Як прагучала ў эфіры «Беларусь 1», гаворка ідзе пра маніпуляцыі з выдачай банкаўскіх крэдытаў — фактычна аб «продажы» крэдытаў.
«Падрабязнасьці ашуканскай схемы праваахоўнікі абяцаюць распавесьці пазьней, але ўжо цяпер вядома, што пацярпелыя ацэньваюць прычыненую шкоду ў дзясяткі тысяч даляраў», — гаворыцца ў сюжэце.
Іншыя падрабязнасьці тэлеканал не прывёў. У эфіры таксама паказалі пачкі даляраў і эўра, маленькія мерныя зьліткі золата.
Сяргей Кармызаў — удзельнік ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, былога кіраўніка «Белгазпрамбанку».
Кармызава затрымалі 12 чэрвеня пасьля ператрусаў у галоўным офісе «Белгазпрамбанку» і шэрагу прыватных кампаній, у людзей, зьвязаных з Бабарыкам. Акрамя яго, затрымалі каардынатара ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі па Магілёўскай вобласьці Ўладзімера Дударава, які да кастрычніка 2019 году быў намесьнікам мэра Магілёва.