Міністэрства абароны ЗША пацвердзіла наданьне вайсковай дапамогі Украіне сёлета на суму ў 250 мільёнаў даляраў — у межах Ініцыятывы спрыяньня бясьпецы краіны (USAI).
Наданьне паловы гэтай сумы залежала ад прагрэсу рэформаў у вайсковай сфэры, паведаміў Пэнтагон у чацьвер, 11 чэрвеня. Адзначана, што сродкі прызначаныя для дадатковага рыхтаваньня, куплі рыштунку і кансультацыяў, каб дазволіць Украіне больш эфэктыўна супрацьстаяць расейскай агрэсіі.
Украіна ў паведамленьні Пэнтагону названая «найважнейшым партнэрам на перадавой лініі стратэгічнага суперніцтва з Расеяй». У тэксьце таксама падкрэсьлена, што ЗША па-ранейшаму рашуча падтрымліваюць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах.
Ва ўкраінскім міністэрстве абароны амэрыканскім партнэрам падзякавалі за дапамогу ва ўмацаваньні абараназдольнасці, перадае «РБК-Украіна». У Кіеве падкрэсьліваюць, што рэформа сэктару бясьпекі і абароны, яго набліжэньне да стандартаў NATO застаецца адным з галоўных прыярытэтаў украінскага ўраду.
Масква заўсёды катэгарычна адмаўляла абвінавачаньні ў агрэсіі супраць Украіны і эскаляцыі канфлікту на тэрыторыі Данбасу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Найбольш жорсткія» санкцыі Кангрэсу: рэспубліканцы прапанавалі адключыць Расею ад SWIFT