Чацьвёрты дзень запар у Беларусі фіксавалі тэмпэратурныя рэкорды

©Shutterstock

Чарговыя тэмпэратурныя рэкорды зафіксавалі ў Беларусі 11 чэрвеня — іх фіксуюць ужо чацьвёрты дзень запар, адзначае БелаПАН. Другі дзень запар фіксуюць рэкорд для ўсёй краіны за ўвесь час назіраньняў.

У Жлобіне 11 чэрвеня было аж +34,4°С. Папярэдні рэкорд для гэтага дня ў Беларусі фіксавалі ў 2010 годзе на мэтэастанцыі Акцябр, што ў Гомельскай вобласьці — тады было +33,5°С.

Цяпер рэкорды зафіксавалі ва ўсіх абласьцях акрамя Горадзенскай, на 32 мэтэастанцыях. Першыя рэкорды лета зафіксавалі днём раней, 8 чэрвеня. За чатыры дні пабітыя 59 рэкордаў.

Хоць 11 чэрвеня стала самым гарачым днём гэтага чэрвеня, у Беларусі ў чэрвені бывала і цяплей: летась 12 чэрвеня ў Жлобіне фіксавалі +34,7°С, а 23 чэрвеня 1964 года ў Беразані было аэ +35,6°С.

На выходныя на большай частцы тэрыторыі краіны Белгідрамэтцэнтар прагназуе пахаладаньне да +20 і ніжэй, шмат дзе чакаюць дажджы і навальніцы.

Але сьпёка захаваецца на паўднёвым усходзе — напрыклад, у Гомлі ў суботу чакаюць да +28, у нядзелю да +30, з пастаяннымі дажджамі і магчымымі навальніцамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сыноптыкі прагназуюць у Беларусі да +35. Як перажыць сьпёку?

Хоць кліматычнай зімы не было, вясна 2020 году ў Беларусі выдалася надзвычай халоднай — ацяпляльны сэзон быў рэкордна доўгім, а яшчэ ў траўні выпадаў сьнег. Анамальнае халоднае надвор'е ў Беларусі скончылася​ толькі на бягучым тыдні, і адразу пачалася гарачыня.

Як паводзіць сябе ў сьпёку?

У сьпёку рэкамэндуюць насіць лёгкае адзеньне з натуральнай тканіны і галаўны ўбор, меней карыстацца дэкаратыўнай касмэтыкай, заўсёды мець пры сабе ваду, старацца меней знаходзіцца пад прамымі сонечнымі прамянямі, пазьбягаць заняткаў спортам у самы сквар, але і не сядзець пад уключанымі на максымум кандыцыянэрамі, каб не захаладзіцца.

Каб надаць першую дапамогу пацярпеламу ад сонечнага ўдару, трэба да прыбыцьця лекараў перанесьці яго ў зацененае халаднаватае памяшканьне, вызваліць ад тугога адзеньня (расшпіліць папругу і тугі каўнер, зьняць абутак), адчыніць вокны, пры магчымасьці пакласьці пад пахі пакеты зь лёдам або мокры халодны ручнік, напаіць вадой. Калі чалавек страціць прытомнасьць, даць панюхаць нашатырны сьпірт.

Сьпёка, як і мароз, ня спыняць эпідэміі новага каранавірусу. Пры наведваньні пляжаў або іншых грамадзкіх месцаў варта трымаць дыстанцыю мінімум у паўтара мэтра ад іншых асобаў, у месцах высокай шчыльнасьці людзей насіць маскі. Цалкам забіць вірус SARS-CoV-2 у чалавечых клетках змаглі толькі пры нагрэве да +92°С, а да такой тэмпэратуры чалавечае цела не награецца ні ў якую сьпёку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Летняя сьпёка і каранавірус павялічваюць рызыкі, — мэтэаролягі