Журналістка «Новой газеты», жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Ірына Халіп прапануе з паразуменьнем паставіцца да рашэньня Сьвятланы Ціханоўскай часова прыпыніць збор подпісаў у Менску і абласных гарадах.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Самае жудаснае — пагрозы адабраць сына»
«Цяпер усё, што робіць Сьвятлана, трэба разумець і прымаць як абсалютна дакладнае», — мяркуе Ірына Халіп.
На думку Ірыны Халіп, на рашэньні Сьвятланы Ціханоўскай маглі паўплываць спэцслужбы, «почырк» якіх журналістка зазнала падчас выбарчай кампаніі 2010 году і за тыя месяцы 2011 году, што прабыла ў СІЗА КДБ і пад хатнім арыштам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская прыпыніла збор подпісаў у Менску і абласных цэнтрах, асьцерагаючыся правакацый і затрыманьняўУ якіх формах быў ціск на Ірыну Халіп і яе мужа, кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава?
«Самае жудаснае, што пачалі рабіць улады пасьля нашага арышту 19 сьнежня, — гэта пагражаць, што адбяруць у нас сына. Каб пераканаць, што такое магчыма, да мяне нават адмыслова дапусьцілі адваката, які паведаміў, што па сына ўжо прыходзілі з сацыяльнай службы», — згадала Ірына Халіп.
У 2011 годзе ад пагроз забраць сына ў дзіцячы дом да рэальных крокаў справа не дайшла, але нэрваў ёй і мужу сьледчыя і адказныя супрацоўнікі КДБ сапсавалі шмат, кажа Ірына Халіп. Са слоў журналісткі, дапамагло тое, што яна не «павялася» на пагрозы, а яе муж не падпісаў на сьледзтве ніводнай паперы. Але чаго ад іх дамагаліся?
«Спачатку — прызнаньня віны, што нібыта арганізоўвалі тыя беспарадкі. Потым, калі мужа ўжо асудзілі і адправілі ў калёнію, патрабавалі ад яго падпісаць „памілку“ — прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, у якім таксама трэба цалкам прызнаць віну. І зноў нічога не дамагліся», — кажа журналістка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі траплялі ў турму?
«Тэма прастытуцыі, бадай, самая папулярная ў спробах правакацый»
Ірына аднавіла ў памяці «букет» пагроз і правакацый, якія яе сям’я зазнала і да выбараў, і пасьля. Паводле журналісткі, часьцей за ўсё правакатары чамусьці абіралі тэму прастытуцыі і хібаў маральнасьці.
«Перад выбарамі я амаль не магла па-нармальнаму карыстацца тэлефонам, бо мае нумары зьявіліся на ўсіх сайтах інтымных паслуг і званкі ад „патэнцыйных кліентаў“ сыпаліся ад ранку да позьняй ночы. Давялося нават падаць заяву ў міліцыю, каб разабраліся. Прычым заяву ў мяне з сур’ёзным выглядам прынялі, паабяцалі праверку, але нават не адказалі», — з усьмешкай згадвае журналістка. Між тым тады ёй было не да сьмеху.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яна ня мела іншага выйсьця». Знаёмая ўдзельніцы затрыманьня Ціханоўскага расказвае пра ціск міліцыі на асуджаных за прастытуцыюПаводле Ірыны Халіп, перад выбарамі пад псыхалягічным ціскам аказаўся і яе муж Андрэй Саньнікаў. Ірына памятае, што шмат разоў па пошце ён атрымліваў лісты з бруднымі намёкамі, скіраванымі на разбурэньне даверу паміж імі. Таксама яна згадала, як на сайце, які палічыла «гэбісцкім», паведамлялася пра «цікавае відэа з асабістага жыцьця Халіп», якое нібыта рыхтуецца да паказу — «ужо ідзе аблічбоўваньне».
«Падобнага бруду перад выбарамі было шмат, прычым адчуваліся агульны почырк і агульная мэта: прымусіць нас нэрвавацца, уцягнуцца ў нейкія разборкі, замест таго каб займацца выбарчай кампаніяй», — мяркуе Ірына Халіп.
Некаторыя правакацыі, на яе думку, мелі на мэце падрыхтоўку базы магчымых доказаў для будучых абвінавачаньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Думаю, іх маглі падкінуць». Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала знойдзеныя сьледчымі 900 тысяч даляраў«Неяк Андрэй атрымаў SMS з такім тэкстам: „Кантемировская дивизия с вами“. Зьдзіўлены, пытаецца маёй думкі, што гэта, а я кажу: гэта тое, што табе потым выставяць як доказ спробы захапіць уладу. „Захопу ўлады“ не атрымалася, бо ніхто нічога не штурмаваў, але вокны Дома ўраду самі ж білі і таму прыпісалі арганізацыю беспарадкаў. Таму „танкавая дывізія“ ўжо не спатрэбілася», — кажа Ірына Халіп.
«Падумайце, што з-за вас ня будзе чым карміць дзяцей»
Зь вялікай агідай журналістка згадвае гісторыю, як яе шантажавалі лёсам адваката.
«Маім першым адвакатам у «амэрыканцы» быў Уладзімер Тоўсьцік, якому я цалкам давярала. Уласна, сьледчых дзеяньняў са мной амаль не было. Адзін раз дапыталі, і ўсё, проста сяджу.
Раптам вядуць у кабінэт да нейкіх начальнікаў і тыя кажуць, што мушу напісаць адмову ад Тоўсьціка. А потым, кажуць, можаце знайсьці любога іншага адваката. Пытаюся — чаму? Што здарылася? Кажуць, што Тоўсьцік атрымаў грын-карту і неўзабаве зьяжджае ў ЗША, таму яны ня могуць дапусьціць, каб ён зьехаў, ведаючы падрабязнасьці пра гэты працэс, ня могуць нават знаёміць яго з матэрыяламі справы. Кажу: а калі я не падпішу? Адказваюць, што мне нічога дрэннага ня будзе, а вось Тоўсьціка шкада. Мы, кажуць, адвакацкую ліцэнзію ў яго адбяром адным званком — і, падумайце самі, «чалавеку, які рыхтуецца да пераезду, ня будзе чым карміць сваіх дзяцей, а іх у яго два».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакат Зікрацкі абяцаў бясплатна дапамагаць рэпрэсаваным падчас выбарчай кампанііІрына дагэтуль шкадуе, што падпісала тую адмову, бо як выйшла з КДБ пад хатні арышт, дык даведалася, што ліцэнзіі адваката Ўладзімера Тоўсьціка ўсё адно пазбавілі літаральна празь дзень.
«Прычым фармальна на той падставе, што нібыта гэта ён адмовіў мне ў юрыдычнай дапамозе», — абураецца журналістка. Пазбавілі ліцэнзіі і адвакатку Надзею Бахціну, якая ў 2011 годзе адважылася абараняць Ірыну Халіп падчас сьледзтва і суду. З усіх гэтых прычын Ірына ня мае даверу да спэцслужбаў.
«Мы ня можам аналізаваць іх дзеяньні. Ня можам шукаць лёгіку там, дзе яе няма і ніколі ня будзе, бо рашэньні прымаюць не яны, а вядома хто», — мяркуе пра захады спэцслужбаў Ірына Халіп.
Ірына Халіп згадала яшчэ пра адну акалічнасьць шантажу і ціску на яе мужа, якія ён зазнаў ужо ў вязьніцы, — гэта пагроза «нізкім статусам».
«Асаблівых падрабязнасьцяў ня маю, бо шмат мы пра гэта не размаўлялі, але ведаю, што былі спробы ў карцэры падсадзіць да яго вязьня зь „нізкім статусам“, каб потым у атрадзе да яго было адпаведнае стаўленьне. Дзякуй богу, ён гэта своечасова заўважыў і змог пазьбегнуць правакацый. Але, без сумневу, дагэтуль у нашых турмах такі шантаж — звычайная рэч, асабліва адносна палітычных», — мяркуе Ірына Халіп.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка Статкевіча заявіла пра зьдзекі ў турме на Акрэсьціна, дзе не прымаюць перадачІрына Халіп была абвінавачана ў арганізацыі беспарадкаў і ў траўні 2011 году асуджана на 2 гады абмежаваньня волі з адтэрміноўкай на 2 гады. Жыве ў Менску, працуе ў расейскай «Новой газете».
Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году Андрэй Саньнікаў у траўні 2011 году быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел у масавых беспарадках. Выйшаў на волю ў 2012 годзе, цяпер жыве за мяжой.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.