Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Беларусі пацьвердзіў Свабодзе, што ў дачыненьні да былых і цяперашніх супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку», якім кіраваў прэтэндэнт на выбарах прэзыдэнта Віктар Бабарыка, завялі крымінальную справу.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Ахоўнік гаоўнага офісу «Белгазпрамбанку» пацьвердзіў, што там ідзе ператрус: кажа, зранку прыехалі каля 50 чалавек у масках. Паводле Tut.by, ператрус праходзіць таксама ў кампаніі «ПрыватЛізінг» — там каля 10 супрацоўнікаў ДФР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да дома Валера Цапкалы прыходзіў Дзяржкантроль. Ператрусу не былоФігуранты справы — прадстаўнікі камэрцыйных структур, а таксама былыя і цяперашнія супрацоўнікі банку. Але, як сказалі ў ДФР, былы кіраўнік банку і патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка цяпер ня мае працэсуальнага статусу ў гэтай справе.
«ДФР завёў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 243 (ухіленьне ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры) і паводле ч. 2 арт. 235 (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйных памерах). Цяпер праводзяцца неадкладныя сьледчыя дзеяньні. Дадатковая інфармацыя будзе дадзеная пазьней», — паведамілі Свабодзе ў дэпартамэнце.
Крымінальны кодэкс прадугледжвае пакараньне паводле гэтых артыкулаў да 7 гадоў зьняволеньня.
«Без камэнтароў», — адказалі на запыт Радыё Свабода ў прэсавай службе «Белгазпрамбанку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кентаўр», «Кампары», «ПрыватЛізінг». У Менску прайшлі ператрусы ў прыватных кампаніях
Лукашэнка ўчора даручыў «прашарсьціць пузатых буржуяў»
10 чэрвеня, як піша БелТА, Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў.
Лукашэнка даручыў выпрацаваць схему з генэральным пракурорам, падключыць Камітэт дзяржаўнага кантролю, сьледчыя органы і «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: Алігархі з РФ фінансуюць апазыцыю ў Беларусі. Пяскоў: У Расеі няма алігархаўБабарыка ўзначальваў «Белгазпрамбанк» зь сярэдзіны 2000 году да траўня 2020-га, калі абвясьціў пра свой намер балятавацца на пасаду прэзыдэнта Беларусі. У банкаўскай сыстэме краіны Бабарыка працуе зь ліпеня 1995 году.
«Белгазпрамбанк» дзейнічае ў Беларусі з 1990 году. Расейскім кампаніям «Газпром» і «Газпромбанк» належыць па 49,8% акцыяў «Белгазпрамбанку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў «прашарсьціць пузатых буржуяў». Што гэта, калі не абвяшчэньне вайны неляяльнаму бізнэсу?
Тыдзень таму Лукшэнка намякаў на махлярства ў сувязі з патэнцыйным кандыдатам і «ПрыватЛізінг»
Тыдзень таму, 4 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка, не называючы імёнаў, згадаў кампанію «ПрыватЛізінг» і намякнуў на махлярства. Ён прасіў спытаць аднаго з патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, «што такое „ПрыватЛізінг“» і «дзе грошы трымае, якія ашуканскім чынам атрымаў у Беларусі».
Віктар Бабарыка адзначаў, што паколькі ягонае прозьвішча не прагучала, то ён мог бы не камэнтаваць гэтага пытаньня.
«Я ведаю кампанію „ПрыватЛізінг“, — заявіў Бабарыка. — Гэта даўні кліент „Белгазпрамбанку“. Кампанія „ПрыватЛізінг“ мае структуру валоданьня, у якую ўваходзяць, калі я не памыляюся, два ці тры былыя супрацоўнікі „Белгазпрамбанка“. На гэтым гісторыю я магу скончыць».
Ці зьвязаная цяперашняя крымінальная справа з той заявай Лукашэнкі, не паведамляецца.
«Прамога кампрамату на мяне няма»,— Бабарыка заявіў пра цынізм дзеньняў уладаў
Каманда Віктара Бабарыкі перад прэсавай канфэрэнцыяй правяла кароткі стрым са свайго штабу, які знаходзіцца на вуліцы Харужай у Менску. У гэты час у Белгазпрамбанку і іншых кампаніях, зьвязаных зь яго сябрамі, праходзяць ператрусы.
Стрым доўжыўся некалькі хвілінаў. Віктар Бабарыка заявіў, што ператрусы ў ягоных сяброў і калегаў праводзяць таму, што прамога кампрамату на яго няма.
«Сёньня пачалі адбывацца дзеяньні, якія паказваюць з поўнай яснасьцю, што прадстаўнікі сёньняшняй улады рэальна гатовыя выкарыстоўваць любыя сродкі для недапушчэньня ў нашай краіне сумленных выбараў. Увесь цынізм гэтых дзеяньняў палягае ў тым, што яны накіраваныя не на мяне, яны накіраваныя на маіх сяброў, на людзей, зь якімі я працаваў. Чаму гэта зроблена? Таму што прамога кампрамату на мяне няма, і ёсьць вялікая надзея, што людзей запужаюць, прымусяць гаварыць няпраўду, агаворваць сябе і іншых людзей.
Я магу з дакладнасьцю заявіць, што адзіным правільным спосабам паводзінаў у гэтай сытуацыі і адказам на самавольства і беззаконьне зьяўляецца працяг нашых дзеяньняў, працяг нашай барацьбы», — заявіў Бабарыка падчас стрыму.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.