Паводле зьвестак праваабаронцаў з цэнтру «Вясна», блогера Ўладзімера Цыгановіча, які выступае на Youtube-канале пад імем MozgON, увечары 9 чэрвеня адправілі ў ізалятар на Акрэсьціна адбываць 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Суткі прысудзілі блогеру яшчэ 12 сакавіка. Тады Ўладзімера Цыгановіча завочна судзілі ў Маскоўскім раённым судзе за арганізацыю пратэставай акцыі каля офіса «Белнафтахіму», але пакараньне засталося не адбытым.
Свабода знайшла дзядулю папулярнага блогера, ягонага цёзку Ўладзімера Ўладзімеравіча Цыгановіча, карэннага менчука, якому 88 гадоў. Пра тое, што ўнук пасаджаны на 15 сутак, Уладзімер Цыгановіч ведаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогера MozgON арыштавалі на 15 сутак паводле прысуду трохмесячнай даўнасьці«Да гэтага я вельмі крытычна стаўлюся, гэтак рабіць нельга. За што яго? За тое, што выказаўся пра гэты бэнзін?! Дык што? Але ён узяў такі курс, такі напрамак, я яго за гэта не асуджаю. Ён жа нікому дрэнна не рабіў, ён хлопец вельмі добры і справядлівы», — сказаў пра ўнука Ўладзімер Уладзімеравіч Цыгановіч.
Паводле дзядулі арыштаванага блогера, сваім унукам ён заўсёды ганарыўся і чым мог яму дапамагаў, у тым ліку — разьвіваць уласны бізнэс.
«Валодзя як скончыў школу, дык паступіў у Акадэмію пры прэзыдэнце, вучыўся на эканаміста. Вельмі стараўся атрымаць веды, усё ў яго ішло добра, скончыў на выдатна і заняўся бізнэсам. У яго рэклямны бізнэс. А ўсе праблемы пачаліся з тых працэнтаў падаткаў, якія мусіў плаціць. Дарэчы, я шмат яму дапамагаў, вёў частку спраў. А потым ён стаў яшчэ і блогерам, зь людзьмі шмат кантактуе. Пра гэты бэнзін паведамляў — дык чаму не? Яго гэта непакоіла, бо цэны ўвесь час растуць, гэта яго непасрэдна як бізнэсоўца тычылася, дый ня толькі яго. Трываў-трываў, а потым вырашыў падказаць людзям, што трэба рабіць», — расказаў Уладзімер Уладзімеравіч пра змаганьне ўнука з ростам цэнаў на паліва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі відэаблогера Цыгановіча (MozgON)Апошні раз дзядуля бачыў унука 3 дні таму.
«Мне пра тое, што яго судзілі „за бэнзін“, ён не казаў. І не казаў, што могуць у любы момант затрымаць. Можа, і сам так ня думаў. Але я нешта адчуваў і сказаў яму, каб быў пільны, бо гэта можа скончыцца ня так гладка, як хочацца. Бо наступаць на ўладу — гэта справа складаная. Але ён супакоіў, што ўсё будзе добра».
Пра свае ўласныя палітычныя перакананьні Ўладзімер Уладзімеравіч Цыгановіч выказаўся коратка. «На выбары кожныя 5 гадоў я хадзіў, а ці трэба далей абіраць Лукашэнку? Скажу шчыра: я былы афіцэр Узброеных сіл Савецкага Саюзу, сваю справу зрабіў, цяпер на пэнсіі і ўдзячны, што гэта ацанілі, а далейшае — справа тых, хто абірае свой будучы шлях».
Ад карэспандэнта Свабоды Ўладзімер Уладзімеравіч Цыгановіч даведаўся, што ягонага ўнука трымаюць у ізалятары на Акрэсьціна, і распытаў, як туды можна аднесьці перадачу.
«У яго жонка, дачка, ён добры сем’янін. Вось з жонкай усё ўзгадню, і абавязкова падтрымаем», — сказаў Уладзімер Уладзімеравіч Цыгановіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мадэратара сацсетак Ціханоўскага, які зьнік 4 чэрвеня, знайшлі ў турме на Акрэсьціна ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 45 сутак арышту запар. Прыхільніка Ціханоўскага ня выпусьцілі пасьля месяца за кратамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 20 сутак арышту. Суды і затрыманьні 8 чэрвеня