Увечары 9 чэрвеня быў затрыманы папулярны відэаблогер Уладзімер Цыгановіч (MozgON), паведамляе БелаПАН са спасылкай на блогера Аляксандра Кабанава.
«Ад маіх крыніц пэўна вядома, што яго спынілі супрацоўнікі ДАІ і заявілі, што ён ня мае права кіраваць транспартным сродкам», — сказаў Кабанаў.
Кабанаў выказаў здагадку, што, магчыма, на Цыгановічу «вісяць штрафы», але падкрэсьліў, што дакладнай інфармацыі пра гэта ня мае. «Інкрымінавалася яму менавіта гэта, выцягнулі яго з машыны, склалі пратакол за непадпарадкаваньне законным патрабаваньням міліцыі — „адміністрацыйка“», — дадаў блогер.
Паводле яго, Цыгановіча затрымалі і даставілі ў РАУС, але ў які, пакуль невядома. Афіцыйнага пацьвярджэньня інфармацыі аб затрыманьні пакуль таксама няма.