Уладзімер Цэсьлер: «Часам думаю, што некаторыя мяне моцна раздулі»

Уладзімер Цэсьлер

Беларускі мастак-дызайнэр Уладзімер Цэсьлер расказаў Свабодзе, як ён ставіцца да пандэміі каранавірусу, што за апошнія месяцы зьмянілася ў ягоным жыцьці і ці баіцца ён захварэць.

Сьцісла

  • Пытаньне з майстэрняй ня зьнятае, улады выстаўляюць новыя патрабаваньні
  • За творчасьцю маладых не сачу і ім не зайздрошчу
  • У Менску ёсьць шмат выпадковай скульптуры
  • Помнік Леніну перад Домам ураду — адзін з найлепшых у Беларусі
  • Маску не нашу, лухта гэта ўсё, яны не ратуюць
  • Пасьля пандэміі людзі пачнуць ставіцца адно да аднаго больш уважліва і беражліва
  • Падпісаўся за двух прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта

Пра майстэрню

— Некалькі месяцаў таму ўлады нечакана ў чатыры разы паднялі арэндную плату за вашу майстэрню, на той падставе, што ў вас там ёсьць ложак. Ці ўсё ў парадку з арэнднай платай цяпер?

— Цэны тады за арэнду паднялі ўсім мастакам, ня толькі мне. А цяпер яшчэ і абавязваюць мастакоў усталёўваць за свой кошт пажарную сыгналізацыю.

— 23 студзеня вашу майстэрню наведаў тагачасны старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў і паабяцаў вырашыць пытаньне з арэндай творчых майстэрняў. Пасьля было паведамленьне, нібыта прэтэнзіі зьнятыя.

— Так, цана засталася ранейшай, але вось выставілі новае патрабаваньне наконт пажарнай сыгналізацыі. Гэта вельмі дорага, многія мастакі ня змогуць гэта пацягнуць.

— А што асабіста з вамі, вы застаяцеся ў сваёй майстэрні ці думаеце зьяжджаць?

— Я пакуль што ня ведаю, думаю. Пытаньне застаецца адкрытым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У майстэрні Цэсьлера знайшлі ложак, і арэнда вырасла ў 4 разы. Як ЖРЭА робяць банкрутамі дызайнэраў і мастакоў

Пра мастацтва і свой стыль

— Часам вашу мастацкую манеру называецца парадаксальнай і вострай. Вы з гэтым згодны?

— Ведаеце, я менш за ўсё думаю пра тое, як яна называецца.

— Як бы вы ахарактарызавалі стыль сваёй творчасьці? Я нядаўна пытаўся ў мастака Адама Глобуса пра стыль яго мастацкай творчасьці, ён адказаў, што гэта постмадэрнізм. А ў вас?

— Я свой стыль ніяк не вызначаю.

— У вас ёсьць вучні?

— Няма.

— Ці сочыце вы за творчасьцю маладых мастакоў-дызайнэраў?

— Не магу гэтым пахваліцца. Мне гэта ўдаецца вельмі рэдка. На гэта практычна няма часу.

— Ці адчуваеце вы рэўнасьць да маладых мастакоў? Тыцыян, як вядома, выгнаў са сваёй майстэрні Тынтарэта, калі ўбачыў у вучня талент, параўнальны са сваім.

— Не. Я заўсёды, калі бачу нешта супэрскае, шчыра радуюся. Такой рэўнасьці ў мяне няма. Дый ведаеце, каб да нечага ці некага рэўнаваць, трэба надаваць гэтаму асаблівую ўвагу і моцна сябе любіць. Я так ні да іншых, ні да сябе ня стаўлюся. Часам нават думаю, што некаторыя мяне моцна раздулі. Я, відаць, такім ня ёсьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адам Глобус: людзям у мэтро бяз масак хочацца даць па пысе

— Калі б вас папрасілі ацаніць сучасны ўзровень выяўленчага мастацтва Беларусі — як бы вы адказалі?

— Мне здаецца, што цяпер па ўсім сьвеце ўсё больш-менш зраўнанае. Усе працуюць у абсалютна розных манерах, некаторыя ў падобных. Я ня думаю, што нашы мастакі чымсьці адрозьніваюцца ад мастакоў з захаду ці з усходу. Вядома, ёсьць нейкія адкрыцьці і ў нас, і ў іх, але я ня думаю, што мы неяк адрозьніваемся моцна ад іх ці яны ад нас.

— Тады пастаўлю пытаньне так. Чым сучасныя беларускія мастакі адрозьніваюцца ад расейскіх або польскіх?

— Я думаю, нічым. Думаю, што яны таксама цікавыя і надзённыя, як і нашыя мастакі. Мне здаецца, каб узяць і расставіць працы побач безь імёнаў, то наўрад ці нехта зможа сказаць, дзе палякі, дзе беларусы, а дзе расейцы.

— Вы супрацоўнічаеце з тэатрам Янкі Купалы. Некалькі гадоў таму, прыехаўшы ў Менск з Прагі, я быў моцна зьдзіўлены беларускай лацінкай на рэклямным купалаўскім плякаце пра тэатар Урсулы Радзівіл ў адным зь пераходаў мэтро. Чыя гэта была ідэя, даць туды менавіта беларускую лацінку?

— Гэта была мая ідэя. А чаму не? Яна і была такой, там жа ўсё зразумела, ня трэба нічога нікому тлумачыць.

Пра Слуцак, Менск і Лёндан

— Вы нарадзіліся ў Слуцку, жывяце ў Менску. Які горад вы больш за ўсё любіце?

— Цяперашні Слуцак ужо ня той. Мне падабаецца туды прыяжджаць, я спрабую знайсьці там нешта зь мінулага... Але ўсе гарады мяняюцца, і Слуцак — не выключэньне.

Я люблю Менск, люблю Слуцак. Ёсьць у Беларусі і іншыя прыгожыя гарады, ёсьць што паглядзець, слава Богу.

— Якое месца ў Менску вам найбольш падабаецца?

— Гэта тое месца, дзе працуеш і жывеш — навакольлі маёй студыі, да якіх я ўжо, як кажуць, прыкіпеў. Мая студыя знаходзіцца на рагу вуліц Першамайскай і Чырвонаармейскай.

— А якія замежныя гарады вам падабаюцца?

— Мне вельмі спадабаўся Лёндан. Я пра яго думаў раней і вельмі рады, што там пабываў. Мой знаёмы спытаўся, што я хачу паглядзець у Лёндане? Я быў гатовы да адказу, бо раней думаў і пра гэта. Таму адказаў: «Давай сходзім у букіністычныя кнігарні».

І вось калі ты трапляеш у букіністычныя кнігарні Лёндану і бачыш, куды менавіта ты трапіў... Там жа ня толькі кнігі — там атлясы, кнігі, плякаты. Там уся гісторыя краіны, усе расьліны, жывёлы, усе энцыкляпэдыі, якія былі там створаныя за шмат гадоў. Гэта калясальная рэч! І ты разумееш, чаму Лёндан, чаму Брытанія, чаму ў іх музыка такая, чаму то, чаму гэта...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Баюся згубіць яшчэ пяць гадоў». Актор Уладзімер Пятровіч пра каранавірус і жыцьцё ў самаізаляцыі

— Ці ёсьць у Менску помнікі, якія б вы, як мастак-дызайнэр, хацелі б прыбраць?

— Я ня буду завастраць пытаньне на канкрэтных помніках, але ў Менску ёсьць шмат таго, што можна было і ня ставіць, што зьявілася выпадкова. Я думаю, што ў Беларусі хапае добрых скульптараў, якія б маглі гэта зрабіць прафэсійна.

А вось помнік Леніну перад Домам ураду я б не прыбіраў. Я ня буду разважаць пра яго палітычны зьмест, які мне не падабаецца, але тое, што ён выдатна зроблены і сядзіць на сваім месцы, гэта так. Я лічу, што гэта адзін з найлепшых помнікаў у Беларусі.

Але тое, што ў Менску ёсьць шмат з таго, што можна прыбраць, і ніхто не заўважыць, гэта таксама праўда. Мне замінае лішні патас некаторых рэчаў.

— Што вы думаеце пра будынак гатэлю, які пабудавалі ў Менску на месцы першай электрастанцыі каля цырку?

— Ды нічога асаблівага я пра яго ня думаю, мяне ніхто не пытаўся пра яго раней. Пра гэта трэба было гаварыць раней, а што цяпер...

— Ён вам не замінае?

— Не, чаму не замінае? Я неяк ехаў з боку вуліцы Казлова да Пляца Перамогі і раптам убачыў там навабуд. Я так прыкінуў яго вобраз — гэта ускраінны навабуд у цэнтры гораду. А пасьля даведаўся, што гэта такое.

Але ведаеце, вунь Нацыянальнага бібліятэка ўсім не падабалася, а цяпер у параўнаньні з тым, што там далей будуюць у бок кальцавой дарогі, дык яна ўжо і нішто сабе. Далей там — яшчэ горш.

Але ў нас жа праекты выбіраюць ня самыя ўдалыя, але самыя танныя. Таму часта — антымастацкія. Ёсьць жа людзі, якія за гэта адказваюць, грамадзтва не пытаюць.

Вось калі ў ХІХ стагодзьдзі рабілі помнік першаму водаправоду «Хлопчык зь лебедзьдзю», які быў не такі дарагі, але ў менчукоў таксама шмат грошай не было, то была пастаўленая скрынка, і людзі туды кідалі грошы. І вось хто ўхваляў праект, той кінуў грошы. І помнік стаіць дагэтуль.

А цяпер нас не пытаюцца. І, здаецца, усё наогул цяпер так у нашым жыцьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працую па скайпе і перажываю за каранавіруснае вар’яцтва ў Беларусі — рэжысэр Уладзімер Шчэрбань зь Лёндану

— А як вы паставіліся да фарбаваньня вазаў на праспэкце Незалежнасьці ў Менску ў жоўты колер?

— Слава Богу, што вярнулі белы колер. Я думаў, гэта нейкі жарт, мастацкая акцыя. Думаў, можа восеньню яны будуць жоўтыя, зімой белыя, вясной зялёныя. Добра, вядома, што вярнулі першапачатковы колер.

Уладзімер Цэсьлер і пандэмія

— Як пандэмія каранавірусу зьмяніла ваша жыцьцё, што новага прынесла ў яго?

— Ды асабліва нічога. Я і раней ня часта з майстэрні выходзіў. Так што апошнія месяцы для мяне лёгка праходзяць, бо нічога не зьмянілася. Я тут раней сядзеў, не выходзячы, і цяпер сяджу.

— Можна сказаць, што вы трымаецеся самаізаляцыі?

— Калі сядзіш адзін і працуеш, гэта і атрымліваецца самаізаляцыя. Я нічога новага не набыў, і нічога ня страціў.

— Па прадукты ходзіце сам у краму?

— Ну вядома, хаджу сам.

— Маску носіце?

— Маску не нашу і не насіў. Пакуль, здаецца, не захварэў. Хаця я і не правяраўся.

— І ў мэтро спускаецеся бяз маскі?

— А я нікуды ня ежджу. Каб ехаць у мэтро, трэба ехаць некуды, а мне асабліва і ня трэба нікуды.

— А рукі дэзынфікуеце, калі ў краму ходзіце?

— Ну прыйшоў і памыў, гэта было і да пандэміі.

— Я нядаўна браў інтэрвію ў Адама Глобуса, дык ён сказаў, што людзям бяз масак у мэтро хочацца даць па пысе.

— Ды ну! Нічога яны не ратуюць, лухта. Гэта толькі самазаспакаеньне, больш нічога. Па пысе, не па пысе... Я вось па Камароўцы хадзіў — палова ў масках, палова бяз масак.

— Ці закранула пандэмія каранавірусу некага з вашых блізкіх ці знаёмых?

— Не, на шчасьце, не.

— Ці баіцеся захварэць?

— Баюся.

— Але для гэтага нічога ня робіце?

— А нічога і нельга зрабіць. Што тут зробіш? Я лічу, што маска не ратуе, а рукі — прыйшоў ды памыў.

— Ці зьмяніліся вашы густы як чытача і гледача падчас пандэміі? Бо шмат для каго апошнія месяцы былі цяжкія, людзі былі ў стрэсе.

— Не, не зьмяніліся. Бо апошнія месяцы для мяне не былі цяжкія. І госьці прыходзілі да мяне ў майстэрню, і чарку выпівалі, нічога страшнага

— Значыць, і вашы кулінарныя густы і рацыён у часы каранавірусу не зьмяніліся?

— Не, і тут усё засталося ранейшым.

Пра Беларусь і сьвет

— Ці сочыце вы за палітычнай сытуацыяй у Беларусі?

— Так, часткова сачу.

— Ці пакінулі вы ўжо за некага з прэтэндэнтаў свой подпіс?

— Так, за дваіх. Імёны называць ня буду.

— Які б дызайн выбарчай маскі вы маглі б прапанаваць?

— Яшчэ над гэта ня думаў.

— А можаце экспромтам для Свабоды намаляваць?

— Не, так хутка гэта ня робіцца. Патрэбны час на асэнсаваньне і прадумваньне праекту. Але тэарэтычна нейкую перадвыбарчую маску зрабіць можна.

— На вашу думку, пандэмія нешта зьменіць у Беларусі?

— Цяжка рабіць прагнозы. Але, напэўна, так. Нешта павінна зьмяніцца, калі тыя ці іншыя ўстановы не працуюць доўгі час. Але канкрэтны прагноз я выдаваць не вазьмуся.

— Якім будзе сьвет пасьля пандэміі? Такім самым, горшым, лепшым?

— Я думаю, што людзі стануць больш ўважліва і беражліва ставіцца адно да аднаго.