Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у Беларусі ў 2019 годзе было 3265 дзейных сялянскіх фэрмэрскіх гаспадарак. За 9 гадоў іх колькасьць павялічылася на траціну.
Звыш 70% гаспадарак займаюцца расьлінаводзтвам, на іх прыпадае больш за 90% фэрмэрскай прадукцыі.
Па стане на 1 студзеня 2020 году фэрмэры выкарыстоўвалі 213,9 тысячы гектараў зямлі (у тым ліку 150,7 тысячы га ворных земляў). За 9 гадоў гэты паказьнік павялічыўся на 85,5% (ворных — на 76,5%).
Фэрмэры маюць 2,5% сельскагаспадарчых земляў рэспублікі. Але пры тым даюць 20,5% аб’ёмаў вытворчасьці гародніны, 7,3% бульбы, 2,7% збожжа, 2,5% буракоў.
Аб’ём вытворчасьці прадукцыі ў фэрмэрскіх гаспадарках у параўнаньні з 2010 годам вырас у суадносных цэнах у 3,1 раза (расьлінаводзтва — у 3,5 раза, а жывёлагадоўлі толькі на 47,5%). Белстат адзначае, што ў тэмпах росту фэрмэры істотна абганяюць сельскагаспадарчыя арганізацыі.
Беларускія фэрмы за год наэкспартавалі прадукцыі на 66,9 млн даляраў, у тым ліку прадалі за мяжу 127,7 тысячы тонаў бульбы, 15,9 тонаў яблыкаў і груш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: гарады ўпарадкавалі, час упарадкаваць вёскі. Эканаміст: вёскі памерлі без прыватнай уласнасьці на зямлю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі ў Беларусі фэрмаў з «абас…ымі каровамі» і чаму так склалася. Тлумачыць Ярашук
Тры тысячы фэрмаў — гэта шмат?
У Расеі на 1 студзеня налічылі 176,3 тысячы фэрмэрскіх гаспадарак, яны апрацоўвалі 60,2% пасяўных плошчаў. Фэрмэрскіх гаспадарак там у 54 разы больш, чым у Беларусі, пры насельніцтве, большым толькі ў 15,5 раза.
Ва Ўкраіне на сярэдзіну 2019 году налічылі 38 451 фэрмэрскае прадпрыемства (але чакаюць істотнага скарачэньня колькасьці фэрмэраў, на 10–12% за год). Гэта амаль у 12 разоў больш, чым у Беларусі, хоць насельніцтва Ўкраіны большае толькі ў 4,6 раза.
Сьвежай статыстыкі колькасьці фэрмэрскіх гаспадарак у краінах Эўразьвязу няма ў адкрытым доступе, але ў зьвестках Эўрастату ёсьць колькасьць «мэнэджараў фэрмаў» (якіх можа быць ня больш за аднаго на гаспадарку) на 2016 год. Статыстыка такая:
- Польшча — 1 419 700 мэнэджараў фэрмаў (у 435 разоў больш за колькасьць фэрмаў у Беларусі на 2019 год пры насельніцтве, большым у 4 разы);
- Літва — 150 320 (у 46 разоў больш, насельніцтва ў 3,5 раза менш);
- Латвія — 69 930 (у 21 раз больш, насельніцтва ў 5 разоў менш).
Баўгарыя, Вугоршчына, Грэцыя, Партугалія і Чэхія пры насельніцтве, параўнальным зь беларускім, мелі адпаведна 202 720, 430 000, 684 950, 258 980 і 26 520 «мэнэджараў фэрмаў».
Найменш у Эўразьвязе мелі Мальта (9310 пры насельніцтве ў 441 тысячу чалавек) і Люксэмбург (1970 пры насельніцтве ў 626 тысяч).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зайздросьцяць, думаю, людзі». Як чыноўнік на пэнсіі стварыў фэрму і прадае «малочку» на 1000 рублёў у дзень ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журавіны ў цукровай пудры: як у Глыбокім вырабляюць беларускі супэрфуд ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як на хутары паміж Друяй і Браславам робяць сыры паводле канадзкіх рэцэптаў