Віктар Малец з-пад Ліды ўсё жыцьцё рабіў у сельскай гаспадарцы. На пэнсіі ня змог ляжаць на канапе. Узяў у арэнду поле і завёў кароў. Як зрабіць надоі ў разы большыя за калгасныя і чаму трэба ведаць цёлак па імёнах, — у рэпартажы Свабоды.
Бараноў — на мяса, воўну — у агонь
Яму 61 год. Паходзіць зь Лідзкага раёну. Сорак гадоў аддаў калгасам як аграном, пазьней як старшыня, а потым як чыноўнік у райвыканкаме. У 55 год выйшаў на пэнсію па стане здароўя.
Сядзець так проста не хацелася. Набыў кароў для сябе. Меў малако, масла, тварог, сыр.
Аднак гэтага было мала. Цяпер у Віктара 123 гектары зямлі ў вёсцы Брындзянята, што за 10 хвілін ад Ліды. Фэрме ўжо тры гады.
Першае поле — з баранамі. Дзьве сотні галоў. Яны ідуць на мяса. Воўну хацелі здаваць, але спальваюць. Яе прымае толькі завод у Воршы, а плоціць «капейкі» — вазіць нявыгадна.
Попыт на бараніну таксама невялікі. Раней бралі ахвотней.
Пастухі і даярка маюць «папяццот»
Цяпер мала хто займаецца жывёлай, тлумачыць фэрмэр. Гэта цяжэй, чым садаводзтва. Але яму з расьлінамі нецікава. Праўда, бульбу ён саджае, сее збожжа і траву, каб быў корм жывёле.
На фэрме робяць трое: два пастухі ды даярка. Свае «папяццот» яны маюць, плюс харчаваньне на працы. Сямʼя Віктара амаль не дапамагае ў гаспадарцы: жонка яшчэ не на пэнсіі, сыны займаюцца іншымі справамі.
Памочнік побач зь дзедам — шасьцігадовы Максімка. Хлопчык паўсюль ходзіць хвосьцікам, быдла не баіцца, можа падаіць карову.
Віктар кажа, што праблем амаль ня мае. Адзіная — працоўныя рукі. Як толькі дасі заробак, усе пʼюць.
«Народ развучваецца рабіць. Ня так, як некалі мы ў дзяцінстве», — шкадуе мужчына.
Калі ён быў малы, бацькі трымалі і кароваў, і коней. Бацька рабіў трактарыстам.
«Закрэдытаваны я па поўнай праграме»
Цяпер і ў Віктара два свае трактары — беларускай вытворчасьці. Каб набыць першы, браў крэдыт на 360 мільёнаў (недэнамінаваных) рублёў пад 5% на 7 гадоў. Кажа, гэта адзінае, што дапамагло яму распачаць сваю справу. З добрага — першыя тры гады ня трэба плаціць падаткі. Больш ільготаў для фэрмэраў у дзяржаве не прадугледжана.
«Тут землі былі запушчаныя. Кусты павыдзіраў, поле пераараў, засеяў іншай травой», — расказвае пра пачатак працаў суразмоўца.
Ён плянуе рабіць сэртыфікат аб экалягічнай прадукцыі. Угнаеньняў на полі няма. Жывёле не даюць камбікорму.
Колькі ўжо ўклаў у гаспадарку, Віктар разводзіць рукамі: не лічыў.
«Закрэдытаваны я па поўнай праграме. Без крэдытаў ніяк ня выкруцісься. Вось яшчэ вазьму крэдыт пад 15%, каб закрыць пытаньні на зіму. Ня так лёгка, калі пачынаеш. Крэдыт узяць — а чым яго гасіць? Усё ўкладваеш у разьвіцьцё. Трэба адно поле рыхтаваць, другое. Купляць траву трэба, зерне. Я нават сынам не дапамагаю, хату нікому не будую», — расказвае фэрмэр.
Па ягоных падліках, штомесяц на разьвіцьцё гаспадаркі ідзе па 5–6 тысяч даляраў.
«Коні мне для душы, птушка — як хобі»
Каля вясковага дома, які набылі адмыслова пад фэрму, пасьвяцца тры маладыя кані. Яшчэ не абʼежджаныя. Прыбытку зь іх ніякага.
«Яны мне для душы», — тлумачыць фэрмэр.
Ён вітаецца з кожным, гладзіць, пяшчотна прыгаворваючы. У жыцьці ён шмат езьдзіў конна. У плянах зрабіць тут агратурызм. Узімку коні будуць вазіць корм, каб эканоміць на салярцы.
«Цацарак разьвядзём, хату яшчэ адну набудзем», — марыць услых Віктар.
За агароджай каля дома ходзяць птушкі: гусі, мускусныя качкі з дыетычным мясам, больш тлустыя ўкраінскія качкі. Усяго каля сотні. Але птушкі таксама як хобі. Часам на продаж. Прыбытак зь іх невялікі.
Віктару прыкра, што вясковую «чыстую» птушку цяпер бяруць менш ахвотна, чым напампаваных антыбіётыкамі бройлераў.
«Калі табе ўсё на сподачку, нічога ня будзе»
«Працаваць трэба. Калі табе ўсё на сподачку, нічога ня будзе. Гэта нялёгкая праца. Хто не ішоў у фэрмэрства, той ня ведае. Плёнка дарагая, салярка дарагая. Нават машыну пяску ўзяць — гэта шалёныя грошы», — кажа Віктар.
Ён узгадвае часы, калі ўзначальваў калгас. У кабінэце не сядзеў, ад беганіны злазіла скура на нагах. Але ведаў, дзе і што ў яго адбываецца. Мяркуе, што супрацоўнікі яго не падманвалі, з усімі па-добраму дамаўляўся. Падняў апарос з 3–5 парасят ад мацёры да 10 штук.
«Я любіў жывёлаў. Я ведаў пра сьвіньняў усё. Супрацоўнічаў з навукоўцамі», — кажа пра сакрэт суразмоўца.
Мы праяжджаем каля ягонага поля, на якім вырошчвалі бульбу. Ураджай ужо выбралі, але нават з дарогі відаць, што процьму бульбы пакінулі ў зямлі. Капалі найманыя рабочыя, працавалі неахайна. Віктар кажа, што цяпер па начах прыходзяць людзі і дазьбіраюць сабе рэшту.
«Мне ж гэта не бясплатна дасталася. Прыйдзі — папрасі. Як раней было: тры мяшкі сабе зьбіраеш, два мне», — абураецца мужчына.
«Бачыце, якія ручныя»
Урэшце даяжджаем да апошняга поля. На ім без агароджы стаяць 30 дарослых цёлак, маладняк пасьвяць асобна. За каровамі прыглядае пастух з сабакам.
«Не махайце на іх. Ідзіце спакойна. Яны ручныя», — супакойвае Віктар.
Спачатку статак адыходзіць далей — баіцца незнаёмых. Аднак праз колькі хвілін каровы падыходзяць бліжэй і ўрэшце бяруць гасьцей у шчыльнае кола. Гэта ня спосаб атакі. Так яны просяць увагі. Падстаўляюць ілбы і насы, каб іх пагладзілі, спрабуюць аблізаць. Як тыя хатнія сабачкі. Лёгка падбіваюць у бок рогам — так бавяцца.
«Вы пыталіся, як я адпачываю. Гэта мой самы лепшы адпачынак зь імі», — тлумачыць Віктар і абдымае сваіх рагуляў.
Кожную ён ведае па імені. Вось падыходзіць рудая Смаргонь, яе купілі ў Смаргонях. Далей ляжыць незвычайнага шэрага колеру Браніслава швіцкай пароды. Цалкам чорная — Ночка; Багіра некалі была дзёрзкай каровай, а цяпер стала «самая лепшая», дае 35 літраў малака ў дзень. Сёстры Гіта і Зіта, Вэнэра, Марта, Мілка, Белка, Маруся, Кветка, — знаёміць Віктар зь «дзевачкамі».
Ён запэўнівае, што каровы таксама ведаюць свае імёны і адгукаюцца.
«Лізка, Ліза», — гукае ён карову, што стаіць далекавата і скубе траву. Лізка падымае галаву і глядзіць на гаспадара.
«Бачыце, якія ручныя. Калгасныя так ня будуць», — тлумачыць фэрмэр.
Фэрмэрскія каровы даюць малака ў разы больш, чым калгасныя
Ён сам добры з каровамі і сварыцца на рабочых, калі заўважыць, што тыя бʼюць іх або крычаць.
Віктар упэўнены, што праз дабрыню каровы даюць больш малака. У калгасе ў сярэднім карова дае 8–10 літраў у дзень. Ягоныя каровы даюць па 20–35 літраў. Тлустасьць 4–5%, у краме такое рэдка знойдзеш. Мяркуе, што калі ягоных кароў цяпер аддаць у калгас, то надоі зьменшацца.
Віктар узгадвае, што ў калгасе плаціў даяркам не за абʼём, а за тлустасьць малака, каб не разбаўлялі вадой.
Да таго ж так каровы растуць спакойныя, іх потым лягчэй навучыць даіцца.
Каровы ў прыватнай гаспадарцы жывуць па 17-18 гадоў. У калгасе — 3-5 гадоў, бо жывуць на камбікорме, не вытрымлівае печань.
Віктар цёлак не забівае на мяса, толькі калі захварэюць або састарэюць. І то шкадуе. Бычкоў таксама прадае людзям гадаваць, а не пад нож. Кажа, што як кароў вязуць на бойню, то яны адчуваюць і плачуць.
«Я нават у шпіталь не магу легчы. Як яны тут безь мяне?»
Прадукцыю Віктар возіць на рынкі ў Ліду, Горадню, Менск. Кажа, стратаў пакуль няма, але і прыбытку вялікага таксама. Найлепш ідуць малочныя прадукты. У лепшыя дні яны даюць па 1000 рублёў выручкі.
«Зайздросьцяць, я думаю, людзі. Кажуць: „Малако — дорага“. А мы аддаём малако з тлустасьцю 4,2% па 1 рублі. Гэта ж не парашок растварылі. Груба кажучы, крамнае масла каштуе 19 рублёў, а нашае — 20 рублёў. Але ў нас тлустае. У лябараторыі тлустамера на 85% не хапае на нашае масла. Гэта ж ня пальма. Гэта натуральны прадукт», — кажа Віктар.
— У вас заможная сямʼя?
— Сярэдняга дастатку, нічога звышнатуральнага, машына старэнькая. На хлеб, масла ёсьць. Можам сабе дазволіць уключыць у хаце кацёл да ацяпляльнага сэзону. Калі б я быў на пэнсіі, то сядзелі б, дрыжэлі. Мы не імкнёмся да раскошы, ні футраў, ні мора. Я нават у шпіталь не магу легчы. Як яны тут безь мяне? — кажа Віктар.
У адказ на пытаньне пра мару ён губляецца.
«Унукаў ужо пяць. Каб усё было добра, мірна. Каб здароўе было і дазволіла яшчэ рабіць», — кажа мужчына.