Любы сур’ёзны кандыдат на гэтых выбарах будзе дамагацца падтрымкі з боку Расеі, — палітоляг

Віктар Бабарыка, Аляксандр Лукашэнка і Валер Цапкала

Кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі заяўляе, што цяпер стварыліся спрыяльныя геапалітычныя ўмовы для ўмяшаньня Расеі ў беларускія выбары, адказвае на пытаньне, ці не зьяўляецца «пагроза Расеі» страшылкай улады, і заяўляе, што калі гэтая прэзыдэнцкая кампанія пойдзе паводле жорсткага сцэнару, то гэта будзе азначаць крызіс вонкавай легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі.

Сьцісла

  • Зараз стварыліся ўсе ўмовы — унутрыпалітычныя, замежнапалітычныя, якія спрыяюць умяшаньню з боку Расеі.
  • Аляксандар Лукашэнка сваёй пазыцыяй стрымлівае стратэгічныя намеры Масквы у заходнім кірунку.
  • У Менску нарэшце зразумелі, што Расея зь сяброўскай і партнэрскай краіны ператвараецца ў пагрозу незалежнасьці.
  • Любы кандыдат, які будзе ўсур’ёз аспрэчваць манаполію на ўладу Лукашэнкі, будзе дамагацца падтрымкі з боку Расеі.
  • Калі гэтая кампанія пойдзе паводле жорсткага сцэнару, то гэта будзе азначаць крызіс вонкавай легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі.

— Апошнія дні вы зноў даволі актыўна сталі пісаць тэксты пра магчымасьць і небясьпеку «прамога ўмяшаньня Расеі» ў прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. З другога боку, многія аналітыкі заяўляюць, што Крэмль ня мае намеру і жаданьня актыўна ўмешвацца ў гэтыя выбары. Якія ў вас доказы вашай вэрсіі?

— Пра такі сцэнар мы разважаем і папярэджваем ад 2015 году, калі стала зразумела, што Беларусь можа стаць новым «геапалітычным посьпехам» для Крамля. Бо менавіта ад 2015 году ідзе плянамерная і мэтанакіраваная падрыхтоўка да ўмяшаньня ў палітычныя працэсы ў Беларусі. І гэтае ўмяшаньне не выключае выкарыстаньня ваенных сродкаў, ня кажучы пра такія інструмэнты, як інфармацыйны, палітычны і эканамічны ціск. Мы назіраем павялічэньне гэтага комплекснага ціску на беларускі бок.

Арсень Сівіцкі

Цяпер стварыліся ўсе ўмовы — унутрыпалітычныя, замежнапалітычныя, якія спрыяюць гэтаму ўмяшаньню з боку Расеі.

— Якія гэта ўмовы?

— Перш за ўсё, мы бачым, што пратэставыя настроі ў беларускім грамадзтве даволі істотна ўзмацніліся ў выніку эпідэміялягічнага і эканамічнага крызісаў. Сукупнасьць гэтых двух чыньнікаў стварае вельмі сур’ёзныя падставы для дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі. З другога боку, калі казаць пра геапалітычны ляндшафт, то мы бачым, што адным з вынікаў каранавірусу стала ўзмацненьне нацыянальнага эгаізму. ЗША і Эўразьвяз цяпер сфакусаваныя на ўнутраных праблемах, Кітай найперш заклапочаны стасункамі з ЗША.

Таму Расея, па сутнасьці, мае карт-блянш, каб прасунуць свае геапалітычныя інтарэсы ў Беларусі і Ўкраіне.

— У якой форме Расея захоча «прасоўваць свае інтарэсы»? Кожныя выбары ў Беларусі ўзьнікаюць размовы, што Крэмль будзе імкнуцца адсунуць Лукашэнку ад улады, і кожны раз у выніку аказваецца, што Масква альбо яго падтрымлівала, альбо захоўвала нэўтральнасьць. Любы іншы чалавек на пасадзе кіраўніка Беларусі азначае няпэўнасць і магчымы хаос для Крамля. Чаму ж Масква павінна імкнуцца замяніць Лукашэнку?

— Аляксандар Лукашэнка сваёй пазыцыяй у кантэксьце супрацьстаяньні Расеі і Захаду, па сутнасьці, стрымлівае стратэгічныя намеры Масквы ў заходнім кірунку. Менск адмовіўся далучыццца да мілітарысцкіх плянаў Крамля ў дачыненьні Ўкраіны, дзяржаваў Балтыі і Польшчы. Больш за тое, Аляксандар Лукашэнка адмовіўся ад так званага «інтэграцыйнага ўльтыматуму». У 2010 годзе за тыдзень да галасаваньня Лукашэнка ўсё ж такі падпісаў пакет дакумэнтаў аб стварэньні мытнага саюзу.

Але сёньня сытуацыя радыкальна адрозьніваецца. Бо калі Беларусь далучалася да мытнага саюзу, яна захоўвала сувэрэнітэт, стратэгічную аўтаномію ў адносінах з Расеяй, і цяпер мае магчымасьць блякаваць рашэньні Расеі ў інтэграцыйных утварэньнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад каго на гэтых выбарах зыходзіць «расейская пагроза»

Але той інтэграцыйны ўльтыматум, які зараз навязвае Расея Аляксандру Лукашэнку, відавочна прывядзе да страты стратэгічнай аўтаноміі Беларусі, якая дазваляе блякаваць нявыгадныя для Беларусі рашэньні. А таксама прывядзе да падрыву манапольнай улады Аляксандра Лукашэнкі. І гэта тая чырвоная лінія, празь якую ён не зьбіраецца і ня можа пераходзіць.

З улікам таго, што Крэмль не зьбіраецца адмаўляцца ад свайго інтэграцыйнага ўльтыматуму, відавочна, што нарастаньне супярэчнасьцяў так ці іначай прывядзе да канфлікту і крызісу ў адносінах.

Уладзімір Пуцін, ілюстрацыйнае фота

— На выбарах 2015 году галоўнай «страшылкай» была тэма Майдана: «Вы хочаце, каб было як ва Ўкраіне?» Маўляў, «калі мы выйдзем на Плошчу, то прыйдзе Пуцін і тут будзе Расея». Але ў цяперашняй кампаніі гэта, здаецца, ужо не працуе. Цяпер тэзіс пра «пагрозу Расеі» ўспрымаецца многімі як хітрыкі ўладаў. Многія людзі, здаецца, нават гатовыя сказаць: «Ну няхай хоць Расея дапаможа яго скінуць». Бо галоўнае пытаньне для большасьці — як адхіліць ад улады Лукашэнку, а ня што будзе потым.

— Трэба ўдакладніць, чым адрозьніваецца сытуацыя ў 2015-м і чаму жорсткі сцэнар тады быў менш верагодны, чым сёньня. У 2015 годзе ў Расеі зьявілася сырыйская кампанія. Для Расеі тады важна было прадэманстраваць, што яна зьяўляецца ня толькі рэгіянальнай дзяржавай, але і глабальным гульцом, зь якім трэба лічыцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выбараў у Беларусі перамовы аб інтэграцыі адновяцца з новай сілай, — расейскі палітоляг

У 2015 годзе ў Крамлі на стале ляжала два партфоліё — беларускае і сырыйскае. Тады было вырашана спачатку адпрацаваць сырыйскую тэму, а ўжо потым вяртацца да Беларусі. Тады Менск толькі пачынаў выходзіць з ізаляцыі, нармалізоўваць адносіны з Захадам, паглыбляць стратэгічныя стасункі з Кітаем. Усе гэтыя тэндэнцыі і працэсы маглі ствараць пагрозу для інтарэсаў Расеі толькі ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве — 5-10 гадоў.

Цяпер гэтыя 5 гадоў прайшлі. Беларусь дабілася пэўных поспехаў у гэтых кірунках, і гэта ня можа не хваляваць расейскі бок. Таму цяпер рызыка ўмяшаньня Расеі ў беларускія справы вельмі вялікая.

Можна зразумець тых, хто лічыць, што «пагроза з боку Расеі» выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі для таго, каб мабілізаваць электарат на падтрымку Лукашэнку. Але такі акцэнт зьвязаны з тым, што ў Менску нарэшце зразумелі, што Расея зь сяброўскай і партнэрскай краіны ператвараецца ў пагрозу незалежнасьці.

Аднак я пагаджуся і з тымі, хто лічыць, што гэты лёзунг не зьяўляецца вельмі эфэктыўным для мэтаў мабілізацыі электарату ва ўмовах, калі сацыяльна-эканамічнае становішча пагаршаецца. І гэтыя пытаньні — мовы, гісторыі, нават незалежнасьці — адыходзяць на другі плян для большасьці беларусаў.

— Калі Расея мае нейкія такія падступныя пляны, то яны павінны абапірацца на кагосьці. Ці бачыце вы адпаведныя структуры, арганізацыі, якія маглі б спрыяць ажыцьцяўленьню ў Беларусі плянаў Масквы? Ці бачыце вы сярод прэтэндэнтаў у прэзыдэнты людзей, якія маглі б стаць рычагамі для ажыцьцяўленьня гэтых плянаў Расеі?

— Расея мае вельмі шырокі інструмэнтар уплыву на ўнутрыпалітычную сытуацыю, як прама, так і ўскосна. Апошнім часам, цягам 3-4 гадоў, Расея разгортвала інфраструктуру ўплыву. Найперш уплыву на грамадзкія настроі. Стварэньне розных інфармацыйных сетак, нетрадыцыйных мэдыя, выкарыстоўваньне інфармацыйных тэхналёгіяў — тролі, боты, гэтак далей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гэтай кампаніі Лукашэнка ўжо не зьяўляецца самым прарасейскім палітыкам, — палітоляг

У прэзыдэнцкай кампаніі так ці інакш любы кандыдат, які будзе ўсур’ёз спрабаваць аспрэчыць манаполію на ўладу Аляксандра Лукашэнкі, будзе дамагацца падтрымкі з боку Расеі. Гэта цалкам натуральна з дзьвюх прычынаў. Першая — большасьць беларусаў геапалітычна арыентуюцца на саюз ці моцныя партнэрскія стасункі з Расеяй. Другая — усе разумеюць, што якія б не былі вынікі кампаніі, легітымнасьць гэтых вынікаў залежыць ад пазыцыі Расеі. Ці прымае яна іх, ці зьбіраецца яна працаваць з выбраным прэзыдэнтам або не.

На прыкладзе Ўкраіны мы можам казаць, што калі ў лютым 2014-га адбыўся канстытуцыйны пераход улады, Расея гэтага працэсу не прызнала і выкарыстала ў якасьці нагоды для ваеннага ўмяшаньня. Я думаю, усе беларускія асноўныя кандыдаты гэта разумеюць. І калі яны і да сёньня не наладзілі адносіны з Крамлём, яны будуць шукаць гэтыя стасункі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці адмовіцца Масква ад Лукашэнкі

Моцная пагроза палягае ў тым, што калі гэтая кампанія пойдзе паводле жорсткага сцэнару, то гэта будзе азначаць у тым ліку крызіс вонкавай легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі. Гэтым абавязкова скарыстаецца Масква, мы гэты ўжо бачылі ў 2011–2014 гадах. Гэта мінімум. А максымум — пераканаць міжнародных партнэраў, што ўмяшаньне Расеі ў беларускі крызіс будзе спрыяць ягонаму хутчэйшаму вырашэньню. І тады яно адбудзецца пад спрыяльнымі ўмовамі для Расеі і ня выкліча нэгатыўнай рэакцыі Захаду.

— У выніку — што беларускія ўлады могуць і павінны рабіць, калі яны ведаюць і разумеюць пагрозу з боку Расеі? Як сабе паводзіць, каб пагасіць гэтую небясьпеку?

— Першае — адмовіцца ад жорсткіх рэпрэсійных практык, якія прыводзяць да ўзмацненьня пратэставых настрояў. Другое —​ крызіс легітымнасьці часам зьвязаны з тым, што асноўныя палітычныя гульцы, у нашым выпадку гэта Лукашэнка, ня хочуць дзяліцца ўладай. Таму відавочна неабходна стварэньне такіх пляцовак, дзе прадстаўнікі розных групаў могуць сесьці за адзін стол і разважаць пра далейшы лёс краіны. Мне здаецца, што два такія крокі маглі б паспрыяць таму, што градус напружанасьці ў беларускім грамадзтве пачаў бы зьніжацца.

І самы галоўны рэцэпт — эфэктыўнае і апэратыўнае вырашэньне тых праблем, зь якімі сутыкаецца грамадзтва. У замежнай палітыцы трэба адпавядаць чаканьням нашых асноўных партнэраў, найперш Захаду і Кітаю. На сёньня мы ім адпавядаем па мінімуме, таму яны ўсё менш зьвяртаюць увагу на Беларусь.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.