Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка абвясьціў 9 чэрвеня пра стварэньне новай грамадзянскай ініцыятывы «Честные люди», накіраванай на «вольны ўдзел у справядлівых выбарах».
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
У суполках ініцыятывы ў сацыяльных сетках ён абяцае разьмяшчаць зьвесткі пра інструмэнты і альгарытмы таго, як такіх выбараў дамагчыся. Ужо разьмешчаныя форма для заяўкі на ўдзел у выбарчай камісіі і форма для падачы зьвестак аб парушэньні заканадаўства пры зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатаў.
Раней Бабарыка падаваў скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію ў сувязі з заявамі пра парушэньні пры зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку, а таксама ў сувязі са словамі самога Лукашэнкі, якія палічыў дыскрымінацыйнымі і паклёпніцкімі. Цэнтральная выбарчая камісія аднагалосна адхіліла скаргу, на ўсе заявы пра парушэньні адказвалі прыблізна аднолькава: або ня выявілі, хто на каго скардзіўся, або спыталі самога абвінавачанага ў парушэньнях, а той адказаў, што парушэньня не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК адхіліла скаргі Бабарыкі, здымаць з выбараў Лукашэнку адмовіласяПраваабаронцы зьвярнуліся да праўладных партыяў
Кампанія «Права выбару» тым часам апублікавала адкрыты ліст да праўладных партыяў і аб’яднаньняў з заклікам спыніць удзел у фальсыфікацыі выбараў і не вылучаць «фіктыўных» чальцоў выбарчых камісіяў.
Заклік адрасавалі Беларускай аграрнай партыі, Беларускай патрыятычнай партыі, Беларускай сацыяльна-спартовай партыі, Камуністычнай партыі Беларусі, Лібэрал-дэмакратычнай партыі, Рэспубліканскай партыі, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці, Сацыял-дэмакратычнай партыі Народнай згоды, Беларускаму саюзу жанчын, Беларускаму фонду міру, Беларускаму грамадзкаму аб’яднаньню вэтэранаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дыскрымінацыйны падыход застаўся»,— назіральнікі пра першы этап фармаваньня выбарчых камісійПраваабаронцы адзначылі, што заканадаўства абавязвае фармаваць выбарчыя камісіі прынамсі на траціну з прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Але большасьць камісіяў фармуюць з супрацоўнікаў аднаго ці двух прадпрыемстваў, а кіраўніком камісіі робяць начальніка гэтых працаўнікоў, што парушае прынцып незалежнасьці камісіяў.
Фармальна патрабаваньні Выбарчага кодэксу выконваюць, «карыстаючыся брэндамі вашых арганізацыяў», пішуць праваабаронцы праўладным партыям. На мінулых парлямэнцкіх выбарах у камісіі трапілі ад 93% да 100% людзей, вылучаных ад праўладных партыяў, тады як ад іншых партыяў «гэтая доля была на ўзроўні статыстычнай хібнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аўтарам нашай праграмы быў Лукашэнка». Як жывуць партыі-«фантомы»Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.