Апоўдні 7 чэрвеня тры сотні праціўнікаў запуску акумулятарнага заводу iPower выйшлі ў цэнтар Берасьця на традыцыйнае «кармленьне галубоў» — два з паловай гады яны штотыдзень выходзяць на такі пратэст. Да іх выйшлі новыя ўладальнікі прадпрыемства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У акумулятарнага заводу ў Берасьці зьмяніліся ўладальнікі. Новыя гуляюць у хакей з ЛукашэнкамНовыя ўладальнікі Сяргей Кагановіч і Дзьмітры Баскаў запрасілі пратэстоўцаў наведаць прадпрыемства, перадае БелаПАН словы лідэра кампаніі супраць заводу Дзьмітрыя Бекалюка. Пратэстоўцы заявілі, што гэта ня вырашыць праблемаў заводу і запатрабавалі правесьці экалягічныя абмеркаваньні праекту — новыя ўладальнікі пагадзіліся.
На бягучым тыдні актывісты зьбіраюцца накіраваць мясцовым уладам заяву аб грамадзкіх экалягічных абмеркаваньнях, хочуць ладзіць іх у гарадзкім парку. Такіх абмеркаваньняў яны дамагаліся больш за два гады — іх вынікі будуць мець законную моц і дазволяць людзям вырашыць лёс заводу, кажа Бекалюк.
Як адзначае Tut.by, зьяўленьне на пратэсьце прадстаўнікоў заводу было нечаканым, бо «за два з паловай гады пратэсту такога яшчэ не было».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці будуць працягвацца пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці пасьля зьмены ўласьніка?Сярод пратэстоўцаў, адзначае карэспандэнт выданьня, хадзіў мужчына, які раздаваў улёткі «Праўда пра бясьпеку акумулятарнага заводу», у якіх сьцьвярджалася, што завод ня будзе пераплаўляць ужываныя акумулятары і што максымальны выкід сьвінцу складзе 17 кг на год.
Новыя ўладальнікі заводу тлумачылі таксама, што перад «уваходам у вытворчасьць» правялі ўласны эканамічны і экалягічны аўдыт — толькі калі пераканаліся, што «няма пытаньняў», выкупілі долю. Пры тым яны прызналі, што мінулыя ўласьнікі «дапусьцілі шэраг памылак» як у праектаваньні, так і ў кантактах з народам.
Бекалюк адказаў на словы новых уладальнікаў заводу: пратэстоўцы ня мелі прэтэнзіяў да старых уласьнікаў, мелі толькі да заводу.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.