Прэтэндэнт на вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Віктар Бабарыка сказаў, што паважае групу, якая выступае за закрыцьцё акумулятарнага завода, які будуецца пад Берасьцем.
«Вы гэта робіце ня першы год і ваша мужнасьць, прынцыповасьць выклікае вялікую павагу. — сказаў Бабарыка. — Беларусь не памыйніца. Беларусь ня сьмецьцевая звалка. У Беларусі няма вялізных тэрыторый, на якіх можна было б рабіць брудныя вытворчасьці. Наша краіна вялікая, але не настолькі вялікая і працяглая, каб можна было знайсьці кавалачак, які можна было б забрудзіць. Таму я прынцыпова супраць любых брудных вытворчасьцей».
Ён сказаў, што пры прыняцьці рашэньня павінны ўлічвацца эканамічныя, экалягічныя і іншыя аспэкты.
«Эканоміка вышэй за ўсё безумоўна. Але перад гэтым заўсёды павінны стаяць людзі і людзі павінны разумець», — сказаў ён. Ён лічыць, што «нікому не патлумачылі навошта беларусам гэты завод».
«Можа там ёсьць нейкая неверагодная патрэба. Таму думку людзей трэба абавязкова ўлічваць перад тым як ёсьць меркаваньне эканомікі».
Віктар Бабарыка сказаў, што каб вырашыць гэту праблему трэба прайсьці праз 9 жніўня.
«Краіна для людзей, а не людзі для краіны. Гэта вельмі важны момант», — сказаў ён.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.