Вылучэнка ў кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская дала кароткае тэлевізійнае інтэрвію расейскаму каналу «Дождь».
У ім жонка арыштаванага блогера Сяргея Ціханоўскага ў чарговы раз выказала сумнеў, што 900 000 даляраў, якія, нібыта знайшлі сьледчыя падчас трэцяга вобшуку на лецішчы яе мужа пад Гомлем, належаць менавіта яму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як прэтэндэнты на найвышэйшую пасаду зьбіралі подпісы на Камароўцы. ФОТА, ВІДЭАНа пытаньне вядучага, ці падкінулі гэтыя грошы Сяргею Ціханоўскаму, Сьвятлана патлумачыла, што ня можа гэтага сьцьвердзіць, паколькі гэта можа быць расцэнена як абвінавачваньне праваахоўнікаў.
«Я вельмі сумняваюся ў тым, што ён мог зарабіць гэтыя грошы. (...) Калі б былі такія грошы — у сям’і ці ў Сяргея, — то напэўна ён бы не змагаўся за нейкія правы простага народа», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Сьвятлана Ціханоўская пакуль не давала разгорнутых інтэрвію беларускім СМІ. У камэнтары пасьля вобшуку на лецішчы яе мужа, 4 чэрвеня, яна заявіла:
«Я проста ў шоку! — плача Сьвятлана. — Мы з хлеба на ваду перабіваемся, а тут такія грошы! Мяркую, іх маглі падкінуць. Маці Сяргея 71 год, яе ноч марнавалі, і яна перахвалявалася. Калі пачалі даставаць даляры, яна сказала, што „гэта мы з сынам зараблялі“, бо ня ведала і ня бачыла, колькі там. Маці Сяргея, калі хвалюецца, бянтэжыцца, усё забывае, тым больш да гэтага ноч ня спала».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сотні людзей у Гомлі выйшлі на пікеты. Што яны казаліУ гомельскім доме блогера Сяргея Ціханоўскага, кіраўніка ініцыятыўнай групы прэтэндэнткі на кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, сьледчыя знайшлі 900 тысяч даляраў, паведаміў Свабодзе раніцай 4 чэрвеня паплечнік Ціханоўскіх Аляксандар Кабанаў. Пазьней інфармацыю пацьвердзілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.
Беларускія карыстальнікі сацыяльных сетак успрынялі гэтае паведамленьне зь недаверам і сарказмам.