Краіны OPEC+ папярэдне дамовіліся працягнуць яшчэ на месяц скарачэньне здабычы нафты, паведамляюць агенцтвы Reuters і Bloomberg.
Зьніжэньне здабычы на 9,7 млн барэляў у содні будзе доўжыцца да канца ліпеня. Першапачаткова плянавалася, што ў ліпені скарачэньне складзе 7,7 млн барэляў у содні.
Bloomberg са спасылкай на чарнавы варыянт камюніке піша, што чальцы альянсу, якія не рэалізавалі на 100% абавязацельствы ў траўні і чэрвені, дадаткова скароцяць здабычу ў ліпені-верасьні, каб кампэнсаваць невыкананьне квот.
Па дадзеных Bloomberg, Масква і Эр-Рыяд патрацілі тыдзень на тое, каб угаварыць Ірак, Нігерыю і іншых, хто ня змог цалкам выканаць абавязацельствы, зрабіць гэта.
Reuters са спасылкай на крыніцы ў OPEC+ паведамляў, што Саудаўская Арабія разглядала магчымасьць падаўжэньня абмежаваньняў да канца лета або нават да сьнежня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля гістарычнага абвалу ў сакавіку цэны на нафту падняліся да максымуму ў 2020 годзеСусьветныя цэны на нафту абрынуліся ў пачатку сакавіка гэтага году, пасьля таго як Расея і Сырыя не змаглі дамовіцца аб працягу зьдзелкі OPEC+ аб скарачэньні здабычы нафты, якое падтрымлівала цэны на ўзроўні вышэй за $ 50 за барэль на працягу апошніх трох гадоў. Тэрмін дзеяньня пагадненьня скончыўся 1 красавіка.
З гэтага моманту Саудаўская Арабія пачала павялічваць здабычу, а да гэтага абвясьціла, што гатовая прадаваць сваю нафту Arab Light ў Эўропе са значнай зьніжкай, каб патроіць пастаўкі. Саудаўскія ўлады разьлічвалі, што эўрапейскія і іншыя нафтазаводы, якія традыцыйна працавалі на расейскай нафце, праз гэта пераключацца на Arab Light.
На агульнае падзеньне попыту на нафту ў сьвеце моцна паўплывалі і іншыя фактары: неспрыяльная сытуацыя ў сьвеце ў сувязі з каранавіруснай пандэміяй, падзеньне вытворчасьці ў розных рэгіёнах сьвету, асабліва ў Кітаі, а таксама цёплая зіма і, як вынік, памяншэньне попыту на энэрганосьбіты. Аднак значны ціск на цэны на нафту аказала менавіта спыненьне дзеяньня ўгоды OPEC+.