У чаканьні новых рашэньняў краін – экспартэраў нафты ў фармаце OPEC+ цэны на сыравіну падняліся да максімуму ад моманту нафтавага крызісу.
Так, марка Brent таргуецца вышэй за 40 даляраў за барэль, WTI — 37 даляраў. Пра гэта сьведчаць дадзеныя таргоў Лёнданскай біржы ICE.
Цэны на нафту ўпалі да мінімуму ў пачатку сакавіка, пасьля таго, як удзельнікі OPEC і Расея не дамовіліся адносна абмежаваньняў здабычы нафты ва ўмовах пандэміі каранавірусу і скарачэньня попыту на сыравіну.
Калі ўгода сарвалася, Саудаўская Арабія рэзка павялічыла здабычу нафты і дала пакупнікам рэкордныя зьніжкі. У выніку сховішчы па ўсім сьвеце перапоўніліся, а прапанова перавышала магчымасьці рэалізацыі.
Але ад траўня набыло моц новае пагадненьне, у выніку якога 23 краіны абмежавалі здабычу амаль на 10 мільёнаў барэляў штодзень. Яно прадугледжвала, што з чэрвеня абмежаваньне аслабее да 7,7 мільёна барэляў. Аднак, паводле крыніц, бакі могуць падоўжыць максымальныя абмежаваньні.