Пік пандэміі пройдзены?

Упершыню, паводле афіцыйнай статыстыкі, з пачатку эпідэміі на працягу чатырох дзён колькасьць новых выяўленых інфікаваных менш, чым колькасьць новых ачунялых і памерлых.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Сьцісла

  • Падставы казаць, што пік пандэміі пройдзены, пакуль нетрывалыя і няпэўныя
  • Упершыню з пачатку эпідэміі на працягу чатырох дзён колькасьць новых выяўленых інфікаваных менш, чым колькасьць новых ачунялых і памерлых
  • Прагнозы наконт піку пандэміі памыліліся на тыдзень
  • Спад пандэміі можа як аслабіць, гэта і ўмацаваць грамадзкае незадавальненьне ад палітыкі ўладаў адносна захворваньня
  • Калі пік пандэміі і пройдзены, пік яе эканамічных наступстваў, так выглядае, яшчэ наперадзе

Прадстаўнікі ўладаў, у тым ліку міністэрства здароўя і Аляксандар Лукашэнка, у мінулым некалькі разоў абвяшчалі, што пандэмія ў краіне дасягнула піку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры прагнозы піку каранавірусу ад уладаў ня спраўдзіліся. Пяты: 14 жніўня «забудзем гэты жахлівы сон»

Але цяпер, здаецца, нарэшце зьявіліся падставы пра гэта казаць. Пакуль — з пытальнікам. Пакуль новая тэндэнцыя яшчэ ня вельмі ўстойлівая, надта кароткі тэрмін яна яшчэ доўжыцца і яе яшчэ пакуль можна патлумачыць адно ваганьнямі.

Але ўпершыню з пачатку эпідэміі, са зьяўленьня першага хворага 28 лютага, на працягу трох дзён колькасьць новых выяўленых інфікаваных менш, чым колькасьць новых ачунялых і памерлых.

Варта заўважыць, што ўжо месяц колькасьць інфікаваных расьце паводле арытмэтычнай, а не геамэтрычнай прагрэсіі, іншымі словамі, штодзень колькасьць новых выяўленых інфікаваных павялічваецца на прыкладна аднолькавае значэньне: з 6 па 26 траўня гэты штодзённы прырост вагаўся паміж 905 і 969, пасьля 26 траўня ён быў у большасьці выпадкаў ніжэй за 900. Іншымі словамі, распаўсюд хваробы ў траўні выйшаў на плято.

Палова шляху да канца пандэміі пройдзеная

Ускосным індыкатарам пералому ў хадзе пандэміі зьяўляецца дынаміка крытэру, прапанаванага матэматыкам і філёзафам Андрэям Шуманам. Паводле яго ўнутраны час пандэміі вымяраецца суадносінамі так званых закрытых выпадкаў С (колькасьць ачунялых плюс колькасьць памерлых) і ўсіх выпадкаў інфікаваных Х. Напачатку эпідэміі С=0, напрыканцы С=Х. Доля C/X у пэўным сэнсе вымяраюць час, які застаўся да канца эпідэміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найгоршы месяц наперадзе: пандэмія ў Беларусі вачыма матэматыка

29 красавіка гэтыя доля закрытых выпадкаў сярод усіх выпадкаў інфікаваньня складала ўсяго 16%, у сярэдзіне траўня — 30%, 6 чэрвеня — 48.6%, амаль 50%. Палова шляху да канца эпідэміі каранавірусу ў Беларусі фактычна пройдзеная.

У сваім блогу, апублікаваным напрыканцы красавіка, Андрэй Шуман прадказваў, што травень будзе самым цяжкім месяцам пандэміі ў Беларусі. Напачатку траўня загадчык аддзяленьня Менскай абласной лякарні, эпідэміёляг Віктар Сушчэвіч казаў, што пік захворваньня будзе ў канцы траўня.

Як бачым, прагнозы спадароў Шумана і Сушчэвіча, здаецца, спраўдзіліся з памылкай на прыкладна на тыдзень.

Пакуль з агаворкамі. Першая — гэта тое, што новая тэндэнцыя пакуль вельмі кароткатэрміновая, каб лічыць яе трывалай, пэўнай. Другая — што размова ідзе пра лічбы афіцыйнай статыстыкі, якую нярэдка крытыкавалі і крытыкуюць. Хаця варта адзначыць, што аб’ектам крытыкі часьцей рабіліся афіцыйныя лічбы сьмерцяў ад каранавірусу, і ў меншай ступені — лічбы колькасьці захварэлых.

Сьмерці ад COVID-19 можна было аднесьці да іншых хваробаў, якія мелі памерлыя, вынікі тэстаў сказіць і інакш інтэрпрэтаваць складаней. Да таго ж ніякай пэўнай альтэрнатыўнай статыстыкі ані сьмяротнасьці, ані распаўюду захворваньня ня існуе. Пры гэтым калі ёсьць зьвесткі наконт таго, як афіцыйна памерлых ад пнэўманіі хавалі чамусьці ў закрытых трунах, то зьвестак аб хворых на каранавірус, якіх палічылі здаровымі, няма.

З улікам гэтых агаворак можна ўсё ж сказаць, што пандэмія ў Беларусі пайшла на спад.

Пік хваробы і пік грамадзкага незадавальненьня

Важнае пытаньне — як гэта паўплывае на палітычны клімат у краіне, як адабʼецца на хадзе выбарчай кампаніі.

Аднак і тут пэўнасьці няма з улікам складанасьці палітыка-псыхалягічных мэханізмаў. З аднаго боку, гэта можа зьнізіць градус незадавальненьня ўладай. Бяда, небясьпека прыйшла, але ўжо і сыходзіць, у значнай ступені застаецца ў мінулым. Адпаведна, застаецца ў мінулым і крыўда на ўладу, якая, на думку многіх, з гэтай бядой змагалася няправільна. Як сказаў напачатку траўня доктар Сушчэвіч, да сярэдзіны жніўня беларусы забудуць пра эпідэмію, як пра жахлівы сон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што азначае «плято» пандэміі ад Міністэрства аховы здароўя?

Але ёсьць і іншы мэханізм. Шматлікія прыклады грамадзкай рэакцыі на эканамічныя нягоды сьведчаць пра тое, што часта на піку крызісу найбольш распаўсюджанай рэакцыяй зьяўляецца шок, ступар. А найбольш вострай і актыўнай рэакцыя робіцца тады, калі грамадзтва ўжо пакрысе выходзіць з крызісу. Так, прынамсі, бывае.

І ў гэтым сэнсе нават калі пік пандэміі ў Беларусі і сапраўды ўжо пройдзены, з гэтага не вынікае, што пройдзены і пік грамадзкага незадавальненьня палітыкай уладаў адносна пандэміі. Да таго ж відавочна, што пік эканамічных наступстваў пандэміі яшчэ далёка ня пройдзены. Вінаватая ў гэтых эканамічных цяжкасьцях не адна беларуская ўлада, у выніку каранакрызісу істотна пагоршылася эканамічнае становішча ва ўсім сьвеце, у тым ліку і на рынках беларускай прадукцыі, але грамадзкая думка можа ўскласьці адказнасьць найперш на беларускую ўладу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.