Сэрвіс Google Maps працягвае публікаваць дэталёвы аналіз паводзін карыстальнікаў падчас пандэміі каранавірусу. Новая справаздача (PDF) ёсьць і пра Беларусь.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Паводле зьвестак на канец траўня, беларусы сталі ў параўнаньні са «звычайнымі паводзінамі» да пандэміі каранавірусу:
- на 14% менш хадзіць у рэстарацыі, кавярні, забаўляльныя цэнтры, музэі, кінатэатры і бібліятэкі;
- на 2% больш хадзіць у крамы, на кірмашы і ў аптэкі;
- на 16% больш хадзіць у паркі і сквэры;
- на 14% менш карыстацца грамадзкім транспартам;
- на 19% менш знаходзіцца на працоўных месцах;
- на 5% больш знаходзіцца дома.
Ад сярэдзіны красавіка наведваньне забаўляльных установаў і карыстаньне транспартам трымаецца ніжэй за звычайны ўзровень, але паступова расьце. Наведваньне крамаў і аптэк спачатку ўпала на траціну, але хутка паднялося да звычайнага ўзроўню. Наведваньне паркаў вагалася, але амаль не было меншым за звычайнае. Паходы на працу трымаюцца ніжэй за звычайны ўзровень на 20–30%, знаходжаньне дома толькі крыху часьцейшае за «дакаранавірусныя» часы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра каранавірус: «Увесь сьвет пацьвярджае, што Лукашэнка меў рацыю»Зьвесткі тычацца ня кожнага чалавека ў сьвеце — толькі тых, хто карыстаецца сэрвісамі Google на смартфонах і не адключае гісторыі лякацыі.
Зьвесткі ананімныя. Іх публікуюць, каб дапамагчы ўладам ацаніць эфэктыўнасьць карантынаў і «сацыяльнага дыстанцыяваньня» (да заклікаў «заставацца дома» далучалася і Мінздароўя Беларусі, хоць карантыну ў краіне не абвяшчалі).
Расейская кампанія «Яндэкс» штодзень абнаўляе дасьледаваньне аб самаізаляцыі людзей у Расеі і краінах СНД, у тым ліку Беларусі, і «мапу самаізаляцыі». Паводле расейскай кампаніі, актыўнасьць на вуліцах Менску складае каля 80% ад звычайнай, тады як у Маскве — 62%, у Вільні — 72%, у Рызе — 83%.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.