Уільям Бар, генэральны пракурор Злучаных Штатаў, заявіў 4 чэрвеня, што «экстрэмісцкія агітатары», зьвязаныя з леварадыкальным рухам «Антыфа», і групоўкі, якія дзейнічаюць у інтарэсах замежных дзяржаваў, паспрабавалі скарыстацца агульнанацыянальнымі пратэстамі дзеля абвастрэньня становішча, перадае «Голас Амэрыкі».
Заявы Бара прагучалі праз тры дні пасьля таго, як Міністэрства ўнутранай бясьпекі правяло ацэнку сытуацыі і заявіла, што большая частка гвалту падчас пратэстных акцыяў меркавана была ўчыненая не арганізаванымі экстрэмістамі, а авантурыстамі — людзьмі, якія скарысталіся беспарадкамі для зьдзяйсьненьня злачынстваў.
У той час як Бар і прэзыдэнт Дональд Трамп ускладаюць вялікую частку віны на левых экстрэмістаў з «Антыфа», фэдэральная пракуратура ў Лас-Вегасе ў сераду абвінаваціла траіх удзельнікаў праваэкстрэмісцкай групоўкі «Бугалу» у плянаваньні гвалту і разбурэньняў падчас пратэстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найчасьцейшыя пытаньні і адказы аб пратэстах у ЗША. Тлумачым дэталёва«Мы ўбачылі доказы таго, што „Антыфа“ і іншыя падобныя экстрэмісцкія групы, а таксама ўдзельнікі розных палітычных рухаў былі ўцягнутыя ў падбухторваньне да гвалтоўнай дзейнасьці і ўдзел у ёй», — сказаў Бар на прэс-канфэрэнцыі.
Паводле яго, замежныя групоўкі цяпер праводзяць дэзынфармацыйныя кампаніі ў сацсетках, накшталт кампаніяў, якія праводзіліся расейскімі ўладамі падчас прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ў 2016 годзе. Мэта замежнікаў, па словах Бара, пасеяць варожасьць у амэрыканскім грамадзтве.
«Некаторыя з замежных хакераў і груповак, зьвязаных з замежнымі ўрадамі, засяроджваюцца на гэтай канкрэтнай сытуацыі, якая ў нас тут складваецца, і спрабуюць абвастрыць яе ўсімі магчымымі спосабамі», — заявіў генэральны пракурор.
Бар таксама выступіў у абарону сілавога выцясьненьня мірных дэманстрантаў з плошчы перад Белым домам у панядзелак увечары. Генпракурор патлумачыў, што гэтае рашэньне было прадыктавана тым, што ў выходныя беспарадкі выйшлі з-пад кантролю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вашынгтоне дзеля фатасэсіі Трампа разагналі натоўп сьлезацечным газам«Мы вырашылі, што нам трэба павялічыць заслоны для абароны Белага дома», – сказаў Бар.
У лісьце да Трампа сьпікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі назвала прысутнасьць вайскоўцаў без апазнавальных знакаў на вуліцах Вашынгтона «трывожнай». Пэлосі распавяла журналістам, што яе дачка Аляксандра прысутнічала пры тым, як фэдэральныя агенты, якія дзейнічалі на загад Бара, ачысьцілі парк Лафайет каля Белага дому ад пратэстоўцаў. На думку дачкі, ёй у вочы трапіў сьлезацечны газ.
Амэрыканскі зьвяз грамадзянскіх свабодаў і іншыя праваабарончыя арганізацыі падалі ў чацьвер судовы пазоў ад імя пратэстоўцаў, дамагаючыся судовага рашэньня аб тым, што Трамп, Бар і іншыя супрацоўнікі адміністрацыі парушылі Канстытуцыю.
«Калі высокапастаўлены супрацоўнік праваахоўных органаў краіны становіцца саўдзельнікам дэспатычнай тактыкі, ён парушае права на свабоду слова для кожнага з нас», — заявіў Скот Мічэлман, юрыдычны дырэктар Амэрыканскага зьвязу грамадзянскіх свабодаў у акрузе Калюмбія.
Паводле Бара, фэдэральныя агенты правялі 51 арышт паводле абвінавачваньня ў гвалце. Раненьні ў ходзе беспарадкаў у Вашынгтоне атрымалі 114 супрацоўнікаў праваахоўных органаў, 22 чалавекі былі шпіталізаваныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Пэнтагону не падтрымаў прыцягненьня войска для навядзеньня парадку ў ЗША