Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вашынгтоне дзеля фатасэсіі Трампа разагналі натоўп сьлезацечным газам


Дональд Трамп ідзе да царквы паўз паліцэйскі кардон
Дональд Трамп ідзе да царквы паўз паліцэйскі кардон

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і першая лэдзі Мэляні Трамп наведалі Нацыянальны храм Яна Паўла II у Вашынгтоне. Для таго, каб прэзыдэнцкая пара магла прайсьці ў храм, паліцыя разагнала дэманстрантаў з ужываньнем сьлезацечнага газу і электрашокавых гранат.

Фотасэсія Трампа ў царкве выклікала крытыку, у тым ліку з боку біскупа Эпіскапальнай эпархіі Вашынгтону Майкла Кары, які напісаў у «Твітары», што прэзыдэнт «выкарыстаў будынак царквы і Біблію ў партыйных палітычных мэтах».​

У краіне працягваецца хваля пратэстаў, падчас якіх было паранена ня менш за пяць паліцыянтаў, паведамляюць паліцыя і СМІ. Чатырох паліцыянтаў паранілі падчас сутыкненьняў з удзельнікамі беспарадкаў у Сэнт-Луісе, яшчэ адзін – у Лас-Вэгасе. Падрабязнасьці пра іх стан не паведамляюцца.

Акрамя таго, у горадзе Бафала, штат Нью-Ёрк, двое паліцыянтаў трапілі пад машыну ў часе дэманстрацыі. Як паведамляецца, кіроўца і пасажыры аўтамабіля затрыманыя. Пакуль незразумела, быў наезд выпадковым ці не.

Трамп асудзіў забойства афраамэрыканца Джорджа Флойда, якое справакавала пратэсты, і паабяцаў дамагчыся правасудзьдзя. Аднак ён падкрэсьліў, што мірных дэманстрантаў не павінен заглушыць «разьюшаны натоўп».

Трамп папярэдзіў, што ён накіруе вайскоўцаў ЗША ў штаты, якія адмаўляюцца праводзіць жорсткую лінію супраць мяцежнікаў, што выйшлі на вуліцы.

Пагроза Трампа накіраваць Нацыянальную гвардыю ў дастатковай колькасьці, каб «дамінаваць на вуліцах», выклікала вострыя спрэчкі – у ЗША і за мяжой – пра тое, ці мае прэзыдэнт права на такія дзеяньні, узьняла пытаньні, наколькі каштоўныя для ягонай адміністрацыі правы чалавека.

У аўторак раніцай Трамп напісаў у «Твітары», што ў Вашынгтоне мінулае ночы «праблемаў не было». «Шмат арыштаў. Усе выдатна спрацавалі. Пераважная сіла. Дамінаваньне. У Мінэапалісе таксама ўсё выдатна (дзякуй прэзыдэнту Трампу!)», – напісаў ён.

Амэрыка ахопленая пратэстамі і пажарамі. Тлумачым, што адбываецца. ВІДЭА
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:50 0:00

Тым часам былы віцэ-прэзыдэнт Джо Байдэн, імаверны супернік Трампа на лістападаўскіх выбарах, асудзіў рэакцыю прэзыдэнта на пратэсты.

«Краіне адчайна патрэбен лідэр, – заявіў Байдэн, выступаючы ў аўторак у Філядэльфіі. – Лідэр, здольным зьяднаць нас, аб'яднаць нас. Лідэр, які прызнае боль і глыбокае гора грамадаў, якім ужо доўгі час ціснуць на шыю».

У выпадку выбраньня яго на прэзыдэнта, Байдэн паабяцаў не «разьдзімаць полымя нянавіцьці», а замест гэтага «імкнуцца залячыць расавыя раны» ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG