Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Пэнтагону не падтрымаў прыцягненьня войска для навядзеньня парадку ў ЗША


Байцы Нацгвардыі ЗША кленчаць разам з пратэстоўцамі ў памяць пра Джорджа Флойда
Байцы Нацгвардыі ЗША кленчаць разам з пратэстоўцамі ў памяць пра Джорджа Флойда

3 чэрвеня кіраўнік Пэнтагону Марк Эспэр заявіў, што не падтрымлівае выкарыстаньне вайскоўцаў ЗША для падтрыманьня парадку падчас маштабных акцыяў пратэсту ў ЗША. Пра гэта паведамляе Голас Амэрыкі.

Марк Эспэр
Марк Эспэр

«Рэгулярныя ўзброеныя сілы для падтрыманьня правапарадку могуць выкарыстоўвацца толькі ў крайнім выпадку і толькі ў надзвычай крытычнай сытуацыі. Цяпер гэта ня так, таму я не падтрымліваю ўжываньне закону «Аб паўстаньні», – сказаў Эспэр журналістам.

Закон «Аб паўстаньні» (Insurrection act) ад 1807 году дазваляе ўраду пры пэўных умовах выкарыстоўваць войскі для барацьбы з унутранымі забурэньнямі.

«Я заўсёды быў перакананы, што Нацыянальная гвардыя найбольш падыходзіць для падтрымкі цывільнай улады ва ўнутраных справах, у гэтых сытуацыях – для падтрымкі мясцовых праваахоўных органаў. Я кажу гэта ня толькі як міністар абароны, але і як былы салдат і былы член Нацыянальнай гвардыі», – сказаў начальнік Пэнтагону.

У панядзелак Марк Эспэр і прэзыдэнт Дональд Трамп узялі ўдзел у шэсьці да царквы каля Белага дому, дзе прэзыдэнт зрабіў фота зь Бібліяй у руках. Перад гэтым плошча перад касьцёлам была брутальна расчышчаная паліцыянтамі ад пераважна мірных дэманстрантаў.

Той факт, што Эспэр суправаджаў Трампа, выклікаў крытыку. Член Рады ў пытаньнях абароны Пэнтагону, былы намесьнік міністра абароны Джэймс Мілер, падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць дзеяньняў Эспэра.

У лісьце аб адстаўцы ў газэце The Washington Post Мілер напісаў Эспэру: «Вы, магчыма, не змаглі спыніць загад Трампа настолькі ўжыць сілу, але вы маглі выказацца супраць гэтага. Замест гэтага вы прадэманстравалі падтрымку».

Раней Трамп выказваўся за выкарыстаньне вайскоўцаў, калі ўлады штату ня ў стане забясьпечыць парадак падчас акцыяў пратэсту.

Міністар абароны ЗША Марк Эспэр заклікаў войскі «заставацца па-за палітыкай у гэтыя неспакойныя дні» і заявіў, што Пэнтагон хоча абараніць права грамадзянаў на пратэст і мірныя сходы.

Тым часам пратэстоўцы застаюцца на вуліцах амэрыканскіх гарадоў.

У Нью-Ёрку, дзе Трамп раней заклікаў улады выкарыстаць Нацыянальную гвардыю для барацьбы зь «нягоднікамі і няўдачнікамі» пасьля некалькіх начэй рабункаў і разбурэньняў, пратэстоўцы засталіся на вуліцах пасьля камэнданцкай гадзіны. Паліцыя паведаміла пра марадэрства, беспарадкі і затрыманьні.

На вуліцы Вашынгтону выйшлі вайсковая тэхніка, салдаты і паліцыя. Некаторыя ўдзельнікі акцыі засталіся пасьля камэнданцкай гадзіны, хаця і менш, чым у папярэднія дні.

25 траўня ў Мінэапалісе 46-гадовы афраамэрыканец Джордж Флойд памёр пасьля жорсткага затрыманьня паліцыянтам. Відэа затрыманьня выклікала пратэсты па ўсёй краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG