Нягледзячы на пандэмію каранавірусу, у Менск з афіцыйным візытам зьбіраецца прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан.
Як паведаміла афіцыйнае агенцтва БЕЛТА са спасылкай на прэсавую службу Аляксандра Лукашэнкі, гэта першы афіцыйны візыт вугорскага кіраўніка ў Беларусь, ён мае стаць важным этапам у разьвіцьці двухбаковых адносінаў.
У прэсавай службе Віктара Орбана пацьвердзілі ягоныя пляны наведаць 5 чэрвеня Менск з афіцыйным візытам.
У Эўразьвязе Орбан мае рэпутацыю кіраўніка, для якога аўтарытэтамі зьяўляюцца аўтарытарныя палітыкі Расеі і Беларусі — Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Вугоршчыны атрымлівае шырокія паўнамоцтвыТэлеграм-канал «Пул Первого» паведаміў, што да сустрэчы Лукашэнкі і Орбана «ўсё гатова». Перамовы заплянаваныя на 5 чэрвеня, а межаў Беларусь не закрывала.
Беларусь уваходзіць у дваццатку краінаў з найбольшай колькасьцю інфікаваных — больш за 45 тысяч чалавек. 248 чалавек памерлі. У Вугоршчыне значна меней хворых, усяго блізу 4 тысяч, аднак удвая больш сьмяротных выпадкаў — звыш паўтысячы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як прэм’ер Вугоршчыны падпарадкаваў сабе СМІ, не парушаючы законаў