Парлямэнт Вугоршчыны прагаласаваў 137 галасамі супраць 53, за задавальненьне патрабаваньня ўраду аб увядзеньні кіраваньня дэкрэтамі падчас надзвычайнай сытуацыі з каранавірусам.
Закон не абмежаваны ў часе дзеяньня.
Прэм’ер-міністар Віктар Орбан паабяцаў выкарыстаць нададзеныя яму надзвычайныя паўнамоцтвы «прапарцыйна і разумна».
Лідэр апазыцыйнай партыі «Ёбік» Пэтэр Якаб заявіў, што гэты закон перавёў усю вугорскую дэмакратыю на карантын.
Галасаваньне ў панядзелак было супярэчлівым — больш за 100 000 чалавек падпісалі пэтыцыю супраць гэтага кроку.
Але кансэрватыўная партыя прэм’ер-міністра Віктара Орбана «Фідэс» мае пераважную большасьць.
Надзвычайныя паўнамоцтвы ня маюць абмежаваньня па часе, а крытыкі адзначаюць, што незалежным журналістам можа пагражаць турма.
Апазыцыйныя партыі і праваабарончыя арганізацыі абвінавачваюць урад ва ўключэньні ў закон некалькіх экстрэмальных захадаў, на якія паводле іх, ніводная апазыцыйная партыя ні ў воднай дэмакратычнай краіне не магла б пагадзіцца.
Сюды ўваходзіць скарачэньне дэмакратычнага кантролю над гэтымі захадамі і пагроза журналістам пазбаўленьнем волі за тое, што яны выконваюць сваю працу.
Апазыцыянэры успрымаюць закон як палітычны хітрык з боку ўрада. Калі апазыцыя прагаласуе супраць яго, яе можна будзе абвінаваціць у здрадзе дзяржаве.