У ЗША не спыняюцца самыя масавыя за апошнія гады пратэсты супраць расавай дыскрымінацыі. Нагодай стала сьмерць бяззбройнага афраамэрыканца, якога спрабаваў арыштаваць белы паліцыянт.
Джордж Флойд памёр пасьля таго, як паліцыянт у Мінэапалісе амаль дзевяць хвілін прыціскаў яго шыю каленам, калі ён ляжаў тварам уніз на асфальце. Флойд, якога затрымалі па падазрэньні ў спробе расплаціцца фальшывай 20-даляравай купюрай, некалькі разоў казаў паліцыянтам, што ня можа дыхаць.
Мінакі запісалі катаваньне Флойда на відэа. Гэтыя ролікі імкліва распаўсюдзіліся ў сацсетках і справакавалі першыя пратэсты ў Мінэапалісе.
Аднак гнеў хутка ахапіў усю краіну, пратэсты прайшлі больш як у 140 гарадах. У асобных выпадках яны прывялі да выбухаў гвалту і марадэрства, у некаторыя гарады ўвялі Нацыянальную гвардыю.
Чаму сытуацыя стала выбуханебясьпечнай?
Афраамэрыканцы ўжо дзясяткі гадоў скардзяцца на несправядлівае стаўленьне з боку праваахоўных органаў, у тым ліку на «расавае прафіляваньне», якое выяўляецца ў тым, што чалавека затрымліваюць на падставе колеру яго скуры, нацыянальнасьці, рэлігіі або полу.
Афраамэрыканцы складаюць каля 13% насельніцтва ЗША, пры гэтым іх доля сярод зьняволеных дасягае 60%. Акрамя таго, імавернасьць быць забітым паліцыяй для іх вышэйшая, чым для белых.
Паводле дадзеных газэты «Вашынгтон пост», цемнаскурыя складаюць 26% ад агульнай колькасьці забітых паліцыяй, што ўдвая перавышае іх адсотак у насельніцтве ЗША. Сярод забітых паліцыяй бяззбройных людзей цемнаскурыя складаюць траціну.
Рональд Дэйвіс, былы паліцыянт і дырэктар аддзелу Міністэрства юстыцыі па супрацоўніцтве паліцыі з насельніцтвам (COPS), казаў у Кангрэсе ЗША, што такая колькасьць забітых паліцыяй чарнаскурых, верагодна, не выпадковая.
Your browser doesn’t support HTML5
«Я не магу не задацца пытаньнем, ці не зьвязанае падобнае ўжываньне зброі — незалежна ад таго, было яно законным ці не — са схаваным стэрэатыпам, распаўсюджаным у нашым грамадзтве, са страхам перад цемнаскурымі, з расізмам або спалучэньнем таго і другога», — заявіў ён у Кангрэсе ў верасьні.
Што адбываецца з паліцыянтамі, датычнымі да забойства?
Белых паліцыянтаў неаднаразова прызнавалі невінаватымі ў забойстве або празьмерным ужываньні сілы ў дачыненьні да чарнаскурых, нават калі былі відэасьведчаньні адваротнага. У выніку сярод афраамэрыканцаў распаўсюдзілася думка, што амэрыканская сыстэма правасудзьдзя несправядлівая.
«Частата падобных забойстваў і адсутнасьць пакараньня тых, хто да іх датычны — гэта сыгнал афраамэрыканскаму насельніцтву: жыцьцё чарнаскурых нічога ня значыць», — заявіў член Палаты прадстаўнікоў ад Дэмакратычнай партыі Джэры Надлер (Нью-Ёрк) на адкрыцьці слуханьняў аб паліцэйскіх практыках у Кангрэсе ЗША.
Надлер такім чынам працытаваў назву руху, які ўзьнік у 2013 годзе, пасьля таго як патрульнага-добраахвотніка ў Флорыдзе прызналі невінаватым у забойстве 17-гадовага чарнаскурага падлетка.
Трэйван Мартын быў бяз зброі, тым ня менш 28-гадовы Джордж Цымэрман застрэліў яго, спаслаўшыся на неабходнасьць самаабароны. Апраўдальны прысуд Цымэрману прывёў да стварэньня руху «Жыцьцё чарнаскурых мае значэньне», які патрабаваў зьмяніць дзейную паліцэйскую практыку і адыграў значную ролю ў арганізацыі пратэстаў супраць паліцэйскіх забойстваў.
Ці часта ў ЗША бываюць расавыя пратэсты?
У 2014–2016 гадах забойствы бяззбройных чарнаскурых амэрыканскімі паліцыянтамі некалькі разоў прыводзілі да масавых дэманстрацыяў, якія часам канчаліся выбухамі гвалту. Некаторыя забойствы, як і ў выпадку з Флойдам, былі запісаныя на відэа і атрымалі вялікі рэзананс.
У ліпені 2014 году ў Нью-Ёрку паліцыя затрымала бяззбройнага Эрыка Гарнэра, якога падазравалі ў нелегальным продажы цыгарэт. Яго павалілі на зямлю, мінакі запісалі інцыдэнт на відэа.
Адзін з паліцэйскіх ужыў супраць 43-гадовага афраамэрыканца прыём здушэньня. Гарнэр некалькі разоў паўтарыў, што ня можа дыхаць, і неўзабаве памёр. Паліцыянт, які забіў яго, быў прызнаны невінаватым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэргасан: сапраўдная прычына выбухуУсяго празь месяц пасьля забойства Гарнэра паліцыя ў горадзе Фэргюсан штату Місуры застрэліла цемнаскурага падлетка Майкла Браўна. Браўн ня меў зброі, аднак паліцыянт, які застрэліў яго, спаслаўся на самаабарону і быў прызнаны невінаватым.
«Няма ніякіх сумневаў, што прадстаўнікі нябелага насельніцтва, на жаль, успрымаюць праваахоўныя органы як пагрозу сваёй паўсядзённай свабодзе. Гэтае ўспрыманьне карэніцца ў гісторыі — усё пачалося яшчэ да бунтаў у Лос-Анджэлесе ў 1992 годзе і паўстаньня ва Ўатсе ў 1965-м», — заявіў Надлер.
Ці даўно пачаліся такія бунты?
Бунты і выбухі гвалту, зьвязаныя з расавай дыскрымінацыяй, адбываліся ў ЗША, калі арыштоўвалі афраамэрыканцаў, яшчэ ў 60-х гадах ХХ стагодзьдзя. Урад адказваў стварэньнем камісіяў, якія вывучалі пытаньне і прапаноўвалі разьвязаньні.
У жніўні 1965 году ў Лос-Анджэлесе, у раёне Ўатс паліцыя спыніла за неасьцярожнае кіраваньне машыну 21-гадовага чарнаскурага. Пачалася бойка, у якой афраамэрыканскае насельніцтва раёну дало волю свайму гневу на несправядлівыя і жорсткія дзеяньні паліцыі і дрэнныя ўмовы жыцьця. Яна вылілася ў шасьцідзённыя беспарадкі, якія прывялі да гібелі 34 чалавек і нанесьлі значную шкоду гарадзкому асяродзьдзю.
Праз два гады масавыя забурэньні ахапілі афраамэрыканскія раёны ў Ньюарку, штат Нью-Джэрзі, і Дэтройце, штат Мічыган, пасьля арышту чарнаскурых мясцовай паліцыяй, якая складаецца там у асноўным зь белых. У Ньюарку ўсё пачалося са зьбіцьця і арышту чарнаскурага кіроўцы.
Ва ўсіх трох выпадках дзеля здушэньня бунтаў у гарады ўводзіліся падразьдзяленьні Нацыянальнай гвардыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША згасаюць надзеі на вольнае ад расізму грамадзтваКамісія Кернэра, створаная для расьсьледаваньня прычын паўстаньня ў Дэтройце, прыйшла да высновы, што ЗША рухаюцца да падзелу «грамадзтва на два — адно чорнае, другое белае. І роўнасьці паміж імі няма».
Дыскрымінацыя афраамэрыканцаў і іх сэгрэгацыя ў бедных раёнах — ня новы фэномэн у жыцьці краіны, але цяпер гэта «пагражае будучаму кожнага амэрыканца», гаварылася ў дакладзе камісіі.
Бунт 1992 году ў Лос-Анджэлесе стаў адным з самых жорсткіх у сучаснай гісторыі ЗША, але яго цалкам магло б ня быць, калі б выпадковы мінак не запісаў на відэа, як чацьвёра белых паліцыянтаў зьбіваюць дубінкамі афраамэрыканца Родні Кінга, які ляжыць на зямлі.
Паліцыянты затрымалі Кінга пасьля пагоні. Яны ня ведалі, што мясцовы жыхар запісваў іх далейшыя дзеяньні на відэа. Кадры зьбіцьця спрычынілі буйны скандал у агульнанацыянальнай прэсе і прымусілі працягнуць дыскусію пра ўціск чарнаскурых паліцыяй.
Паліцыянтаў на відэа прызналі невінаватымі ў празьмерным ужываньні сілы, што выклікала абурэньне афраамэрыканскага насельніцтва Лос-Анджэлеса і прывяло да шматдзённых беспарадкаў, у якіх загінулі дзясяткі чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэсты ў ЗША нарастаюць, нягледзячы на камэнданцкі часЧым сёньняшнія пратэсты адрозьніваюцца ад пратэстаў 2010-х?
Алекс Вітале, прафэсар сацыялёгіі і каардынатар праекту «Паліцыя і сацыяльная справядлівасьць» у Бруклінскім каледжы, кажа, што ўзровень гвалту ў сутыкненьнях з праваахоўнымі органамі цяпер вышэйшы, чым падчас бунтаў 2010-х гадоў. Адказнасьць за гэта ён ускладае на ўлады, якія не стрымалі абяцаньня палепшыць працу паліцыі.
Амэрыканскае правасудзьдзе застаецца больш строгім у дачыненьні да афраамэрыканцаў, якіх арыштоўваюць за дробныя правапарушэньні, хоць «у гэтым няма ніякай неабходнасьці», заявіў Вітале ў інтэрвію Радыё Свабода.
«Мне здаецца, гнеў тлумачыцца тым, што людзям пяць гадоў казалі: не хвалюйцеся, мы ўсё выправім, мы правядзем трэнінгі і сустрэчы паліцыі з насельніцтвам — але пры гэтым нічога не палепшылася. Колькасьць забойстваў, зьдзейсьненых паліцыянтамі, ня зьнізілася, колькасьць арыштаў за дробныя правапарушэньні засталася ранейшай», — растлумачыў ён.
Ці адыграла пандэмія COVID-19 ролю ў цяперашніх беспарадках?
Пандэмія COVID-19, безумоўна, ускладніла жыцьцё афраамэрыканскага насельніцтва. Паводле афіцыйнай статыстыкі, чарнаскурыя хварэюць і паміраюць часьцей, чым белыя.
Рэшан Рэй, супрацоўнік Бруклінскага інстытуту ў Вашынгтоне, піша ў сваёй справаздачы, што корань гэтай праблемы ў структурных адрозьненьнях — такіх, як вялікая шчыльнасьць насельніцтва ў афраамэрыканскіх раёнах і меншая даступнасьць мэдычнай дапамогі.
Чарнаскурыя часьцей занятыя працай, якая ня можа быць дыстанцыйнай, што робіць іх больш уразьлівымі, тлумачыць ён.
На думку Вітале, яшчэ рана рабіць высновы пра тое, ці паўплывала пандэмія на рост пратэставых настрояў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: САЗ: цэнтар пандэміі цяпер на амэрыканскім кантынэнцеЁн лічыць, што сутнасьць праблемы — у сацыяльнай няроўнасьці, на якую не зьвяртаюць увагі лідэры на абодвух полюсах палітычнага спэктру.
«Мы гонім у суды і турмы мільёны людзей, чыя галоўная праблема — беднасьць. Яны ня хочуць, каб іх лічылі злачынцамі, і супраціўляюцца. Эрык Гарнэр супраціўляўся, Флойд таксама. Гэта не выпадковасьць. Паліцыя ж пры супраціве адразу ўжывае сілу», — сказаў Вітале ў інтэрвію Радыё Свабода.
Ці былі іншыя выпадкі расавай нецярпімасьці?
Расавыя праблемы не зьнікаюць, у траўні яны проста выйшлі на паверхню. Сьмерць Джорджа Флойда адбылася празь некалькі дзён пасьля яшчэ двух інцыдэнтаў, якія скаланулі краіну. 5 траўня зьявілася відэа, на якім двое белых мужчын нападаюць з засады на бяззбройнага чарнаскурага, які робіць прабежку па белым раёне ў Джорджыі.
Грэгары МакМайкл, былы паліцэйскі і сьледчы мясцовай пракуратуры, са сваім сынам Трэвісам МакМайклам спынілі 25-гадовага Ахмада Арбэры, які проста бег па вуліцы сярод белага дня 23 лютага. Паводле іх словаў, ён быў падобны да падазраванага ў двух крадзяжах. Трэвіс МакМайкл завязаў бойку з Арбэры і застрэліў яго.
Адвакат і праваабаронца Лі Мэрыт, які прадстаўляе сям’ю Арбэры, заявіў, што на маладога чалавека напалі «выключна з прычыны ягонай расы». Відэа выклікала лякальныя пратэсты і ў выніку прыцягнула ўвагу на нацыянальным узроўні.
«На нас літаральна палююць штодня, штохвіліны, ледзь мы пераступаем парог свайго дому!» — напісаў у твітэры баскетбаліст Леброн Джэймс 6 траўня, рэагуючы на тое відэа.
Хоць абставіны забойства былі вядомыя, МакМайклаў арыштавалі паводле абвінавачваньня ў нападзе і забойстве толькі пасьля публікацыі відэа.
Міністэрства юстыцыі пачало праверку таго, як праходзіла расьсьледаваньне.
Другі інцыдэнт, які разьюшыў чарнаскурых амэрыканцаў, здарыўся з Крыстыянам Купэрам, які 25 траўня ў Цэнтральным парку Нью-Ёрку папрасіў белую жанчыну ўзяць яе сабаку на ланцуг, як таго патрабуюць правілы. Пачаўся злосны дыялёг, у выніку якога жанчына патэлефанавала ў паліцыю і сказала, што ёй «пагражае афраамэрыканец».
Купэр, які назіраў у парку за птушкамі, запісаў усю размову на відэа, а яго сястра выклала яе ў сацсеткі. Відэа прадэманстравала, наколькі лёгка афраамэрыканца можна абвясьціць злачынцам выключна праз колер скуры. Яно набрала больш за 40 млн праглядаў.
Як улады рэагуюць на праблему?
Кангрэс дае ацэнку Закону аб спыненьні расавага прафіляваньня, якое выяўляецца ў тым, што паліцыя ў сваёй праваахоўнай дзейнасьці бярэ пад увагу расу, этнічнае і дзяржаўнае паходжаньне, рэлігію і пол. Акрамя таго, у Кангрэсе заклікалі правесьці трэнінгі, каб спыніць расавае прафіляваньне.
У верасьні ў Кангрэсе прайшлі слуханьні аб дзейнасьці паліцыі з удзелам запрошаных экспэртаў, якія расказалі пра магчымыя меры па паляпшэньні даверу паміж паліцыяй і афраамэрыканскім насельніцтвам і патлумачылі, як дамагчыся, каб паліцыянты перасталі забіваць бяззбройных чарнаскурых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вашынгтоне дзеля фатасэсіі Трампа разагналі натоўп сьлезацечным газамРональд Дэйвіс, былы паліцыянт і дырэктар аддзелу Міністэрства юстыцыі па супрацоўніцтве паліцыі з насельніцтвам (COPS), напісаў напярэдадні верасьнёўскіх слуханьняў, што трэнінгаў для барацьбы са стэрэатыпамі недастаткова, патрэбна фундамэнтальная рэарганізацыя сыстэмы аховы правапарадку.
Дэйвіс сам чарнаскуры і амаль 30 гадоў праслужыў у паліцыі. На ягоную думку, там дагэтуль карыстаюцца мэтодыкамі, створанымі ў 1950–60-я гады і не пазбаўленымі элемэнтаў расавай дыскрымінацыі. Улады працягваюць з залішняй строгасьцю перасьледваць нябелае насельніцтва: доўгія турэмныя тэрміны за наркотыкі руйнуюць жыцьцё тысячам цемнаскурых.
«Калі мы хочам дамагчыся рэальнай і ўстойлівай рэформы праваахоўных органаў, трэба займацца не асобнымі паліцыянтамі, а тым, як уладкаваная сыстэма. Гаворка не пра лыжку дзёгцю ў бочцы мёду», — сьцьвярджае Дэйвіс.
Што кажа афраамэрыканская эліта?
Былы прэзыдэнт ЗША Барак Абама, першы афраамэрыканец на гэтай пасадзе, напісаў у артыкуле, які выйшаў 1 чэрвеня, што пратэсты — праява «шчырага і заканамернага адчаю» з прычыны няўдач у рэфармаваньні паліцыі і крымінальнага правасудзьдзя.
Аднак, лічыць Абама, бунтам і марадэрству няма апраўданьня і прабачэньня.
«Калі мы хочам, каб наша сыстэма крымінальнага правасудзьдзя і амэрыканскае грамадзтва ў цэлым прытрымліваліся больш высокіх этычных стандартаў, мы павінны самі вызначыць гэтыя стандарты», — напісаў ён.
Аднак, лічыць Абама, асноўны груз работы па рэфармаваньні паліцыі і крымінальнага правасудзьдзя ляжыць на выбарных супрацоўніках адміністрацыі на ўзроўні штатаў і муніцыпалітэтаў — такіх, як мэры і акруговыя пракуроры.