У крымінальнай справе за «гвалт у дачыненьні да міліцыянта» падчас пікету за Сьвятлану Ціханоўскую ў Горадні 29 траўня, апроч яе мужа і кіраўніка штабу Сяргея Ціханоўскага, дагэтуль затрыманыя яшчэ 8 чалавек. У многіх зь іх дома прайшлі вобшукі. Свабода знайшла блізкіх затрыманых, каб даведацца, што пра іх вядома.
УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманага блогера Ціханоўскага і яго паплечнікаў перавялі ў менскі сьледчы ізалятар«Яны выскачылі з аўтобуса і бралі ўсіх спрэс», — дзяўчына маладзёна, затрыманага па «справе Ціханоўскага»
Дзяўчына затрыманага ў «справе Ціханоўскага» Сяргея Калмыкова расказала Свабодзе пра затрыманьне і ператрус у іхнай кватэры.
Ірына Федарэнка і Сяргей Калмыкоў былі на Савецкай плошчы ў Горадні 29 траўня. Гэта была іхная першая ў жыцьці палітычная акцыя. Раней яны не цікавіліся палітыкай, нават не хадзілі на імпрэзы кшталту сьвяткаваньня #БНР-100. Прыйшлі на плошчу літаральна за 10 хвілін да таго, як пачаліся затрыманьні. Па словах Ірыны, «гэтыя жанчыны ўжо бегалі за Ціханоўскім».
Але маладыя людзі не зьвярнулі на гэта асаблівай увагі. Яны яшчэ ня вырашылі, за якога патэнцыйнага кандыдата ставіць подпіс.
«Мы стаялі на парапэце. Падумалі станавіцца ў чаргу за Сьвятлану [Ціханоўскую]. Яны акурат тады падбеглі, увесь гэты сьвіст, гам. Мы паглядзелі, што там нешта адбываецца, і адышлі далей, каб нічога сур’ёзнага для нас не было. Убачылі, што надта шмат людзей з АМАПу, і пачалі адыходзіць, бо мы баяліся, што нам нешта зробяць», — расказвае Ірына.
Але акурат да таго месца, куды адыходзіла пара, пад’ехаў чырвоны аўтобус. Адным зь першых АМАП затрымаў Сяргея Калмыкова.
«Яны выскачылі з аўтобуса і бралі ўсіх спрэс. Яны не разьбіралі. Узялі 17-гадовага. Узялі тых, хто бліжэй, бо ведалі, што народ пачне адбіваць гэтых людзей. Яны бралі тых, каго можна было за 2 сэкунды дацягнуць да аўтобуса і закінуць туды», — эмацыйна ўспамінае дзяўчына.
На яе думку, выбіралі мужчын. Ірына падбегла да аўтобуса, пачала крычаць, каб узялі і яе, але яе не чапалі.
У Сяргея дзяржаўны адвакат, якога яму далі.
Увечары каля 19.00 1 чэрвеня ў горадзенскай найманай кватэры, дзе жылі Сяргей і Ірына, адбыўся ператрус. Прыйшлі адзін сьледчы, два амапаўцы, двое панятых не з суседзяў і «чалавек, які праводзіў ператрус». Ірына папрасіла ўсіх паказаць пасьведчаньні, прачытала ордэр на вобшук і толькі тады прапусьціла іх у кватэру.
«Я раней глядзела такія фільмы, дэтэктывы», — тлумачыць дзяўчына, адкуль яна ведала, як сябе паводзіць.
Як убачыла Ірына з ордэра на ператрус, Сяргей Калмыкоў — падазраваны ў крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 364 Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Ператрус цягнуўся дзьве гадзіны.
«Пакуль я не пачала здымаць на камэру, яны пераварочвалі ўсё. Выцяжку ледзь не зламалі. Шукалі ўсё, нават у маёй ніжняй бялізьне шукаў мужчына... Казалі: „Вы на відэа нічога ня маеце права здымаць“. Я ім кажу: „Я дома, маю права рабіць, што хачу“», — успамінае суразмоўца.
Яна кажа, што ператрэсьлі ўсе шафы на кухні, у пакоі, нават сьметніцу. Шукалі тэхніку, дакумэнты і ўлёткі, зьвязаныя зь Ціханоўскім. Пасьля таго, як дзяўчына пачала весьці відэаздымку, яна заўважыла, што да рэчаў сталі ставіцца больш ашчадна, класьці іх назад у шафы.
Забралі старыя кнопачныя тэлефоны і флэшку Ірыны. Іншай тэхнікі дома не было.
Наколькі ведае дзяўчына, у той жа дзень прайшоў ператрус у бабкі Сяргея ў вёсцы ў Мастоўскім раёне, дзе хлопец прапісаны. У жанчыны хворае сэрца.
Наколькі ведае Ірына, неўзабаве Сяргея перавязуць у Горадню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пахвілінна. Як затрымлівалі Ціханоўскага ў Горадні
Бацька каардынатара штабу Ціханоўскай па Горадні: «Мы для іх ніхто»
Аляксандар Фурманаў — бацька затрыманага Дзьмітрыя Фурманава, пэнсіянэр, жыве ў Горадні. Дзьмітры — каардынатар каманды Сьвятланы Ціханоўскай у Горадзенскай вобласьці.
Абодва прысутнічалі на Савецкай плошчы, калі былі затрыманьні. Па словах Аляксандра, сына схапілі адначасна зь Ціханоўскім. Аднекуль прыбеглі хлопцы ў цывільным і «выкралі» яго з-за стала, дзе ён зьбіраў подпісы, разам з крэслам, на якім сядзеў.
«Подленька», — кажа пра такое затрыманьне Аляксандар.
За што ўзялі сына, ён дагэтуль не разумее. Бацька ведае, што за ранейшую сустрэчу Дзьмітрыя зь Ціханоўскім, яшчэ да прэзыдэнцкай кампаніі, яго маглі затрымаць. Яго часта пільнавалі пад домам міліцыянты. Аднак Фурманаў амаль не выходзіў з кватэры апошнім часам.
«Гэта не парушэньне закону, гэта дазволена. Яны проста ініцыявалі гэтую правакацыю», — разважае пра затрыманьні падчас законнага пікету суразмоўца.
Даведацца, дзе сын, бацькам удалося толькі на наступны ранак. Ён быў тады ў ІЧУ Горадні. У той жа дзень разам зь іншымі Дзьмітрыя перавезьлі ў менскі ізалятар, што ў завулку Акрэсьціна.
Бацька кажа, што даведацца нешта пра сына ад дзяжурнай адвакаткі яму не ўдалося. Да таго ж абаронца папрасіла заплаціць за некалькі гадзін ейнай працы 350 рублёў, хоць яна дзяржаўная адвакатка, а не па дамове.
«З чым я сутыкнуўся, калі Дзіму затрымалі, — зь міліцыяй, з органамі. Нікуды не падысьці, не запытацца. Мы для іх ніхто, сьмецьце», — кажа Аляксандар.
1 чэрвеня бацькі паехалі ў Менск і знайшлі для сына прыватнага адваката. Да апошняга яны спадзяваліся, што сына адпусьцяць, калі выйдуць 72 гадзіны затрыманьня. Аднак ім паведамілі, што тэрмін затрыманьня падоўжылі да 10 дзён. У якім статусе цяпер Дзьмітры, бацька ня ведае. Адно — што абвінавачваньня яму не прад’явілі.
Новы адвакат бачыў Дзьмітрыя. Па ягоных словах, Дзьмітрыя пабілі. Дзьмітры папрасіў паперу і асадку, каб напісаць скаргу аб незаконным затрыманьні. Бацькам удалося перадаць Дзьмітрыю перадачу: харчы, цёплыя рэчы, гігіенічныя сродкі. Ад адваката яны ведаюць, што перадача дайшла.
Пасьля затрыманьня Дзьмітрыя бацька стаў больш цікавіцца палітыкай.
«Калі я сам у гэта ўсё акунуўся — якая ў нас бяспраўная краіна! Я цяпер падтрымліваю Ціханоўскага ўсім сэрцам», — кажа гарадзенец.
Раней ён удзельнічаў ва ўсіх выбарах, з задавальненьнем галасаваў за Лукашэнку. «Ён мне адпачатку вельмі падабаўся. Ледзьве не закаханы быў у яго. Быў вельмі на ягоным баку. А цяпер не», — падсумоўвае пэнсіянэр.
На ягоную думку, затрыманьні адбыліся, «бо ўлада адчула, што пад ёй хістаецца крэсла».
«Беларусы — народ цярплівы, але ўжо немагчыма. Моладзь ня можа ўладкавацца на нармальную працу. Паўсюль кумаўство», — кажа суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра міліцыянта, які ўпаў на пікеце Ціханоўскай у Горадні«У міліцыю раней хадзілі па дапамогу, а цяпер туды зайсьці немагчыма. Да такой ступені міліцыю пераўтварылі — як борздыя шакалы, апрычнікі», — абураецца Фурманаў.
«Напэўна, я не памыляюся, што людзі ўсе так кажуць. Яны такім спосабам спрабуюць запужаць народ», — мяркуе ён.
Дзьмітрыю 34 гады. Раней ён працаваў інжынэрам у дзяржаўнай арганізацыі. Нядаўна звольніўся, адвучыўся на праграміста. Апошнім часам падцягваў ангельскую мову і шукаў працу праграміста. Па словах бацькі, Дзьмітры заўжды змагаўся зь несправядлівасьцю.
«Будзем спадзявацца, што справядлівасьць пераможа», — аптымістычна завяршае гутарку Аляксандар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба, каб кожны падняўся з канапы». Што гарадзенцы казалі пра затрыманьне Ціханоўскага. ВІДЭА
Апэратара, які здымаў Сяргея Ціханоўскага, з Акрэсьціна перавялі на «Валадарку», ён трымае галадоўку
Чалавека, які здымаў момант затрыманьня блогера Сяргея Ціханоўскага на камэру каналу «Страна для жизни», завуць Вяргілій Ушак. У хуткім часе пасьля затрыманьня Ціханоўскага Ўшака таксама затрымалі, і цяпер ягонае прозьвішча фігуруе ў сьпісе асобаў, адносна якіх, паводле паведамленьня прэсавай службы МУС, заведзеная крымінальная справа аб учыненьні гвалтоўных дзеяньняў да супрацоўніка міліцыі.
Але дзяўчына Вяргілія Надзея, якая жыве разам зь ім у Менску, абсалютна перакананая, што ніякага гвалту не было, тым больш з боку яе хлопца.
«Усе затрыманьні несправядлівыя, але што да Вяргілія, дык гэта ўдвая несправядліва і нават сьмешна. Нават на кадрах, якія паказалі на «Беларусь-1», відаць жа, што ён увогуле ні пры чым, бо знаходзіўся на адлегласьці 1,5 мэтра ад таго міліцыянта, які паваліўся. Супраціву пры затрыманьні ён не аказваў, да гэтага проста здымаў на камэру. То бок мне не зусім зразумела ўвогуле, што яму хочуць прыпісаць. Дзеяньні ў складзе злачыннай групы, ці што? Але гэта дзіўна», — абураецца Надзея.
Паводле дзяўчыны, Вяргілій ніколі ня быў палітычным актывістам. У Горадню ён паехаў, калі пабачыў на Telegram-канале «Страна для жизни» аб’яву пра тое, што ім патрэбен апэратар здымаць на зборы подпісаў.
«Увогуле ён кампутарнік, яшчэ захапляецца відэа, фатаграфіяй, здымае ў тым ліку для мадэльнага бізнэсу. Толькі што ў нас быў вобшук, дык сьледчыя зьдзівіліся, колькі ў яго якасных фатаздымкаў. Забралі мае лекі, у тым ліку тыя, што я прывезла з Грузіі, з надпісам па-грузінску. Ня ведаю, навошта забралі», — кажа дзяўчына.
Паводле дзяўчыны, Вяргілія Ўшака 2 чэрвеня перавезьлі з ізалятара на Акрэсьціна ў СІЗА на Валадарскага.
«Да яго пускаюць адваката. Ад яго ведаю, што Вяргілій абвясьціў галадоўку. Яшчэ прасіў, каб мэдыя максымальна поўна асьвятлялі гэтую справу. Пакуль гэта ўсё, што мне вядома», — сказала Надзея.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На міліцыянта наваліліся. Правакацыя...». Што Лукашэнка сказаў за 4 гадзіны да затрыманьня Ціханоўскага ў Горадні
Пайшоў па торт для сына. Што расказала жонка затрыманага разам зь Ціханоўскім Уладзімера Навуміка
Інжынэра-канструктара Ўладзімера Навуміка затрымалі ў Горадні 29 траўня на пікеце для збору подпісаў разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.
Навуміка будуць судзіць у пятніцу, 5 чэрвеня. Пра гэта Свабодзе паведаміла жонка затрыманага Віта, спаслаўшыся на адваката, які ўжо наведваў яе мужа. Але за што пэўна зьбіраюцца судзіць яе мужа і ў якім судзе, Віта ня ведае.
Жанчына кажа, што сама ніколі брала ўдзелу ў палітычных кампаніях, як і яе муж, і лічыць зьяўленьне Ўладзімера на выбарчым пікеце Сьвятланы Ціханоўскай выпадковасьцю.
«У дачкі быў выпускны, і муж зьбіраўся зайсьці ў краму па торт, каб мы пасядзелі, адзначылі, — расказала Віта Навумік. — Званю яму на мабільны, адказвае, што ён на Савецкай вуліцы і праз хвілін 30 будзе. Думала, ён мог зайсьці туды, каб купіць падарунак у краме, а з Савецкай ідзе маршрутка да нас, вельмі зручна дабірацца. Бо пра збор подпісаў ён мне нічога не казаў, мы ўвогуле пра гэта не гаварылі ніколі.
Але да ночы, колькі ні чакалі, не прыехаў, а тэлефон адключаны. Можа, батарэйка села ці сустрэў каго зь сяброў, дык прыйдзе позна? Легла спаць, а раніцай падхапілася ды пачала званіць па знаёмых. І тут цётка кажа, што на Савецкай быў пікет і людзей пахапалі. Пазваніла ў міліцыю, сказалі, што ён у нашым пастарунку на Гая; паехала туды — яго там няма.
Ужо зьбіралася пісаць заяву аб зьнікненьні чалавека, як мне пазваніла адвакатка і сказала, што ён затрыманы і знаходзіцца ў Менску».
Тое, што муж ня браў удзелу ў «нейкіх незаконных дзеяньнях», можна ўбачыць на відэа, мяркуе жонка затрыманага.
«Ён у тым натоўпе знаходзіўся, гэта відаць, я сама бачыла на відэа, але ён ня быў побач з гэтым міліцыянтам, які паваліўся. Валодзя яго не чапаў, гэта добра відаць. Таму я абураная ўвогуле, што яго затрымалі. Я супраць такіх затрыманьняў — ну зьбіралі людзі подпісы, і што? Гэта ж законам дазволена», — кажа жанчына.
Уладзімер працуе інжынэрам-канструктарам на заводзе, дзе вырабляюць гандлёвае абсталяваньне.
Віта Навумік сьцьвярджае, што яе муж вельмі спакойны і неканфліктны чалавек, які ніколі б не ўцягнуўся ў агрэсіўныя дзеяньні.
«Ён у мяне малайчына», — кажа Віта. Яна будзе пісаць зварот у пракуратуру, каб разабраліся, чаму АМАП затрымаў Уладзімера. «І ягоны бацька таксама пойдзе туды са скаргай. Відавочна, што ён невінаваты».
Віта Навумік верыць, што яе мужа хутка выпусьцяць, але і асьцерагаецца правакацый.
«У нас быў вобшук, кампутар мужа забралі, флэшку. Як думаеце, а раптам туды нешта падкінуць? І потым даказвай, што гэтага не было».
«У міліцыі мяне проста адфутболілі», — маці затрыманага апэратара Ціханоўскага
Апэратара Сяргея Ціханоўскага Арцёма Сакава затрымалі позна ўвечары 31 траўня ў Горадні. Маці кажа, што мае вобмаль інфармацыі пра яго.
«Адзінае, што я ведаю, — ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Кастрычнікага РАУС Горадні, — сказала Свабодзе яго маці Ларыса Сакава. — 1 чэрвеня па ўсіх тэлефонах міліцыі мяне проста адфутболілі. Эмоцыі перапаўняюць... Ня ведаю, што будзе далей».
Арцём родам з райцэнтру ў Гомельскай вобласьці, апошнім часам жыў у Гомлі, наймаў тут кватэру. Маці хвалюецца, што сыну нават няма каму прынесьці перадачу ў ізалятар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні затрымалі апэратара блогера Ціханоўскага«Сёньня (2 чэрвеня. — РС) да яго не пусьцілі адваката», — сказала жанчына.
Яна глядзела відэа з затрыманьня Сяргея Ціханоўскага і паплечнікаў у Горадні «пахвілінна, пасэкундна».
«Арцём там ні ў чым ня ўдзельнічаў, але бачыце, што робіцца! Ён проста працаваў апэратарам, бо меў пэўны досьвед — да войска працаваў, здымаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі актывіста, які паклаў міліцыянта на зямлю падчас інцыдэнту ў Горадні
«Малюся, каб перамагла праўда», — маці Аляксандра Арановіча
Жыхара Старых Дарог 37-гадовага Аляксандра Арановіча затрымалі разам зь Сяргеем Ціханоўскім 29 траўня ў Горадні. Як і іншым паплечнікам блогера, яму інкрымінуюць гвалт у дачыненьні да міліцыянтаў. Яго ўтрымліваюць у менскім сьледчым ізалятары на Валадарскага. У Аляксандра Арановіча двое непаўналетніх дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманага блогера Ціханоўскага і яго паплечнікаў перавялі ў менскі сьледчы ізалятарМаці Арановіча, Галіна Іванаўна, бачыла на відэа, што адбывалася ў Горадні. Ёй вядома, што сын затрыманы. У чым вінавацяць Аляксандра, ёй ніхто не паведамляў. Пачуўшы, што яму інкрымінуецца, жанчына ўскрыкнула: «Гэтага ня можа быць!»
«Я бачыла на відэа, што ён быў убаку, — настойвае яна. — Крыміналу там не было ніякага, і народ, які там сабраўся, гэта бачыў. Мяне як маці хвалюе адно — ці пераможа праўда, ці вызваляць сына. Малюся штодня і прашу Бога толькі аб справядлівасьці».
2 чэрвеня ў доме Галіны Іванаўны, дзе жыве і сын, менскія апэратыўнікі правялі ператрус. Жанчына кажа, што яны прыйшлі са сваімі панятымі, але яна настаяла, што аднаго знойдзе сама. Тыя дазволілі.
«Я ім сказала, што цяпер нікому ня веру», — адзначае суразмоўніца.
«Шукалі яны, нібыта, экстрэмісцкія матэрыялы, — працягвае яна. — Забралі сыстэмны блёк. Кампутарам больш карысталася я, бо моладзь цяпер сядзіць у тэлефонах. Але ўсё роўна забралі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве прыхільнікам блогера Ціханоўскага прысудзілі ад 2 да 10 сутак8 траўня Кастрычніцкі суд Магілёва прысудзіў Арановічу 6 сутак адміністрацыйнага арышту за актыўны ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці і мітынгу 5 траўня.
У Магілёве міліцыянты зблыталі Арановіча зь Сяргеем Ціханоўскім, бо яны падобныя камплекцыяй. Пры сабе праваахоўнікі мелі паперы на затрыманьне Ціханоўскага, але ён тады ў Магілёў не прыехаў. Арановіча міліцыянты вымусілі выйсьці з аўтобуса, пырснуўшы пярцовым газам.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.