Вярхоўная Рада Ўкраіны ратыфікавала пагадненьне аб рэадмісіі, падпісанае зь Беларусьсю 26 кастрычніка 2018 году ў Гомлі, у рамках першага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны.
Ратыфікацыю без абмеркаваньня падтрымаў 271 дэпутат, нягледзячы на тое, што фракцыя «Голас» выступіла супраць.
«Нагадаю, што з 2014 году Беларусь ніводнага разу не падтрымала нашай рэзалюцыі, якія тычыліся Крыму, акупацыі ці ўсходу, Нагадаю таксама, што сын памежніка Паўло Грыб быў вывезены ў Расею менавіта з Гомлю. Хтосьці чытаў, што азначае рэадмісія? Бо незаконныя мігранты — гэта пераважна прадстаўнікі апазыцыі, якія едуць ва Ўкраіну, бо шукаюць тут магчымасьці жыць ці працаваць. Гэтае пытаньне ёсьць палітычным і адчувальным. Яго нельга ўхваляць без абмеркаваньня», — заявіла дэпутатка фракцыі «Голас» Саламія Баброўская. Яна прапанавала перанесьці разгляд і дэталёва прааналізаваць зьмест пагадненьня аб рэадмісіі.
У пагадненьні вызначаны ўзаемныя абавязаньні дзяржаў прымаць на сваю тэрыторыю сваіх грамадзян, а таксама грамадзян трэціх краін і асобаў без грамадзянства, якія незаконна ўехалі на іхную тэрыторыю або незаконна знаходзяцца на ёй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Ўкраіна падпісалі пагадненьне аб рэадмісіі. Каго яно закране?Апроч таго, пад дзеяньне гэтага дакумэнту падпадуць грамадзяне, якія страцілі падставы для легальнага знаходжаньня ў іншай краіне.
Пагадненьне прадугледжвае спрошчаную працэдуру перадачы грамадзян у краіну свайго паходжаньня ды вызначае дакумэнты, на падставе якіх ажыцьцяўляецца ідэнтыфікацыя грамадзянства.
Дакумэнт вызначае, што супраца ў межах гэтага пагадненьня ажыцьцяўляецца на расейскай мове.
Беларусь ратыфікавала пагадненьне 18 чэрвеня 2019 году.
Пагадненьне набудзе моц праз 30 дзён пасьля таго, як Беларусь і Ўкраіна абмяняюцца ратыфікацыйнымі граматамі.
Што гэта зьменіць?
У парлямэнце Ўкраіны перакананыя, што рэалізацыя пагадненьня істотна спросьціць працу кампэтэнтных органаў у барацьбе зь нелегальнай міграцыяй, бо гэта створыць дадатковыя прававыя працэдуры для вяртаньня беларускіх грамадзян у краіну паходжаньня і грамадзян трэціх краін, якія незаконна ўехалі ва Ўкраіну зь Беларусі.
Паводле інфармацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, летась 1350 замежных грамадзян незаконна, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі, заехалі на ўкраінскую тэрыторыю з намерам трапіць у краіны Эўразьвязу.
Большасьць зь іх — грамадзяне Турэччыны, Малдовы, Аўганістану, Банглядэш, Расеі, Віетнаму, Іраку, Індыі і Шры Лянкі.
У Дзяржаўнай міграцыйнай службе сьцьвярджаюць, што з пачатку 2020 году атрымалі 285 просьбаў пра рэадмісію (вяртаньне) ва Ўкраіну і толькі 2 — з Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Праблему ствараюць» незаконныя мігранты з Расеі, а з Эўропы такіх адзінкі, — МЗС Беларусі