Чалавека, які здымаў момант затрыманьня блогера Сяргея Ціханоўскага на камэру каналу «Страна для жизни», завуць Вяргілій Ушак. У хуткім часе пасьля затрыманьня Ціханоўскага Ушака таксама затрымалі, і цяпер яго прозьвішча фігуруе ў сьпісе асобаў, адносна якіх, паводле паведамленьня прэсавай службы МУС, заведзеная крымінальная справа аб учыненьні гвалтоўных дзеяньняў адносна супрацоўніка міліцыі. Хоць дзяўчына Вяргілія Надзея, якая жыве разам зь ім у Менску, абсалютна перакананая, што ніякага гвалту не было, тым больш з боку яе хлопца.
«Усе затрыманьні несправядлівыя, але што да Вяргілія, дык гэта ўдвайне несправядліва і нават сьмешна. Нават па кадрах, якія паказалі на «Беларусь-1», бачна ж, што ён увогуле ні пры чым, бо знаходзіўся на адлегласьці 1,5 мэтра ад таго міліцыянта, які паваліўся. Супраціву пры затрыманьні ён не аказваў, да гэтага проста здымаў на камэру. То бок мне не зусім зразумела ўвогуле, што яму хочуць прыпісаць. Дзеяньні ў складзе злачыннай групы, ці што? Але гэта дзіўна», — абураецца Надзея.
Паводле дзяўчыны, Вяргілій ніколі ня быў палітычным актывістам. У Горадню ён паехаў, калі пабачыў на Telegram-канале «Страна для жизни» аб’яву пра тое, што ім патрэбны апэратар здымаць на зборы подпісаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны выскачылі з аўтобуса і бралі ўсіх спрэс», — дзяўчына маладзёна, затрыманага па «справе Ціханоўскага»
«Увогуле ён кампутаршчык, яшчэ захапляецца здымкамі, фатаздымкамі, здымае ў тым ліку для мадэльнага бізнэсу. Толькі што ў нас быў вобшук, дык сьледчыя зьдзівіліся, колькі ў яго якасных фатаздымкаў. Забралі мае лекі, у тым ліку тыя, што я прывезла з Грузіі, з надпісам па-грузінску. Ня ведаю, навошта забралі», — кажа дзяўчына.
Паводле дзяўчыны, Вяргілія Ўшака сёньня перавезьлі з ізалятара на Акрэсьціна ў СІЗА на Валадарскага. Пакуль Надзея езьдзіла з Акрэсьціна на вуліцу Валадарскага, там скончыўся час для перадачаў, таму Вяргілій пакуль без патрэбных рэчаў. Надзея паедзе зь перадачай на «Валадарку» заўтра, 3 чэрвеня.
«Да яго пускаюць адваката. Ад яго ведаю, што Вяргілій абвясьціў галадоўку. Яшчэ прасіў, каб мэдыя максымальна поўна асьвятлялі гэтую справу. Пакуль гэта ўсё, што мне вядома», — сказала Надзея.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кватэрах затрыманых у «справе Ціханоўскага» прайшлі ператрусыЗатрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.