У Менску зацьвердзілі пералік відаў эканамічнай дзейнасьці, якія найбольш пацярпелі ад эпідэміялягічнай сытуацыі і якім патрэбная падтрымка. Прадпрымствам з гэтых галін у II і III кварталах 2020 году ў 2 разы зьнізяць арэнду за зямлю, падатак на нерухомасьць і зямельны падатак, паведамляе Менгарвыканкам.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
На льготы могуць разьлічваць юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі, якія працуюць у наступных сфэрах:
- транспартная, паштовая і кур’ерская дзейнасьць, складаваньне (пасажырскія перавозкі, тэрміналы, паслугі аўтамабільных стаянак, транспартная апрацоўка грузаў, складаваньне і захоўваньне, увесь транспарт за выключэньнем таксі);
- паслугі часовага пражываньня і харчаваньня (гатэлі, базы адпачынку, гостэлы; выключэньне — кавярні, рэстарацыі, бары);
- адміністрацыйныя і дапаможныя паслугі (тыя, хто займаецца турызмам, арганізацыяй канфэрэнцый і выставаў, здае ў арэнду і лізінг забаўляльнае і спартовае абсталяваньне; выключэньне — арэнда і лізінг аўтамабіляў);
- адукацыя (дашкольная адукацыя, школы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кіроўцаў);
- адпачынак (разнастайныя віды дзейнасьці ў галіне культуры, мастацтва, забаваў, адпачынку і спорту; выключэньне — арганізацыя азартных гульняў і лятарэй);
- такія паслугі, як: рамонт абутку, мэблі, адзеньня, кампутараў, ноўтбукаў, прынтараў і электроннай бытавой тэхнікі, бытавой электрычнай і садовай тэхнікі; праньне, хімчыстка; касмэтычныя паслугі і паслугі цырульнікаў; выключэньне — паслугі па арганізацыі пахаваньня.
«Такая мера дасьць магчымасьць субʼектам гаспадараньня працягнуць стабільную працу, захаваць працоўныя месцы, своечасова выплачваць заробкі», — адзначаюць у Менгарвыканкаме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы супраць каранавірусу. Менскія бары просяць падтрымкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некаторыя сфэры ўжо леглі». Як бізнэс перажывае пандэмію і хто неўзабаве можа закрыцца ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта проста адпіска». Чым дапаможа бізнэсу ўказ Лукашэнкі «Аб падтрымцы эканомікі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наведнікаў менш на 90%». Уладальнікі модных месцаў у «Гарызонце» асьцерагаюцца банкруцтва і просяць зьнізіць цану арэндыШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ