Гвалт, параненыя і памерлыя. У ЗША шосты дзень працягваюцца пратэсты супраць гвалту над чарнаскурымі

Дэманстранты ў Вашынгтоне, 30 траўня

Напружаныя пратэсты ахапілі буйныя гарады Злучаных Штатаў, ад Нью-Ёрка да Лос-Анджэлеса. Людзі пратэстуюць супраць паліцэйскага гвалту над чарнаскурым насельніцтвам, паведамляе «​Голас Амэрыкі»​.

Пратэсты ўзмацніліся пасьля сьмерці Джорджа Флойда ў Мінэапалісе — чарнаскуры мужчына памёр пасьля арышту 25 траўня. Мужчыну западозрылі ў выкарыстаньні фальшывай банкноты, падчас затрыманьня паліцыянт ціснуў каленам на яго шыю і ігнараваў крыкі затрыманага аб тым, што яму няма чым дыхаць. Цяпер паліцыянт арыштаваны, абвінавачаны ў забойстве.

За апошнія дні пратэсты прайшлі ў 16 буйных гарадах ЗША. Арыштавалі ўжо каля 1300 чалавек, зь іх паўтысячы ў Лос-Анжэлесе. Пра загінулых пратэстоўцаў паведамляюць у Дэтройце і Сэнт-Люісе. Губэрнатары Джорджыі, Кентукі, Агаё і Тэхасу выклікалі сілы Нацыянальнай гвардыі.

Дэманстранты падпалілі паліцэйскія машыны, паліцыя страляла гумовымі кулямі, параненыя ёсьць як сярод пратэстоўцаў, так і ў паліцыі. У некалькіх гарадах дзеля супакаеньня сытуацыі выклікалі Нацыянальную гвардыю.

«Ніколі нельга дапусьціць, каб сам пратэст засланіў прычыну гэтага пратэсту», — заявіў кандыдат у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн, асудзіўшы гвалт падчас акцыяў пратэсту.

Мінэапаліс

Сілы Нацыянальнай гвардыі ў горадзе складаюць 4 тысячы чалавек. Для здушэньня пратэстаў падключылі паліцыю гораду і штату. Супраць дэманстрантаў ужылі сьлезацечны газ і гумовыя кулі.

У Мінэапалісе, 29 траўня

«Сытуацыя ў Мінэапалісе ўжо ня мае ніякага дачыненьня да забойства Джорджа Флойда, — заявіў губэрнатар Тым Волц. — Гаворка ідзе пра напады на грамадзянскую супольнасьць, насаджэньне страху і разбурэньне нашых велічных гарадоў».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра накіраваньне Нацыянальнай гвардыі ў Мінэапаліс.

«Ніякіх гульняў», — заявіў Трамп. Паводле яго, Нацыянальную гвардыю трэба было выпраўляць «два дні таму, тады б разбурэньняў не было, тады б галоўнае аддзяленьне паліцыі не было захоплена і зруйнавана».

Вашынгтон, акруга Калюмбія

Пратэсты трывалі амаль усю ноч. Сілы Нацыянальнай гвардыі ахоўваюць Белы дом. Мітынгоўцы на цэнтральных вуліцах сталіцы скандавалі, падпалілі машыны.

Вашынгтон, 30 траўня

Мясцовыя СМІ паведамляюць, што паліцыянты кідалі ў людзей пляшкі з фарбай, ужывалі сьлезацечны газ. Жаўнеры Нацыянальнай гвардыі са шчытамі акружылі натоўп людзей, не далі ім рухацца ў бок адміністрацыі прэзыдэнта.

Большую частку суботы прэзыдэнт правёў у Флорыдзе, дзе адбываўся запуск касьмічнага карабля кампаніі SpaceX. Увечары суботы прэзыдэнцкі верталёт вярнуўся ў сталіцу, Дональд Трамп адразу накіраваўся ў Белы дом, не размаўляў з журналістамі.

Філадэльфія

Сама меней 13 праваахоўнікаў атрымалі траўмы пасьля таго, як мірная акцыя пратэсту паступова перарасла ў гвалтоўную. Ня менш за чатыры паліцэйскія машыны спалілі. Цягам ночы пратэстоўцы распалілі пажары ў розных частках цэнтру гораду.

Індыянапаліс

Прынамсі адзін чалавек загінуў падчас акцыяў пратэсту ў цэнтры гораду. Паліцыя расьсьледуе паведамленьні аб «некалькіх перастрэлках» ноччу — праваахоўнікі сьцьвярджаюць, што паліцыянты ня ўдзельнічалі ў іх. Пратэсты там трываюць другую ноч, пратэстоўцы выкарыстоўваюць агонь, разбураюць будынкі, праваахоўнікі выкарыстоўваюць сьлезацечны газ. Паліцыянты рэкамэндавалі мясцовым жыхарам не выходзіць у цэнтар гораду.

Лос-Анджэлес

«Чорныя жыцьці маюць значэньне», — лёзунг удзельнікаў акцыяў, які яны выгукалі, наблізіўшыся да праваахоўнікаў. Каб адцясьніць натоўп, паліцыя выкарыстоўвала дубінкі і гумовыя кулі. Дэманстранты размалёўвалі машыны паліцыі з балёнчыкаў, палілі машыны на вуліцах.

Пратэсты ў Лос-Анжэлесе, 30 траўня

Нью-Ёрк

Некалькі разоў канфрантацыя пратэстоўцаў і паліцыі набірала небясьпечныя абароты. У сацыяльных сетках зьявілася відэа, на якім відаць, як паліцэйская машына ўяжджае ў натоўп пратэстоўцаў — ці ёсьць пацярпелыя, пакуль не паведамлялася.

Мэр Нью-Ёрку, дэмакрат Біл дэ Блазіё стаў на абарону паліцыі і раскрытыкаваў дзеяньні пратэстоўцаў:

«Недапушчальна для ўдзельнікаў акцыі акружаць паліцэйскую машыну і пагражаць паліцыянтам, — заявіў мэр Нью-Ёрка. — Калі супрацоўнік паліцыі трапляе ў сытуацыю, ён павінен выйсьці зь яе».

Гэтую пазыцыю раскрытыкавалі іншыя заканадаўцы. Александрыя Акасія-Картэс заявіла, што апраўдваць паліцыю, якая на ўседарожніку ўяжджае ў натоўп людзей няправільна, а таксама заклікала да дээскаляцыі сытуацыі ў горадзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я не магу дыхаць». Што агульнага ў гісторыі Лары Крамэра, Джорджа Флойда і кожнага беларуса
  • Джордж Флойд памёр у панядзелак у лякарні, куды ён быў дастаўлены неўзабаве пасьля затрыманьня. На відэа, якое шырока разышлося па сацсетках, афраамэрыканец ляжыць у кайданках на зямлі, а ягоная шыя прыціснутая да зямлі белым паліцыянтам. Флойд некалькі разоў паўтарае, што яму цяжка дыхаць і ён задыхаецца. Флойд пры затрыманьні ня быў узброены, а прычынай яго затрыманьня было падазрэньне ў тым, што ён падрабіў дакумэнты.
  • Чатырох паліцыянтаў, якія затрымалі Флойда, звольнілі з паліцыі, пасьля таго як ФБР пачало расьсьледаваньне сьмерці афраамэрыканца. Пакараць паліцыянтаў у крымінальным парадку запатрабаваў таксама мэр Мінэапалісу Джэйкаб Фрэй. Дзеяньні паліцыі асудзілі вядомыя грамадзкія дзеячы і палітыкі, галоўным чынам дэмакраты.
  • Гібель цемнаскурых ад рук белых паліцыянтаў у апошнія гады нярэдка станавілася прычынай масавых акцый пратэсту і беспарадкаў. Цяперашнія падзеі ў Мінэапалісе нагадалі камэнтатарам пра забойства Эрыка Гарнэра ў 2014 годзе ў Нью-Ёрку. Пасьля гэтага забойства пашырыўся рух Black Lives Matters, галоўным патрабаваньнем якога стаў пратэст супраць бескантрольнага прымяненьня зброі паліцыяй супраць афраамэрыканцаў.