Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беспарадкі ў ЗША: у 25 гарадах увялі надзвычайнае становішча


Пратэсты ў Нью-Ёрку
Пратэсты ў Нью-Ёрку

Хваля гвалту пасьля закалотаў у Мінэапалісе накрыла Атлянту, Портлэнд, Оклэнд, Нью-Ёрк, Вашынгтон і іншыя гарады па ўсёй краіне, паведамляе «Голас Амэрыкі».​ У 25 буйных гарадах уведзена надзвычайная становішча.

Спачатку ў Мінэапалісе мірныя пратэсты перайшлі ў гвалт з разрабаваньнем гандлёвых цэнтраў і падпалам паліцэйскага пастарунку. Затым у Атлянце пагромнікі разьбілі паліцыйныя машыны і ўваход у будынак штаб-кватэры тэлеканалу CNN. У Портлэндзе пратэстоўцы ўварваліся ў паліцэйскі пастарунак. А ў Вашынгтоне насупраць Белага дому сабраліся сотні людзей, якія скандавалі праклёны на адрас прэзыдэнта Дональда Трампа.

Пратэстоўцы каля Белага дому ў Вашынгтоне, 30 траўня
Пратэстоўцы каля Белага дому ў Вашынгтоне, 30 траўня

Падставай для масавых выступаў стала сьмерць 25 траўня ў Мінэапалісе (Мінэсота) Джорджа Флойда — афраамэрыканца, які загінуў пры затрыманьні паліцыянтамі ў Мінэапалісе. Яго падазравалі ў выкарыстаньні фальшывай купюры ў 20 даляраў. Флойд памёр пасьля таго, як яго прыціснуў каленам белы паліцыянт Дэрэк Шовэн. Толькі праз тры дні пасьля здарэньня Шовэна звольнілі і выставілі абвінавачаньне ў ненаўмысным забойстве, што пагражае пазбаўленьнем волі тэрмінам да 25 гадоў. У адносінах да трох іншых паліцыянтаў, якія ўдзельнічалі ў арышце, працягваецца расьследаваньне. ​

Аднак сытуацыю ўскладняе эканамічны крызіс, выкліканы пандэміяй каранавірусу і імклівым ростам беспрацоўя.

На раніцу 31 траўня камэнданцкую гадзіну ўвялі ў 25 буйных гарадах ЗША: Лос-Анджэлесе і Бэвэрлі-Гілз (штат Каліфорнія), Дэнвэры (Каларада), Маямі (Флорыда), Атланта (Джорджыя), Чыкага (Ілінойс), Луісвіл (Кентукі), Мінэапаліс і Сэнт-Пол (Мінэсота), Рочэстэр (Нью-Ёрк), Цынцынаці, Каламбус, Дэйтан, Таледа і Кліўленд (штат Агаё), Портлэнд і Юджын (штат Орэган), Філядэльфія і Пітсбург (штат Пэнсыльванія), Чарлстан і Калюмбія (штат Паўднёвая Караліна), Нэшвіл (Тэнэсі), Солт-Лэйк-Сіці (Юта), Сіэтл (Вашынгтон), Мілуокі (Вісконсін).

Пратэстоўцы ў Вашынгтоне
Пратэстоўцы ў Вашынгтоне

Неспакойнай выдалася ноч і ў цэнтры сталіцы краіны — побач зь Белым домам сабраўся натоўп пратэстоўцаў, якія скандавалі праклёны ў адрас адміністрацыі. Некалькі чалавек паспрабавалі прарвацца скрозь бар’еры, выстаўленыя Сакрэтнай службай уздоўж Пэнсыльванія-авэню, кідалі бутэлькі, цэглу, камяні і піратэхнічныя сродкі ў паліцэйскіх.

У прэс-рэлізе Сакрэтнай службы паведамляецца, што арыштаваныя 6 чалавек, якія ўдзельнічалі ў дэманстрацыях у парку Лафает і ўздоўж Пэнсыльванія-авэню, паблізу Белага дому.

Нікому з удзельнікаў беспарадкаў не ўдалося пераадолець агароджу Белага дому, аднак шмат афіцэраў і спэцагентаў Сакрэтнай службы параненыя, гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Генэральны пракурор ЗША: пратэст кантралююць «радыкалы і агітатары»

Генэральны пракурор ЗША Уільям Бар заявіў у суботу, што «радыкалы і агітатары» захапілі кантроль за акцыямі пратэсту ў амэрыканскіх гарадах:
«Групы іншых радыкалаў і агітатараў выкарыстоўваюць сытуацыю, каб перасьледаваць свае ўласныя інтарэсы, зьвязаныя з гвалтам», — сказаў Бар.

Улады штатаў Мінэсота, Джорджыя, Агаё, Каларада, Вісконсін, Кентукі, Юта, Тэхас, а таксама сталічнай акругі Калюмбія змабілізавалі аддзелы Нацыянальнай гвардыі ЗША, каб забясьпечыць парадак на вуліцах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG