Ці ўзьняў Ціханоўскі Беларусь? Падзеі 31 траўня ў аналізе Дракахруста і Цыганкова

Чарга да пікету Сьвятланы Ціханоўскай у Менску, 31 траўня 2020

Якой была грамадзкая рэакцыя на затрыманьне Сяргея Ціханоўскага? Людзі выказваюць пратэст, падпісваючыся за Ціханоўскую і іншых кандыдатаў — ці гатовыя яны да нейкіх іншых дзеяньняў? Як ставяцца адзін да аднаго прыхільнікі Ціханоўскага, Бабарыкі і Цапкалы?

Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Свабоды Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры гадзіны ў чарзе, каб аддаць подпіс. Пікеты і затрыманьні 31 траўня. Сьцісла пра галоўнае. ФОТА і ВІДЭА

Сьцісла

  • На Камароўцы зьбіралі подпісы і Бабарыка і Казлоў, але менавіта падпісацца за Ціханоўскую чарга расьцягнулася амаль на кілямэтар
  • Пакуль ніякія палітычныя лідэры не заклікаюць да нейкіх радыкальных дзеяньняў, таму пакуль мы бачым толькі легальную форму пратэсту
  • Пакуль гэта ўсё яшчэ проста збор подпісаў, хаця ў такой форме людзі відавочна выказваюць свой пратэст і абурэньне, а ня проста «падпісваюцца»
  • Значная частка людзей настроеная больш радыкальна, чым палітычныя лідэры
  • Для людзей, якія прыходзяць падпісвацца, усе альтэрнатыўныя кандыдаты — «свае»
  • Цапкала, які ў першыя дні сваёй кампаніі гаварыў пераважна пра рэформы і Сынгапур, цяпер ужо пачаў даваць зьедлівыя камэнтары наконт «козачак і каровак» Лукашэнкі
  • У кожны момант можа здарыцца, што людзі ня толькі будуць нешта крычаць, а могуць сілавым чынам адказаць міліцыі
  • Гэтая кампанія ўжо вельмі адрозьніваецца ад усіх папярэдніх

Дракахруст: 2 дні таму быў затрыманы блогер Сяргей Ціханоўскі. Сёньня ўва ўсёй Беларусі прайшлі акцыі ў яго падтрымку. У Менску быў затрыманы Мікола Статкевіч, яшчэ шэраг актывістаў былі затрыманыя ў сталіцы і ў іншых гарадах краіны.

Многія былі абураныя той правакацыяй, якую ўчынілі адносна Ціханоўскага, анансаванай Лукашэнкам за некалькі гадзінаў. Але прагучала і думка, што ўлада не пераймаецца: брудна зроблена, крыва зроблена — а няважна. Так нават лепш. Як казаў расейскі філёзаф ХІХ стагодзьдзя Канстанцін Лявонцьеў, Расея мусіць кіраваць бессаромна. Магчыма, беларуская ўлада кіруецца гэтым прынцыпам адносна Беларусі. Эфэкт вымяраецца вынікам. Вы, Віталь, бачылі, як гэта адбывалася сёньня ў Менску, сачылі за рэпартажамі нашых калегаў з рэгіёнаў. І які вынік?

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: На Камароўцы зьбіралі подпісы і Бабарыка, і Казлоў, але менавіта падпісацца за Ціханоўскую чарга дайшла ад Камароўкі да вуліцы Якуба Коласа, расьцягнуўшыся амаль на кілямэтар. Амаль усе гэтыя людзі былі ў масках — я думаю, гэтым яны наўмысна паказвалі сваю цывілізаванасьць і сур’ёзнае стаўленьне да праблемы каранавірусу. Сёньня больш, чым раней, было людзей зь бел-чырвона-белай сымболікай. Людзі разумеюць, што Ціханоўскую могуць не зарэгістраваць. Але яны палічылі неабходным прыйсьці, стаць у гэтую чаргу, каб прадэманстраваць сваё абурэньне і сваю салідарнасьць.

Дракахруст: Тое, што вы назіралі сёньня, гэтая чарга — гэта была рэакцыя на затрыманьні ў Горадні, пратэстам супраць гэтых затрыманьняў?

Цыганкоў: Тут, як мне падаецца, два матывы. Першы — дастала гэтае жыцьцё і гэты кіраўнік. Другі — выказаць абурэньне тым, што адбываецца апошнія дні, абурэньне затрыманьнем Ціханоўскага. Пакуль ніякія палітычныя лідэры не заклікаюць да нейкіх радыкальных дзеяньняў, таму пакуль мы бачым толькі такую форму пратэсту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбарчыя пікеты альтэрнатыўных кандыдатаў у Менску і Берасьці. Сем гадзінаў ВІДЭА

Дракахруст: Гэта было рэакцыяй на затрыманьне Ціханоўскага ці проста працягам збору подпісаў?

Цыганкоў: Сёньняшняя чарга была рэкордна вялікая. Натуральна, значная частка людзей прыйшла менавіта ў сувязі з апошнімі навінамі. Пакуль гэта ўсё яшчэ проста збор подпісаў, хаця ў такой форме людзі відавочна выказваюць свой пратэст і абурэньне, а ня проста «падпісваюцца». І мяне ўражвае, што людзі гатовыя прастаяць 2-3 гадзіны — толькі для таго, каб зрабіць гэты свой грамадзянскі ўчынак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці здолее народ абараніць Ціханоўскага

Дракахруст: Якія суадносіны кампаніяў, электаратаў розных кандыдатаў? Да затрыманьня Ціханоўскага Валер Цапкала і Віктар Бабарыка як бы не зважалі на кампанію Ціханоўскага. Пасьля затрыманьня блогера Валер Цапкала падпісаўся за Ціханоўскую, ён і Віктар Бабарыка выступілі з асуджэньнем затрыманьня Ціханоўскага. Як прыхільнікі Бабарыкі і Цапкалы ставяцца да прыхільнікаў Ціханоўскага і наадварот?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Глядзіце, якія чэргі стаялі да пікетаў па ўсёй Беларусі. ВІДЭА

Цыганкоў: Як мне падаецца, на сёньня значная частка людзей больш радыкальна настроеная, чым палітычныя лідэры. Таму яны выбіраюць «сваім» кандыдатам менавіта Ціханоўскага. Па-мойму, сёньня для тых людзей, якія прыходзяць падпісвацца, усе альтэрнатыўныя кандыдаты — «свае». Я бачыў, як людзі, пастаяўшы падпісацца за Ціханоўскага, потым ставалі ў меншую чаргу, падпісацца за Бабарыку.

І, як мне падаецца, і «памяркоўныя» кандыдаты адчулі, што ў гэтай выбарчай кампаніі людзі патрабуюць ня нейкіх праграмаў рэформаў, не геапалітычнага выбару, а проста вызначэньня наконт таго, «за» ці «супраць» Лукашэнкі. Напрыклад, той самы Цапкала, які ў першыя дні сваёй кампаніі гаварыў пераважна пра рэформы і Сынгапур, цяпер ужо пачаў даваць зьедлівыя камэнтары наконт «козачак і каровак» Лукашэнкі.

Юры Дракахруст

Дракахруст: Віталь, гэтая чарга, якую вы назіралі на Камароўцы, — гэта хто пераважна: крэатыўная кляса, пралетарыят, бюджэтнікі?

Цыганкоў: Самыя розныя людзі, самых розных пластоў. Але пераважна маладыя, ад 20 да 40 гадоў — відавочная большасьць. Пераважна расейскамоўныя, гэта не палітычныя актывісты. Гэта пераважна новыя для палітыкі людзі, часам яны прызнаюцца журналістам, што выйшлі на пратэст упершыню ў жыцьці.

Дракахруст: Незадавальненьне людзей вылілася ў канвэнцыйнай форме выбарчай кампаніі. А наколькі моцная ў людзей злосьць, гатовасьць да больш рашучых дзеяньняў?

Цыганкоў: Мне здаецца, атмасфэра наэлектрызаваная, на мяжы. У кожны момант можа здарыцца, што людзі ня толькі будуць нешта крычаць, а могуць сілавым чынам адказаць міліцыі. Мы ўжо бачылі, як людзі ў Горадні расхіствалі тую міліцэйскую машыну. Я думаю, што гэта людзі таго кшталту, якія выходзілі на антыдармаедзкія пратэсты ў 2017 годзе, якія выходзяць ад злосьці і адчаю. Нельга сказаць, якая частка гэтых людзей настроеная дастаткова радыкальна, але тое, што яны зьявіліся, гэта факт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкала расказаў, за што яго звольніў Лукашэнка, і асудзіў затрыманьне Ціханоўскага

Дракахруст: Усё будзе як заўжды — як у 2001-м, 2006-м, 2010-м — такую думку можна пачуць пра сёлетнюю кампанію. Ці так гэта? Чым атмасфэра сёлетняй кампаніі адрозьніваецца ад папярэдніх?

Цыганкоў: Яшчэ восеньню, калі для большасьці палітыкаў і аналітыкаў было відавочна, што выбары ня будуць несьці ніякай інтрыгі — я з гэтым спрачаўся, бо бачыў 2 рэчы: падзеньне папулярнасьці Лукашэнкі і эканамічныя праблемы, якія не вырашаюцца. І цяпер, як мне падаецца, гэтая кампанія ўжо вельмі адрозьніваецца ад усіх папярэдніх.

Па-першае, ад 2001 году не было такіх кандыдатаў, як Цапкала і Ціханоўскі. Па-другое, фэномэн Ціханоўскага. Блогераў было шмат, быў, напрыклад, Максім Філіповіч — але гэта было не падчас выбараў. А тут, зь Ціханоўскім, усё супала. І гэта не «праект», самі людзі нарадзілі гэты праект, яны самі штурхалі Ціханоўскага ў кожным стрыме да больш актыўных і палітычных дзеяньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На гэтых выбарах засталася толькі адна ідэя, адзін лёзунг, адна праграма