«Ніякія праплачаныя палітычныя праекты і амбіцыі не павінны ставіць пад пагрозу мірнае жыццё людзей»
«Сэнатарка» ад Менску Марына Ільіна апублікавала ў фэйсбуку допіс, у якім абураецца пікетам з удзелам Сяргея Ціханоўскага ў Горадні.
«Калі чалавек імкнецца ў вялікую палітыку, то ён павінен перш за ўсё думаць пра бясьпеку тых акцый, якія ён праводзіць. Я думала, што пікеты можна выкарыстоўваць не толькі для збору подпісаў, але і для зносін ініцыятывай групы з патэнцыяльнымі выбаршчыкамі. Чаму некаторыя ініцыятыўныя групы так выбарачна маюць зносіны з народам. Я не хачу паўтарэньня сцэнарыяў масавых беспарадкаў як ва Украіне падчас перадвыбарнай кампаніі. Я хачу спакойна хадзіць па горадзе і адпускаць сваіх дзяцей бяз боязі».
Ільіна атрымала больш за тысячу камэнтароў — пераважна крытычных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пахвілінна. Як затрымлівалі Ціханоўскага ў ГорадніКіраўнік Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі Дзьмітры Варанюк на сваёй старонцы «ЎКантакце» выказаўся ў падтрымку словаў Ільіной.
«Не магу прайсьці міма дзясятка ботаў, якія спрабуюць ачарніць уладу і маю калегу з Савета Рэспублікі. Што робіцца са зварʼяцелым электаратам сумнеўнага кандыдата? — напісаў ён. — Іншых слоў падабраць пра кампанію Ціханоўскага не магу. Калі ён прывозіць на пікеты па 20-50 чалавек і выстройвае іх у чаргу, калі не можа адказаць ні на адно нязручнае пытаньне, называючы гэта правакацыяй? Дазваляе сабе абражаць людзей?»
Пад гэтым допісам Варанюка камэнтары не дазволеныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС паведаміў пра крымінальную справу за гвалт супраць міліцыянтаў пасьля затрыманьня Ціханоўскага з паплечнікаміІншы член Савету Рэспублікі, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц заявіў у інтэрвію БелТА, што «арганізатары незаконных палітычных акцый парушаюць правы мірных грамадзян».
«Акцыі, якія праходзяць у гэты час, незаконныя. Іх арганізатары парушаюць правы мірных людзей. Збор подпісаў павінен строга адпавядаць заканадаўству. І ня толькі выбарчаму», — сказаў ён.
«Калі чалавек парушае закон, правы іншых асоб, то праваахоўныя органы павінны гэта спыняць», — дадаў Чайчыц.
А старшыня Менгарвыканкаму Анатоль Сівак у інтэрвію АНТ заявіў, што збор подпісаў не павінны ператварацца ў масавыя мерапрыемствы.
«Ніякія праплачаныя палітычныя праекты і амбіцыі не павінны ставіць пад пагрозу мірнае жыццё людзей», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкала расказаў, за што яго звольніў Лукашэнка, і асудзіў затрыманьне Ціханоўскага ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка: магчымасьць сумленных выбараў пад пагрозайПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.