Двух менчукоў асудзілі за камэрцыйны шпіянаж на 2 гады з адтэрміноўкай

Ілюстрацыйнае фота

Суд Партызанскага раёну Менску прызнаў двух чалавек вінаватымі ў камэрцыйным шпіянажы і асудзіў на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады, піша Генэральная пракуратура.

Цягам двух гадоў іхныя паводзіны будуць кантраляваць, але за краты не пасадзяць, калі асуджаныя ня будуць парушаць парадку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У найбуйнейшага дзяржаўнага перавозчыка два гады выкрадалі інфармацыю. Справа ў судзе

Як выявіла пракуратура, ад кастрычніка 2015 году па люты 2018-га падсудныя атрымлівалі несанкцыянаваны доступ да базы зьвестак «Белмытсэрвісу» — спачатку выкарыстоўвалі логін і пароль трэцяй асобы, затым стварылі і выкарыстоўвалі кампутарныя праграмы для капіяваньня інфармацыі з базы.

З гэтай базы яны бралі зьвесткі аб мытных дэклярацыях кампаніяў «у сфэры замежнаэканамічнай дзейнасьці», перадавалі іх прадстаўніку кампаніі ViM Inion, ацэньвалі рызыкі дамоўных адносінаў, вызначалі таваразварот кампаніяў — і пераваблівалі буйных кліентаў. Прадстаўнікі ViM Union тэлефанавалі на прадпрыемствы і прапаноўвалі свае паслугі на больш выгадных умовах, скарыстаўшы зьвесткі, якія былі камэрцыйнай тайнай.

Абвінавачаныя М. і С. прызналі сваю віну, прысуд набыў законную моц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вызваліць у залі суду» — пастаўлена кропка ў працэсе аб камэрцыйным шпіянажы супраць «Белмытсэрвісу»

У студзені быў абвешчаны іншы прысуд у справе аб крадзяжы закрытых зьвестак з базы «Белмытсэрвісу»: намесьнік дырэктара «МаналітПрамінвест» у інфармацыйных тэхналёгіях Канстанцін Мароз асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 3 гады, супрацоўнік фірмы Сяргей Суравіцкі — на 4 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай таксама на 3 гады.

Паводле сьледзтва, зь Сяргеем Суравіцкім і Канстанцінам Марозам быў зьвязаны трэці фігурант, Дзьмітры Дашук, які ў 2018 годзе затрымалі ва Ўкраіне на запыт беларускіх праваахоўнікаў. Справа Дашука выдзеленая ў асобную вытворчасьць. Свабода даведалася, што ва Ўкраіне Дашуку ўвосень 2019 году хатні арышт замянілі на падпіску аб нявыезьдзе.

Страты, нанесеныя праз камэрцыйны шпіянаж арганізацыі «Белмытсэрвіс», сьледзтва тады ацэньвала больш як у 600 тысяч рублёў.