У Менску 29 траўня прагучалі апошнія званкі, пасьля гэтага заняткаў ня будзе. У рэгіёнах Беларусі яны пройдуць заўтра, 30 траўня. У некаторых школах апошні званок сёлета прагучаў онлайн.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Сёлета Міністэрства адукацыі Беларусі рэкамэндавала школам не праводзіць выпускных лінеек праз эпідэмічную сытуацыю. Аднак рэкамэндацыяй скарысталіся ня ўсе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады далі адказ на пэтыцыю за адстаўку міністра адукацыі Карпенкі, якая сабрала 5000 подпісаўУ гімназіі №23 у Менску сёлета выпускаецца адна кляса, фармат імпрэзаў з нагоды канца заняткаў істотна зьмяніўся. Урачыстая цырымонія сёлета праходзіць онлайн, сказала дырэктарка гімназіі Ірына Пасюкевіч.
У 19-й і 91-й сярэдніх школах ад урачыстых падзей сёлета адмовіліся.
«Зайшлі ў клясу, павіншавалі, у званочак пазванілі — і ўсё. Але дзяцей сёньня вельмі мала», — расказалі ў прыёмнай сярэдняй школы №91 гораду Менску пра свой апошні званок.
Міністэрства адукацыі Беларусі рэкамэндавала школам ня ладзіць сёлета выпускных лінеек, а ўсе сьвяточныя імпрэзы з нагоды заканчэньня навучальнага году правесьці 10-11 чэрвеня разам з уручэньнем атэстатаў.
«Гэта наша рэкамэндацыя, а вырашаць адміністрацыям школаў. Калі яны вырашаць праводзіць лінейкі, то трэба рабіць іх з захаваньнем санітарных стандартаў падчас эпідэміі», — патлумачыла Свабодзе прэсавая сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая. На яе думку, лінеек у школах Беларусі сёлета амаль ня будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вучняў рассадзяць па адным, настаўнікі будуць у масках, — Міністэрства адукацыі пра школьныя іспыты падчас пандэміі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Безь першаклясьніка са званочкам і прыгожых сукенак: як і калі пройдуць апошнія званкі і выпускныяШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.