Чаму патэнцыйныя кандыдаты ігнаруюць беларускую мову

Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў за Віктара Бабарыку

Сьцісла:

  • Мізэрная прысутнасьць беларускай мовы ў перадвыбарчых выступах — часта тактычны ход;
  • Прэтэндэнтам на кандыдацтва важна мабілізаваць «шэрую зону» электарату;
  • У Беларусі сфармаваўся «трэці этнас» — не расейцы, не савецкія, але далёкія ад беларускасьці;
  • У выпадку рэгістрацыі кандыдатамі ўдзельнікі выбараў могуць выкарыстоўваць беларускую мову актыўней;
  • Бязь зьмены ўлады беларуская мова разьвіцьця не атрымае.

Свабода адсачыла ўжываньне беларускай мовы ў кампаніях усіх зарэгістраваных прэтэндэнтаў на кандыдацтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Які патэнцыйны кандыдат самы беларускамоўны?

Беларуская мова на цяперашнім этапе перадвыбарчай кампаніі практычна не гучыць з вуснаў асноўных прэтэндэнтаў. Пад асноўнымі я маю на ўвазе тых, хто прыцягвае найбольшую ўвагу публікі. Гэта Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, які ўдзельнічае ў перадвыбарчым працэсе праз асобу сваёй жонкі Сьвятланы, а таксама Валер Цапкала. Ад гэтых пэрсонаў чакаюць у блізкай будучыні чагосьці дадатковага, апроч удзелу ў выбарах. (Ці то стварэньня партыі або руху, ці вываду людзей на вулічны пратэст.)

У сацсетках я раз-пораз ужо бачу расчараваньне адсутнасьцю беларускай мовы. Напрыклад: «Сярод гора-кандыдатаў няма ніводнага беларускамоўнага». Людзі традыцыйна блытаюць прэтэндэнцтва і кандыдацтва. Яшчэ ня факт, што зарэгіструюць самых раскручаных. Магчыма, калі прэтэндэнты будуць зарэгістраваныя як кандыдаты, іх рыторыка будзе падкарэктаваная, і вось чаму.

Пакуль мы назіраем тэхнічныя дзеяньні прэтэндэнтаў. Адрозьненьне ад кандыдатаў — у тым, што прэтэндэнтам важна мабілізаваць як мага больш прыхільнікаў. А за галасы яны пачнуць змагацца толькі пасьля рэгістрацыі кандыдатамі. Магчыма, нейкі адсотак агітацыі яны зробяць па-беларуску адмыслова для тых, каму нацыянальная ідэя важная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ставяцца, як да Зяленскага ва Ўкраіне». Удзельнік прэзыдэнцкай гонкі Алесь Таболіч прасоўвае нацыянальную ідэю

Нічога асабістага — гэта палітыка. А жывой палітыкі беларусы даўно ня бачылі... У кожнага свой адлік. Я, напрыклад, мяркую, што апошнія палітычныя працэсы мы назіралі перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 году. У кожным разе, рэальнай палітыкі беларускія грамадзяне ня бачылі даўно, некаторыя — ніколі.

Мне падаецца, што прэтэндэнты ды іх кансультанты ў справе паліттэхналёгій могуць карыстацца такім падыходам. «Беларускамоўныя», ці, дакладней, нацыянальна арыентаваныя грамадзяне і так супраць Лукашэнкі. Бо Лукашэнка ўсё нацыянальнае сыстэмна прыціскаў. А заваяваць трэба вялікую колькасьць «шэрай зоны» грамадзкага жыцьця. Гэта людзі, якія «палітыкай не цікавяцца», якія традыцыйна ажыўляюцца, толькі калі пусьцеюць лядоўні.

Яшчэ важны момант. Многія ў Беларусі ня хочуць прызнаваць наяўнасьць свайго кшталту «трэцяга этнасу». Паводле старой звычкі дзеляць на «беларусаў» і «савецкіх». Але СССР ужо хутка трыццаць гадоў як няма. У Беларусі і праўда сфармаваліся свайго кшталту «рускаязычныя Прыбалцікі», толькі не прыежджыя, а свае айчынныя. Гэта людзі, гадаваныя ў расейскай масавай культуры, далёкія ад беларускай нацыянальнай ідэі. Гэта яны абсалютна адкрыта і нават пераканана заяўляюць, што беларуская мова не патрэбная, і вельмі зьдзіўляюцца, калі сустракаюць адпор у сацыяльных сетках. У іх сьвеце беларускай мовы і праўда не існуе. І гэта таксама выбарцы.

Таму тэхнічна цяпер прэтэндэнтам трэба ахапіць і перацягнуць на свой бок як мага большы спэктар электарату. «Мы ня любім Лукашэнку, але баімся нацыяналістаў» — гэта вялікі пласт людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэсьць патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта адкрылі выбарчыя рахункі

Што далей? Прэтэндэнты на прэзыдэнцтва могуць зьмяняцца. У інтэрвію Свабодзе Віктар Бабарыка ўжо паспрабаваў адказваць па-беларуску. «Віктар Бабарыка на першай дзяржаўнай мове адказваў на пытаньні Свабоды на прыступках Дому ўраду пасьля рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы ў ЦВК». Можа нават першы раз у жыцьці.

Сучасныя тэхналёгіі дазваляюць вельмі дакладна сэгмэнтаваць аўдыторыю ў сацыяльных сетках, а цяперашняя электаральная кампанія будзе адбывацца найперш у сеціве, балазе сацсеткамі карыстаецца вялікі працэнт грамадзян. Наагул, беларуская мова ў інтэрнэце значна больш пашыраная, чым у рэальным жыцьці. Магчыма, праз шлейф «апазыцыйнасьці». «Мы не апазыцыя, мы альтэрнатыва», — на розныя лады падкрэсьліваюць многія прэтэндэнты. Гульня словаў, гульня сэнсаў.

У кожным разе, я б ня надта эмацыйна ставіўся да малой долі беларускай мовы ў сёлетнім палітычным шоў. У больш-менш дэмакратычнай Беларусі беларуская мова як мінімум перастане дыскрымінавацца. А як максымум — атрымае прэфэрэнцыі. Але для гэтага ўлада мусіць зьмяніцца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.