5,8 мільярдаў рублёў — гэта чыстыя страты ўсіх буйных і сярэдніх прадпрыемстваў Беларусі са студзеня па красавік 2020 году. Летась за такі ж пэрыяд яны спрацавалі з чыстым прыбыткам у 3,1 мільярда рублёў. Глядзім, чаму так атрымалася і каго напаткаў найбольшы крызіс.
БелАЗ: са студзеня выпуск самазвалаў скараціўся ў 2,5 раза
Сёлета ў красавіку БелАЗ выпусьціў усяго 29 кар’ерных самазвалаў, падлічвае Белстат). У леташнім красавіку завод выпусьціў 72 самазвалы, а ў красавіку 2018-га — 83. Выпуск гэтай прадукцыі падае 14 месяцаў запар.
БелАЗ — горадаўтваральнае прадпрыемства ў Жодзіне. На сакавік чыстыя страты ўсіх прадпрыемстваў Жодзіна складалі 17 мільёнаў рублёў. Летась у такі ж пэрыяд прадпрыемствы гораду мелі прыбытак 53 мільёны рублёў.
Нафтаперапрацоўка: даўгі і страты
Прадпрыемствы Наваполацку на пачатку году (студзень-люты) спрацавалі са стратамі ў 28 мільёнаў рублёў. Летась у гэты пэрыяд іх прыбытак быў 22,6 мільёна рублёў. Асноўныя прадпрыемствы гораду — «Нафтан» і «Палімір». Па крэдытах прадпрыемствы гораду вінаватыя 14,5 мільёна рублёў.
Гэтыя праблемы зьвязаныя не з пандэміяй (бо пачаліся раней), а зь перабоямі ў пастаўках нафты.
«Тут згуляла больш не закрыцьцё межаў, а фактары адсутнасьці паставак расейскай нафты, гэта тычыцца і нафтаперапрацоўкі, транспарту», — мяркуе старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.
Дрэваапрацоўка, вытворчасьць паперы і бэтону: пастаянныя крэдыты ад дзяржавы
Апроч прадпрыемстваў, якія трапілі ў крызіс праз вонкавыя фактары часова, некаторыя гульцы беларускай прамысловасьці гадамі бяруць крэдыты ад дзяржавы, але зь мінусаў не выходзяць.
Згодна з пастановай Савету Міністраў ад 14 красавіка гэтага году павялічылася доля дзяржавы ў статутных фондах 5 прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі і некалькіх заводаў, якія вырабляюць бэтон і прадукты зь яго.
Гэта значыць, прадпрыемствы аказалі падтрымалі фінансава чарговы раз. Напрыклад, «Івацэвічдрэў» атрымаў 14 мільёнаў рублёў падтрымкі, «Гомельдрэў» — 1,1 мільёна рублёў, Беларускі цэмэнтны завод — 4,8 мільёна.
Страты ўсіх заводаў дрэваапрацоўкі за 2018 год — 256 мільёнаў рублёў. Усяго дзяржава патраціла на мадэрнізацыю дрэваапрацоўкі больш за 1 мільярд даляраў.
Паводле афіцыйнага парталу (https://portal.gov.by/), на якім публікуюцца справаздачы аб фінансавай дзейнасьці прадпрыемстваў, усе 9 дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў завяршылі 2018 год з чыстымі стратамі. Напрыклад, «Барысаўдрэў» спрацаваў са стратамі на 17 мільёнаў рублёў, «Віцебскдрэў» — на 16 мільёнаў.
Касьцюковіцкі цэмэнтны завод, які дзяржава таксама падтрымала, скончыў 2019 год са стратамі ў 8,9 мільёна рублёў. Чыстыя страты Касьцюковіцкага раёну за 2 першыя месяцы гэтага году (яшчэ пры адкрытых межах) — 42,7 мільёна рублёў, пры стратах у 9,7 мільёна летась за такі ж пэрыяд.
«Прадпрыемствы, якія рэгулярна падтрымліваюцца зь бюджэту, наносяць страты ўсім падаткаплатнікам. Такія прадпрыемствы трэба рэструктурызаваць, перапрафіляваць ці наогул закрываць. Але ў Беларусі прынята палітычнае рашэньне іх падкормліваць зь бюджэту», — падсумоўвае Вадзім Іосуб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта проста адпіска». Чым дапаможа бізнэсу ўказ Лукашэнкі «Аб падтрымцы эканомікі»
«Гомсельмаш»: запазычанасьці і страты
Чыстыя страты ўсіх прамысловых арганізацый Гомля за студзень-люты гэтага году — 80 мільёнаў рублёў. Летась за такі ж пэрыяд яны спрацавалі ў плюс на 155 мільёнаў. Адно з асноўных прадпрыемстваў — «Гомсельмаш», які вырабляе камбайны. У першым квартале гэтага году выраб камбайнаў зьмяншаецца. Мінулы год «Гомсельмаш» завяршыў са стратамі ў 30,8 мільёна рублёў.
Запазычанасьць беларускіх прадпрыемстваў сёлета павялічылася на 18,4% з пачатку году. Па крэдытах яны вінаватыя 51,8 мільярда рублёў.
Міністэрства эканомікі: паўплываў сусьветны крызіс, пандэмія і падзеньне цэнаў на нафту
У Міністэрстве эканомікі ў адказ на запыт Свабоды паведамілі, што на працу беларускіх прадпрыемстваў у першым квартале гэтага году паўплываў «сусьветны фінансава-эканамічны крызіс, падзеньне цэнаў на нафту і пандэмія COVID-19, якая ўзмацніла нэгатыўны эфэкт першых двух фактараў».
Паводле міністэрскіх спэцыялістаў, гэта абумоўлена «экспартнай арыентацыяй беларускай эканомікі».
«Па-першае, карантынныя захады, зробленыя нашымі гандлёвымі партнэрамі, прывялі да звужэньня традыцыйных рынкаў збыту для айчынных тавараў. Па-другое, на фінансавыя вынікі паўплывалі атрыманыя прадпрыемствамі страты ў выніку пераацэнкі актываў і абавязаньняў у замежнай валюце. Па-трэцяе, складаная эпідэміялягічная сытуацыя абумовіла падзеньне ўнутранага попыту, якое, у першую чаргу, адбілася на сфэры паслуг (турызм, транспарт, гатэльны бізнэс, сфэры вольнага часу і грамадзкага харчаваньня)», — паведамілі ў Міністэрстве эканомікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі страцяць даход, гэта рызыка»: Чаму беларускія банкі спыняюць выдачу крэдытаў і калі гэта зьменіцца
Пры гэтым у міністэрстве чакаюць паляпшэньня сытуацыі, бо краіны паступова пачынаюць адмяняць карантыны.
«У гэты момант мы назіраем паступовае паслабленьне карантынных захадаў у краін-партнэрак, што павінна аказаць пазытыўны ўплыў на вынікі замежнага гандлю і фінансавае становішча айчынных прадпрыемстваў. Адначасова ўрад прымае меры, каб паскорыць аднаўленьне эканомікі», — адказваюць у Міністэрстве эканомікі Беларусі.
І дадаюць, што «прадпрыемствам неабходна павышаць эфэктыўнасьць працы, зьніжаць выдаткі і выпускаць канкурэнтаздольныя тавары».