Цэнтральная выбарчая камісія рэкамэндуе сябрам ініцыятыўных груп падчас збору подпісаў насіць маскі і пальчаткі ды захоўваць сацыяльную дыстанцыю. Ці выконваецца гэтая рэкамэндацыя і як да яе ставяцца прэтэндэнты на кандыдацтва ў прэзыдэнты?
Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі >>
Штаб Віктара Бабарыкі: «Маскі і пальчаткі закупілі на сродкі з фонду»
Прэсавы сакратар былога банкіра Сяргей Скляраў на пытаньне пра ўжываньне сродкаў абароны ад каранавірусу падчас збору подпісаў адказаў, што для іх гэта абавязковае правіла. Паводле Сяргея Склярава, сябры ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі разам з пасьведчаньнем зборшчыка подпісаў ды іншымі дакумэнтамі атрымліваюць маску і пальчаткі.
«Маску і пальчаткі мы адразу ўкладаем у тэчку, якую ўручаем сябру ініцыятыўнай групы, а таксама агаворваем зь ім пытаньне аб неабходнасьці прытрымлівацца сацыяльнай дыстанцыі ды іншыя захады, каб якасна і эфэктыўна працаваць ва ўмовах распаўсюду каранавірусу. Калі вы заўважылі, Віктар Дзьмітрыевіч і ягоны штаб на ўсіх адкрытых мерапрыемствах заўсёды ў масках. Мы ставімся да гэтага вельмі сур’ёзна, і сябры ініцыятыўнай групы таксама», — запэўніў прэсавы сакратар Бабарыкі.
У ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі каля 9 тысяч сябраў. Паводле Сяргея Склярава, маскі ды пальчаткі закупленыя для ўсіх валянтэраў на сродкі, сабраныя пад выбарчую кампанію Віктара Бабарыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бел-чырвона-белы сьцяг за Бабарыку і чарга да Ціханоўскай. Як зьбіраюць подпісы
Штаб Сяргея Чэрачня: «Нашы маскі асаблівыя»
На 39 пікетах з заплянаваных 46 ужо зьбіраюць подпісы за лідэра БСДГ прадпрымальніка Сяргея Чэрачня. Паводле прэсавага сакратара ягонага выбарчага штабу Алега Чумакова, зборшчыкі подпісаў абавязкова ўжываюць маскі і пальчаткі, прычым маскі — асаблівага выгляду.
«Мы раней пра гэта паклапаціліся, таму нашы людзі працуюць у адпаведнасьці з рэкамэндацыямі: у масках, пальчатках, захоўваючы дыстанцыю. Прычым маскі ў нас асаблівыя, з выбарчай сымболікай — зь літарамі „Чэ“, іх ні з чым ня зблытаеш», — сказаў Алег Чумакоў.
Паводле прэсавага сакратара, перадвыбарчы штаб Сяргея Чэрачня, каб зьменшыць рызыку захворваньня, большую частку паседжаньняў праводзіць дыстанцыйна, праз праграму «Zoom». Грошы на сродкі абароны ад каранавірусу бяруць з выбарчага фонду меркаванага кандыдата, сказаў Алег Чумакоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пытаньняў больш, чым адказаў». Як будуць назіраць за беларускімі выбарамі падчас пандэміі
Штаб Ганны Канапацкай: «Калі няма людзей побач, могуць маску прыспусьціць»
У ініцыятыўнай групе былой дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай больш за 1300 сябраў. Прэсавы сакратар штабу Тацяна Палякова расказала пра ўбачанае на пікетах па зборы подпісаў за Канапацкую.
«На пікетах усе зборшчыкі заўсёды ў масках і пальчатках. Мы наведваем пікеты і бачым. Маскі каму раздаём, хто прыходзіць са сваімі. Зборшчыкі подпісаў могуць крыху прыспусьціць маску, калі побач няма нікога, бо цяжка ўвесь час, але надзяюць зноў абавязкова, калі падыходзяць людзі. Зборшчыкі ў нас адказныя, нават кантраляваць ня трэба», — сказала прэсавы сакратар штабу Тацяна Палякова.
Паводле рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі здароўя, да маскі нельга дакранацца рукамі. Падрабязьней з правіламі нашэньня маскі можна азнаёміцца тут.
Паводле яе, выкананьне такіх правілаў падчас збору подпісаў прадыктавана ня толькі рэкамэндацыямі ЦВК.
«Сытуацыя выглядае яшчэ цяжкай, ня ведаю, ці можам мы давяраць афіцыйным лічбам. Ёсьць уражаньне, што зь вяршыні мы яшчэ ня зьлезьлі, і таму рызыкаваць нельга», — сказала Тацяна Палякова.
Мікалай Казлоў: «З нашага боку гэта кампанія супраць Лукашэнкі і Ярмошынай»
Паводле лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, маскі і пальчаткі, а таксама сродкі дэзынфэкцыі сябры ягонай ініцыятыўнай групы ўжываюць уласныя. Мікалай Казлоў сабраў невялікую ініцыятыўную групу — у ёй 121 чалавек, і мае намер выкарыстаць збор подпісаў найперш дзеля агітацыйнай кампаніі «супраць Аляксандра Лукашэнкі, Лідзіі Ярмошынай ды іншых».
«Мы ўвогуле лічым, што выбары, якія Лукашэнка зладзіў падчас пандэміі, гэта зь ягонага боку злачынства. На мой погляд, стала відавочна, што ён гатовы ісьці ня проста па галовах, але і па трупах, каб захаваць уладу. А ўсе размовы пра „сацыяльную дзяржаву“, пра „краіну для жыцьця“ — гэта толькі каб захаваць ва ўладзе сябе, сваю сям’ю ды карумпаванае атачэньне. Улада сама не пакінула людзям іншага выйсьця, як вырашаць праблему зьмены ўлады на вуліцы», — мяркуе Мікалай Казлоў.
Лідэр АГП запэўніў, што зборшчыкі подпісаў за ягоную кандыдатуру абавязкова будуць насіць маскі і пальчаткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будуць і маскі, і пальчаткі». Як вылучэнцы ў прэзыдэнты будуць зьбіраць подпісы ва ўмовах пандэмііАндрэй Дзьмітрыеў: «Мы сваіх людзей цэнім»
Па колькасьці сябраў ініцыятыўнай групы ў лідэра грамадзкай кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева трэцяе месца — за яго подпісы зьбіраюць больш за 2300 валянтэраў. Гэта робіцца ня толькі празь пікеты, але і праз сустрэчы з прыхільнікамі, хто даслаў адмысловыя заяўкі, сказаў Свабодзе Андрэй Дзьмітрыеў. Зь ягоных слоў, усе валянтэры забясьпечаныя сродкамі абароны ад вірусу, большасьць за кошт выбарчага штабу. Палітыка вельмі абурае, што дзяржава адмовілася выдзеліць грошы на засьцярогу зборшчыкаў подпісаў ад каранавірусу.
«Пра гэта быў мой першы зварот у ЦВК, каб абарона была забясьпечаная за кошт дзяржавы. Лічу, што праводзіць выбары ў такі час было безадказным рашэньнем, і калі яно прынята, то дзяржава мусіць узяць на сябе ўсе выдаткі на бясьпеку, а не перакладаць іх на кандыдатаў. Тым больш у розных кандыдатаў розныя магчымасьці.
Але ў ЦВК адмовіліся гэта рабіць — безадказная і несумленная пазыцыя. Маўляў, абараняйцеся самі як хочаце, а нас не чапайце, мы самі ні за што адказваць ня будзем. І такую пазыцыю дэманструе ня толькі ЦВК, мы яе бачым і на вышэйшым узроўні дзяржаўнай улады.
Але, у адрозьненьне ад сёньняшняй улады, мы цэнім нашых людзей і знайшлі на гэта сродкі», — сказаў Андрэй Дзьмітрыеў з «Гавары праўду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашэньне масак — асабісты выбар». Праваабаронцы праверылі, ці выконваюць у выбарчых камісіях захады бясьпекі
ЦВК: «Хай прытрымліваюцца»
8 траўня Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў прыняла пастанову № 14, у якой сказана, што «сябры ініцыятыўных груп пры зборы подпісаў прытрымліваюцца рэкамэндацый Міністэрства аховы здароўя па пытаньнях прафіляктыкі каранавіруснай інфэкцыі (ужываньне масак, апрацоўка рук і прадметаў антысэптыкам). На гэтую пастанову ў сваіх інтэрвію спасылалася старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
Паводле Ярмошынай, «тое, што напісана ў нашай пастанове, — гэта ўжо абавязкова, хоць і завецца рэкамэндацыямі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта абавязалі насіць маскі і пальчаткіЦі мае пастанова ЦВК адносна рэкамэндацый Мінздароўя аб ужываньні масак ды іншых сродкаў падчас збору подпісаў абавязковую сілу для ініцыятыўных груп? Дзяжурны юрыст ЦВК таксама лічыць, што так.
«Камісія пастанавіла, што яны прытрымліваюцца — значыць, хай прытрымліваюцца. Магчымасьць стварыць ім фонды далі, хай напаўняюць свае фонды і забясьпечваюць», — сказала карэспандэнту Свабоды дзяжурны юрыст ЦВК.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.