Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта абавязалі насіць маскі і пальчаткі


Ілюстрацыйнае фота. Людзі ў масках на вуліцах Менску
Ілюстрацыйнае фота. Людзі ў масках на вуліцах Менску

Цэнтравыбаркам Беларусі на пасяджэньні 8 траўня зацьвердзіў каляндарны плян прэзыдэнцкіх выбараў, паведамляе агенцтва «Інтэрфакс-Захад».

Паводле старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай,

  • 15 траўня — апошні тэрмін падачы дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп кандыдатаў (іх павінны разгледзець у 5-дзённы тэрмін).
  • 21 траўня — 19 чэрвеня ўключна — збор подпісаў у падтрымку кандыдатаў.

Да 18 траўня мясцовыя выканаўчыя органы вызначаць месцы, дзе можна будзе праводзіць збор подпісаў.

«Абавязкова ў ходзе збору подпісаў павінны выконвацца рэкамэндацыі Міністэрства аховы здароўя. Гэта ўжо правіла, якое ўвайшло ў пастанову ЦВК», — дадала Ярмошына.

Паводле яе, калі эпідэміялягічная сытуацыя ня зьменіцца і Мінздароўя не адменіць свае рэкамэндацыі, «дык калі зьбіральнікі подпісаў будуць бяз масак, пальчатак, гэта будзе падставай для вынясеньня папярэджаньня ініцыятыўнай групе і потым гэта можа стаць падставай у адмове рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты». Таксама зьбіральнікі подпісаў абавязаныя будуць выконваць рэкамэндацыі па выкананьні мераў дыстанцыяваньня, адзначыла старшыня ЦВК у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1».

У сувязі з пандэміяй студэнтам, паводле Ярмошынай, дадуць магчымасьць прагаласаваць па месцы іх сталага пражываньня, «там, дзе яны будуць знаходзіцца ў бацькоў». Тым, хто будзе ў час выбараў на лецішчах, дадуць магчымасьць прагаласаваць у сельсаветах, сельскіх участковых выбарчых камісіях, пры гэтым выкрасьліўшы іх са сьпісаў па пастаянным месцы жыхарства, дадала старшыня ЦВК.

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 9 жніўня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG